— А ўсё ж відаць. Добрага чалавека здалёку відаць.
— Няўжо? А дрэнныя — яны што ж, думаеш, не маскіруюцца? Пад добрых? Як вунь той гад! Ужо такі сімпацяга быў…
— Ты пра каго?
— Усё пра таго ж!
— Што цяпер гаварыць? — пасля нядоўгага роздуму сказала Клава. — Пасля мы ўсе разумныя.
— Вот іменна — пасля. I разумныя, і строгія. А напачатку такія добранькія. Вушы развесілі, а ён — нож у спіну.
— Платонаў і тады гаварыў: ёсць падазрэнне. Але ж доказаў не было.
— Доказаў чакаў! Ну і дачакаўся…
Яны памаўчалі, Ляўчук, адкінуўшыся на локаць, кусаў травіну, увесь час азіраючы сасоннік. I Клава, нешта асіліўшы ў сабе, сказала:
— Канечне, наконт Платонава мы цяпер можам меркаваць па-рознаму. Асуджаць яго. Але як жа яму было? Я памятаю, ён гаварыў мне: нешта нячыста, але як дазнацца? Для гэтага час патрэбен.
— Трэба было шпокнуць абодвух, — з лёгкасцю зазначыў Ляўчук. — А што? Раз сумненне, дык і абодвух. Каб без сумнення. Як кажуць, бабка надвое варажыла: можа, чэсны, а можа і агент.
— Не, так нельга, — ціха сказала Клава. — Вы ўсе ачарсцвелі на гэтай вайне. Яно зразумела, але гэта кепска. Платонаў быў не такі. Ён добры быў, чалавечны… Можа, таму і ў нас з ім усё так выйшла. Ён другога чалавека адчуваў, як самога сябе.
— Во-во-во! — падхапіў Ляўчук і сеў роўна. — Добры! А праз яго добрасць яшчэ невядома, як табе быць. Ды і нам во…
— Што ж, можа быць кепска. I ўсё роўна ён харошы. А дабрата не можа быць кепскай…
— Што ты кажаш! — злосна здзівіўся Ляўчук і ўстаў.— Не можа? Вот глядзі. Я буду добры і хуценька цябе здам куды ў вёску. Якая бліжэй. Ты ж хочаш, каб скарэй куды прыбіцца. Праўда? Каб табе сцішыцца. Вось я цябе і прыстрою. А немцы і схопяць. Дык не, я не добры, я цябе тузаю, во цягну, а ты праклінаеш мяне, праўда? I ўсё ж я мо куды зацягну, дзе спакайней. Дзе ты родзіш па-людску. I прыгледзець дзе будзе каму!
Ён сказаў гэта адным духам, можа занадта запальчыва, і яна змоўчала, не адказала. Але Леўчуку не трэба было ні яе згоды, ні яе пярэчання, ён быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзе. Ён даўно ваяваў і ведаў, што на вайне іншае праўды і не бывае. Нейкая там добрасць — не для вайны. Можа, часам яна і няблага, нават дарэчы, але не тады, калі цябе кожную хвіліну пільнуе куля.
Клава заціхла, думаючы свае нялёгкія думы, а ён босы адышоўся па калючай траве на пагорак, паглядзеў цераз негусты сасоннік уніз, на лугавіну. Здаецца, у тым баку не было ні дарог, ні вёсак, не чутна было ніякага гуку і ніякага знаку прысутнасці ворага, мусіць, яны няблага зашыліся ў лясную глушэчу. Калі б толькі дзе жытло. Ім цяпер патрэбна была якая сядзіба, хутар, якая леснічоўка з людзьмі — без такой дапамогі Клава не магла абысціся. Незалежна ад таго, якія б яны ні былі з ёй добрыя.
Ляўчук ціха прайшоў па пагорку між негустых маладых сасонак, паслухаў і, асцярожна ступаючы, вярнуўся да Клавы. Яна ляжала з заплюшчанымі вачамі, і ён, трошкі здзівіўшыся, успомніў, што яна ўсё яшчэ апраўдвае Платонава, які давёў яе да такога лёсу. Ён ужо мёртвы, а ўсё яшчэ нешта для яе значыць — во як бывае, калі не на жарт пакахаць чалавека.
Ляўчук прысеў трохі вышэй ад яе, цадцягнуў да сябе бліжэй аўтамат. Вельмі хацелася легчы, выпрастаць цела, але ён баяўся незнарок заснуць і не клаўся. Супакоіўшыся, ён пачаў думаць пра іх становішча, пра небараку Ціханава, пра тое, як там блукае недзе яго Грыбаед. I, вядома, пра Клаву.
Наконт Платонава яна, відаць, мела рацыю, той сапраўды быў чалавек на дзіва ўраўнаважаны, добразычлівы і не па-вайсковаму спакойны. Ляўчук ведаў яго яшчз з даваеннага часу, калі яны разам служылі ў Гродні,— Ляўчук камандзірам аддзялення сувязі, а капітан Платонаў — ПНШ палка па разведцы. Пасля разгрому палка і акружэння Ляўчук перабыў першую зіму ў бацькі, а вясной, калі іх група злучылася з групай Ударцава, ён там сустрэў Платонава. I дзіўная рэч: баі, разгром, лясное, поўнае яўных і тайных небяспек жыццё не змяніла характару капітана, па-ранейшаму ён заставаўся такі ж спакойны, добразычлівы, аднолькавы з усімі — начальнікамі і падначаленымі, ніколі не пароў гарачкі, заўжды стараўся зрабіць абдумана, цвяроза і па справядлівасці. Такі ж ён быў і ў той невясёлай гісторыі з двума палоннымі, якія ў канцы мая раптам з'явіліся ў іх атрадзе.
Прыбеглі яны са станцыі, дзе перагружалі дрэва з вузкакалейкі на шырокую каляіну і дзе заўжды працавала каманда ваеннапалонных. У атрад іх прывяла Зойка, атрадная сувязная з пуцейскай казармы, казала, найперш яны прыбіліся да яе і на прамілы бог прасілі звязаць іх з партызанамі. I Зойка звязала. У атрадзе і да іх было нямала нядаўніх ваеннапалонных ды акружэнцаў, і таму з'яўленне яшчэ двух новых не выклікала ні вялікай увагі, ні тым болей здзіўлення. Здзіўленне і нават невялікі сполах пачаўся пазней, калі з імі пачалі гаворку ў асобым аддзеле.