Чацвёра па сцежцы адзін за адным хутка падыходзілі к току. Іх бы так зручна было зрэзаць трапнай чаргой, але тая самая няпэўнасць іхняга намеру ўсё не давала Леўчуку рашучасці. А вось пройдуць далей — можа, да мяжы ў жыце, па сваіх нейкіх справах, бо адкуль ім вядома, што ў гэтым гуменцы сядзяць партызаны?
— Ляўчук, што? Што? Дзе яны? — роспачным шэптам дамагалася ззаду Клава, але ён толькі варухнуў галавой.
— Ціха!
На нейкі час яны схаваліся за рогам тока, Ляўчук прыціснуўся лбом да шурпатага боку бервяна і не мог згледзець нічога. Але праз дзесяць секунд яны з'явіліся ўжо ля самай сцяны за маліннікам. Наперадзе ішоў рослы дзяцюк у суконным мундзіры з віслай ад цяжкіх падсумкаў папругай на жываце, з нямецкай вінтоўкай у адной руцэ. У другой ён трымаў цыгарку і, прыпыніўшыся, часта зацмыгаў з-пад пальцаў перад тым, як кінуць свой недакурак.
Ён ужо быў на сярэдзіне іх падворка, але і тады яшчэ ў Леўчука тлела слабенькая надзея, што, можа, пройдзе сабе далей. Ляўчук напружана сачыў праз шчыліну за яго тварам, зыркія вочкі на якім спярша слізганулі ўздоўж сцяны тока, трохі зачапіліся на рагу, мусіць, за густы край малінніку і раптам спыніліся ў доле на іх цепяльцы, ад некалькіх галавешак якога яшчэ ішоў слабы, ледзьве прыкметны дымок. Ляўчук нема вылаяў сябе за неасцярогу, але было позна. Паліцай ступіў да дзвярэй, і тыя ціхенька рыпнулі.
Ляўчук крутнуўся спінай да сцяны і ўскінуў аўтамат, аднак не стрэліў, усё яшчэ не ў стане расстацца з апошнімі імгненнямі свае надзеі,— ведаў: знадворку не вельмі ўбачыш у цемнаватым памяшканні тока. Але не паспеў яшчэ паліцай расчыніць дзверы, як каля сцяны насупраць мігнулася постаць Клавы, і ў напружанай цішы грымнуў адзін, другі, трэці стрэл. Паліцай выпусціў з рук вінтоўку і сам раптам нібы пераламаўся — упаў ці кульнуўся кудысь за маліннік. Ляўчук праз дошкі дзвярэй пстрыкнуў кароценькай чаргой наўздагон і, адчуваючы, што зараз стрэляць і ў іх, выцягся на земляным доле. Перад ім, забіўшыся пад сцяну за саломай, нервова калацілася з пісталетам у руцэ Клава.
— Лажысь! Лажысь! — паспеў крыкнуць ён два разы, як першая куля знадворку імпэтна пранізала сцяну, адшчапіўшы ад бервяна тоўсты аскалёпак сухога дрэва. З двух бакоў тока часта забухалі стрэлы, кулі з глухім важкім стукам у некалькіх месцах прадзіравілі струхлелае бярвенне сцен, парахнёй і пылам асыпаючы цвёрды гліняны дол.
Нядоўга паляжаўшы ля дзвярэй, Ляўчук паўзком кінуўся да сцяны насупраць, зірнуў праз нізкую шчыліну. Вінтоўкі бахалі, часам не зразумееш, адкуль, ва ўсіх напрамках ціўкалі кулі, але каменны падмурачак няблага прыкрываў іх у доле. Праўда, маліннік, які рос тут знадворку, месцамі густа пазахінаў шчыліны, і Ляўчук баяўся, каб тыя злыдні не падышлі блізка. Зблізку яны маглі б уварвацца праз дзверы, закідаць іх гранатамі ці расстраляць з аўтаматаў ва ўпор. У што б там ні стала, іх трэба было трымаць як мага далей ад тока. Здалёк хай страляюць. Цяпер, калі ўсчаўся бой, для Леўчука ўсё стала проста і звычайна, тут ужо ніякай няпэўнасці не было, бо не было дурной дзіцячай надзеі на авось. Ён разумеў, што папаліся яны як мае быць, і ўсё ў ім сцялося, сышлося на адным — не дацца!
Ён кідаўся ў доле ад сцяны да сцяны, заглядваючы ў шчыліны, але, мусіць, немцы пападалі таксама, і пакуль у кутку не пачаў бахаць з вінтоўкі Грыбаед, Ляўчук не мог згледзець, куды яны падзеліся. Але раз Грыбаед страляў, значыць, ён нешта бачыў з таго, свайго боку. Клава ляжала пад сцяной і, усё горнучы да грудзей малога, не зводзіла позірку з дзвярэй. Ляўчук толькі адзін раз зірнуў у яе роспачна акругленыя вочы і падумаў, што ёй не пашэнціла канчаткова. Папаліся яны ўсе добра, але ёй будзе горш за ўсіх. Ён хацеў неяк падбадзёрыць яе, толькі не знайшоў для гэтага слоў, а мацюгнуўся ў душы і кінуўся ў асець. Той канец тока не быў прыкрыты нікім, — мусіць, яго трэба было прыкрыць самому.
У прасмярдзелай дымам і сажаю асеці было цямней, чым у таку, а найгорш — не свіцілася ніводная шчыліна, апроч слепаватага вузкага акенца ў сцяне. Ён сунуў у шкло аўтаматам і зараз жа пляснуўся на ўсланы жэрдкамі дол — адначасна непадалёк ляснуў стрэл, і ў сцяну наўскос ад акна хлёстка цюкнула куля, чорны бок бервяна засвяціўся белаю плямкай. «Значыць, ужо пад абстрэлам і гэты бок тока, значыць, у жыта таксама не выскачыш», — сумна падумаў Ляўчук.
Паляжаўшы трохі, ён асцярожна падняўся да акенца і збоку зірнуў у напрамку да алешніку. Над краем жытняй нівы чарнелі па грудзі дзве постаці — яны пільнавалі яго ад асеці. I ён, не высоўваючы аўтамата, даў наўскос праз акно кароценькую чаргу ў іх бок — хай ведаюць, што і тут ёсць каму стрэліць. Хай не спадзяюцца! Потым, прыгнуўшыся, ён выскачыў цераз высокі парог у ток і ўпаў пад сцяной ля Грыбаеда, які ўсё пільна ўзіраўся праз шчыліну. Клава ляжала за саломай, старанна прыкрываючы сабой беленькі скрутак з малым. Бахнуў адзіночны стрэл, ціўкнула пад бэлькай куля, а затым страляніна вакол чамусьці спынілася.