Выбрать главу

Грыбаед жыў з вялікай сям'ёй на Выселках — так звалася вёска, што стаяла ў баку ад вялікіх дарог, ля самае пушчы. Грыбаедава сядзіба была ад вёскі наводшыбе ля самых кустоў. Фронт у тое першае ваеннае лета перайшоў цераз гэтыя мясціны хутка. Людзі яшчэ займаліся тым, чым займаліся сотні гадоў раней, і ў той дзень капалі ў полі бульбу. Капаў яе і Калістрат Грыбаед з жонкай і старой маці, ім памагалі дзеці — старэйшыя Галя і Валодзька; меншыя, Шура і Манечка, грэліся каля цяпельца на ўзмежжы — пяклі бульбу. Заставалася выбраць баразён з пяць на шнурку, як, разагнуўшыся, Грыбаед убачыў на краі алешнічку чалавека, які моўчкі махаў да яго рукой — клікаў падысці.

Грыбаед кінуў бульбіну ў кошык, азірнуўся на жонку, якая засяроджана корпалася ў зямлі і нічога не бачыла, і, нетаропка стаўляючы ногі ў раллі, пайшоў да ўзлеску.

Стуліўшыся за маладой хвойкай, незнаёмец чакаў. Гэта аказаўся аброслы бародкай, яшчэ не стары чалавек у вайсковым бушлаце з нямецкім аўтаматам у руках. Ён распытаў пра немцаў, паліцыю і папрасіў Грыбаеда памагчы — непадалёк адсюль, за балотцам, засталіся яго таварышы, два з іх параненыя і самі ісці не могуць, ім трэба недзе затуліцца да часу. Грыбаед усё зразумеў і, нічога не сказаўшы чалавеку, вярнуўся ў поле, запрог кабылку і паехаў дарожкай у алешнік, дзе да яго падсеў той вайсковец з нямецкім аўтаматам у руках.

Яны ад'ехалі недалёка, вайсковец паказаў мясціну ў гушчары пры дарозе, дзё чакалі яго таварышы. Было іх трое — двое цяжка параненых, якія самі ісці не маглі, і маладзенькі кірпаносы баец з бялявым пушком на шчоках, якога клікалі Венькам. Яны ўладкавалі параненых у фурманку і, як сцямнела, прывезлі іх на сядзібу да Грыбаеда.

Тры тыдні параненыя — палкоўнік-танкіст і палітрук — Ляжалі ў яго хаце, бабы, як умелі, даглядалі іх, аднойчы Грыбаед прывозіў з мястэчка знаёмага фельчара, добра заплаціў яму, і фельчар пакінуў нейкае лякарства, якое наказаў прыкладваць да ранаў. Ад таго лякарства раны няблага гаіліся, хоць і не так хутка, як таго хацелі параненыя, што з гэтай прычыны дужа перажывалі ў самоце. Іх здаровыя таварышы, Церахаў з Венем, часта адлучаліся і па некалькі дзён не былі ў хаце. Яны нічога не гаварылі гаспадару, але ён ведаў — шукалі партызан.

Усё ішло больш-менш няблага, спакваля палкоўнік пачаў уставаць з ложка і патроху хадзіць па хаце, палітрук пакуль што толькі спрабаваў садзіцца ў ложку, як аднойчы на Выселках з'явіліся паліцаі.

Праўда, Грыбаед сваім часам паспеў іх згледзець, параненых як-колечы закідалі рыззём у запеччы, і калі два паліцаі зайшлі ў хату, дык чужых тут яны не ўбачылі. Каб не даць ім асабліва разглядвацца, Грыбаед сунуў ім бутэльку самагону, а жонка дастала з кубёлка кус сала, і задаволеныя бобікі пабеглі хутчэй пахмяляцца. Першая небяспека такім чынам абмінула іх бокам. У той жа час некаторым у іхняй вёсцы пашчасціла менш: ад'язджаючы ў мястэчка, паліцаі павялі з сабой трох незнаёмых, знойдзеных на Выселках, іхніх гаспадароў таксама… Увечары, калі дадому вярнуліся Церахаў з Венем, яны нядоўга параіліся і рашылі перасяляцца ў лес.

За алешнічкам збоч ад Грыбаедавай сядзібы выкапалі зямлянку, добра ўкрылі яе мохам ды лапнікам і так замаскавалі, што праз дзесяць крокаў нельга было здагадацца, дзе тут зямлянка. У сярэдзіне паставілі скляпаную з бляхі грубку, добра напалілі яе і неяк поначы пад кастрычніцкае свята перавезлі туды параненых. Але ж, вядома, выседзець там безвылазна было немагчыма, трэба быў харч, вопратка, і па начах вайскоўцы прыходзілі да Грыбаеда, ды і ён нярэдка наведваўся да іх. Пакуль не выпадаў снег, усё было незаўважна, але затым, пасля першых снегападаў, пачалі заставацца сляды, чым далей, тым больш; стала нават прыкметна сцежачка ад сядзібы ў алешнік. Як Грыбаед ні таіўся ад паліцыі і суседзяў і наогул ад старонняга вока, нядобрыя людзі, мусіць, усё ж нешта згледзелі і даказалі немцам.

Яго выратаваў выпадак ці, можа, ягоны лёс, як лічыў сам Грыбаед. Іншым пашэнціла меней.

Сталася так, што незадоўга да новага года кончыліся дровы, якіх цяпер трэба было ўдвая больш, бо ў зямлянцы палілі падоўгу і часта — было ўсё ж холадна, асабліва параненым. Але добрых дроў паблізу ад Выселак даўно не было, вяскоўцы ездзілі за дзесяць кіламетраў у пушчу. Неяк раненька на дасвецці Грыбаед пабудзіў Валодзьку, запрог у сані кабылку, і яны паехалі да знаёмай дзялянкі, дзе некалькі год ляжалі нарыхтаваныя, ды не вывезеныя ў Данбас штабялі рудстойкі. Дзялянка была няблізка, але Грыбаед меркаваў да ночы ўправіцца і адным заездам поцемку падкінуць дроў і ў зямлянку. Тым болей што з раніцы церушыў сняжок, значыць, след ягоны засыпле.