Здарылася, аднак, нечаканае. Калі яны з гружанымі санямі нераязджалі Крывы ручай, зламаліся два капылы ў санях, бёрны аселі канцамі ў снег, кабылка, як ні тузалася, не магла выкараскацца на ўзгорак. Мусілі выгружаць сані і вывозіць дровы з раўка за тры разы, таму добра-такі прыпазніліся і толькі апоўначы пад'язджалі да Выселак. Грыбаед ішоў поруч з кабылкай, прытомлены Валодзька сядзеў на дровах; недаспаўшы ўранку, хлопчык драмаў, і бацька ўсё азіраўся, каб той сонны не зваліўся пад полаз.
Ім заставалася, можа, кіламетры два да зямлянкі, як Грыбаед учуў стрэлы.
Стрэлаў было не шмат — некалькі разоў бахнулі вінтоўкі, аднойчы пратрашчаў і змоўк аўтамат. Здаецца, таксама данёсся і крык, — ці можа так ім здалося, — і ўсё сціхла. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Грыбаед скіраваў сані з дарогі пад ельнік і, пакінуўшы з імі Валодзьку, пашыбаваў наўпрасткі цераз лес да зямлянкі.
Ён блізка не падыходзіў да яе, але і здалёку ў начных прыцемках згледзеў, што там сталася кепскае. Дзверы ў зямлянцы былі выбіты, на снезе валяліся сеннікі і сякія-такія транты, якія былі ў параненых, снег навакол быў затаптаны чужымі слядамі. Мабыць, тут жа адбылася і перастрэлка, некалькі гільзаў, падабраных Грыбаедам са снегу, свежа смярдзелі порахам.
Грыбаед подбегам па цаліку, наўпрасткі цераз ручай, кінуўся да свае сядзібы, але здалёку яшчэ ўчуў, як там распараджаліся карнікі. Даносіўся чыйсьці зычны камандзірскі голас, жончын плач, незнаёмыя галасы. Яны там грамілі яго сядзібу, як пасля аказалася, забіралі сям'ю і выгружалі маёмасць.
Грыбаед пратуляўся пад кустамі да таго часу, пакуль не ўбачыў, як трое саней паехала на гасцінец да мястэчка. Тады ён памкнуўся да абрабаванага свайго падворка, але здалёку яшчэ згледзеў сіратлівую хаціну з насцеж расчыненымі дзвярыма і зразумеў, што ўсё загінула. Магчыма таксама, што пакінулі якую засаду для яго, і патыкацца туды ён не наважыўся.
Ён вярнуўся да напалоханага Валодзькі, сказаў, што цяпер яны засталіся ўдвух, паскідаў дровы з саней і скіраваў у самую глуш пушчы. Там яны зрабілі пад елкай будан, у якім пракалаціліся на сцюжы два дні і дзве ночы, даелі апошні кавалак хлеба, што бралі з сабой у дровы. Пачалі галадаць. Яшчэ праз два дні голад і невядомасць адносна сям'і зноў пагналі Грыбаеда да свайго сельбішча. Засады тут ужо не было, Грыбаед пахадзіў па выстуджанай, дзіўна маўклівай хаце, падабраў што-колечы з вопраткі, вядро, набраў бульбы ў яме — другога чаго тут не засталося. Гзтыя сякія-такія рэшткі яго маёмасці, а таксама бульба і ратавалі іх на першым часе ў пушчы, не даючы замерзнуць і памерці з голаду. Пакрысе яны абладзілі сякую-такую зямляначку ў гушчары, змайстравалі печку, якая хоць і страшэнна дыміла, але давала трохі цяпла.
Так бацька з сынам наважыліся дажыць да вясны і, можа, і дажылі б як-небудзь, калі б не іх маладая жарэбная кабылка, якой таксама патрэбна было есці. Сена ў пушчы зімой не было, затое яно было ў яго пуні, і Грыбаед, шкадуючы жывёліну, разы два з'ездзіў у Выселкі. Усё абышлося добра, яго ніхто не сустрэў, а знайсці было немагчыма, бо час Грыбаед выбіраў пад завею, каб не заставалася следу.
Аднойчы з ім разам паехаць за сенам напрасіўся Валодзька. Хлопчык за час іх ляснога жыцця прыкметна занудзіўся без людзей у маўклівай самоце, перастаў усміхацца, відаць было, сумаваў па сястрычках і маці. Спярша Грыбаед не вельмі глядзеў на тое, а пасля ўжо стаў і баяцца, каб з хлопчыкам не сталася кепскае — дужа не па ўзросце стрэла яго такая бяда. І калі сын пачаў прасіцца ў гэты недалёкі начны шлях, Грыбаед, зацяўшы сэрца, згадзіўся.
Папраўдзе, ён яго браць не хацеў, нешта ў ім шчымела благім прадчуваннем, але ён не саўладаў са сваім жалем да адзінага свайго дзіцяці і не прагнаў яго ў зямлянку, калі той пачаў масціцца ў перадку саней.
Ноч была ветраная і непагодная, дужа шумелі хвоі ў пушчы, у доле гуляла завея, кабылка амаль увесь час ішла крокам, адварочваючы галаву ад ветру. Яны да поўначы пераехалі лес, завярнулі на трошкі прыкметную ў цаліку дарожку да Выселак. Ужо блізка быў іхні падворак, ужо Грыбаед пачаў узірацца праз ветраны змрок, каб што згледзець на ім. Абнадзеена думалася чалавеку: а раптам блісне знаёмы агеньчык у акне, і ён знойдзе там сваіх дачушак і жонку, якіх раптам выпусцілі, бо за што ж іх трымаць? Калі ўжо каго і трымаць, дык яго аднаго.
Але не суджана было Грыбаеду ўбачыць нікога са сваіх. Не ведаў ён, што жонку яшчэ ў першыя дні закатавалі, а дзяцей некуды вывезлі, што старая маці яго, не стрываўшы бяды, сканала ў жандарскім склепе, а ў ягоным двары ўжо трэці дзень запар сядзела засада.