Ён быў ужо спрактыкаваны ў баях партызан і не так ведаў, як унутрана адчуў, што яны блізка. Тады ён, ускінуўшыся з аўтаматам, стрэліў праз шчыліну ў адзін бок, у другі; побач некалькі разоў грымнуў з вінтоўкі Грыбаед. Падаючы ніцма, ён паспеў згледзець праз сухія сцябльг малінніку, як там нехта таксама гэцнуўся на зямлю, нехта, прыгнуўшыся, шаснуў у бок за паветку. Мусіць, паміраць у гэтым гумне ім таксама не дужа хацелася. З алешніку яшчэ бухалі, але ад дарогі замоўклі. Падобна было на тое, што ён зноў выйграў нейкую сабе перадышку, магчымасць падумаць, што рабіць далей. Але тут яго скалануў новы непакой за той канец тока, дзе была асець, і ён, сам не ведаючы чаму, кінуўся па драбінах угору.
Асець была маленькая, па земляной засыпцы ён сігануў да прадранага саламянага шчытка і ўпаў на жывот. Потым падпоўз да бліжэйшай дзіркі, зірнуў зверху на жыта і зларадна ўсміхнуўся. Адсюль добра было відаць, як двое ў чорных пілотках з расхрыстанымі каўнярамі мундзіраў краліся па жыце да тока. Адчуўшы кароценькую задаволенасць у душы, ён асцярожна ўзвёў затвор. Тыя, сагнуўшыся, каб не вытыркацца з жыта, не бачылі яго на асеці, і ён, старанна прыцэліўшыся ў пярэдняга, ляснуў адзіночным стрэлам. Паліцай недарэчна, бы здзіўлены, выпрастаўся ва ўвесь рост, закінуўшы ў неба галаву, павярнуўся на запятках і рухнуў плячамі ў жыта. Пакуль ён лавіў на мушку другога, той шалёна пусціўся на жыце ў алешнік. Ляўчук таропка стрэліў наўздагон без усякай надзеі трапіць і тут жа пашкадаваў выпушчанага марна патрона.
Двух стрэлаў было даволі, каб яго тут засеклі, і як толькі першая куля цюкнула недзе з-пад столі, сыпануўшы на яго пяском, ён скаціўся па драбінах на ток. Ён раптам адчуў удзячнасць да гэтай прасторнай будыніны, якая, можа, болей чым іншым, менавіта сваім прасторам і ратавала іх. Хай страляюць, падумаў Ляўчук, ток вялікі, не так лёгка ў каго тут трапіць.
Ён лёг ля той самай сцяны, да якой увесь час гарнулася Клава, і ў вузенькую шчылінку паміж бёрнаў стараўся згледзець, куды дзеўся яго недабітак. Але, здаецца, з таго боку цяпер не было нікога, ці, можа, добра схаваўся ў алешніку. Ад паветкі яшчэ разы два ляснулі стрэлы, затым неяк усё прыціхла.
— Гэй ты, жывы яшчэ? — глухавата даляцеў усё той жа голас Кудраўцава. — Хопіць пулькамі кідацца! Давай радыстачку і каціся к чортавай матары! Чуеш?
У пакутнай цішы, якая настала ў гумне пасля страляніны, гэтыя словы за сцяной прагучалі надзвычай выразна і пагрозліва. Ляўчук маўчаў, і тыя таксама замоўклі — мусіць, чакалі адказу. Было незразумела, чаму Кудраўцаў усё напірае на радыстку і адкуль яму вядома, што яна тут. Але ж, мусіць, вядома. I Ляўчук сцяміў, што менавіта затым яны і прыехалі на гэтае гумно. А ён, балда, усё спадзяваўся на нешта, на славуты авось, — трэба было адразу сячы іх чэргамі, можа б, менш засталося. А так што цяпер зробіш? Клава ж, у другі раз учуўшы гэтае патрабаванне, паклала на салому малога і заплакала.
— Ой божачка-божа!.. Ой, што ж нам рабіць?..
Рабіць сапраўды было немаведама што, але ж і не здавацца гэтым зладзюгам. I Ляўчук, лежачы за падмурачкам, зычна закрычаў у шчыліну:
— Эй, ты! Ідзі вазьмі радыстачку! Ну! Ідзі вазьмі!..
I, ускінуўшы аўтамат, пулянуў туды праз сцяну — усяго адзін раз, болей ён не мог дазволіць сабе, але і гэтага разу для іх, мусіць, было даволі.
— Ну, падла! — пракрычаў зводдаль Кудраўцаў.— Дзяржыся! Зараз ты засквірчыш, як вяпрук у саломе!..
12
То быў намер, а не пустая пагроза — Ляўчук зразумеў гэта адразу. Вядома, ім спакусліва было б спаліць іх усіх разам з будынкам, але спярша, мусіць, трэба было да яго падысці. I ён рашыў нізашто не падпускаць іх да тока, адбівацца да апошняга. На гэты выпадак у яго заставаўся парабелум са жменяй патронаў, пара абоймаў была ў Грыбаеда і пяць штук у Клавы, — можа, як і дацягнуць да вечара. Ім дужа патрэбны быў вечар, цемра, можа б, у цемры яны ўратаваліся. Але сонца — халера на яго — вісела даволі высока, да ночы трэба было дажыць. Да ночы ім было доўга, як да канца вайны. — Грыбаед, глядзі! Будзе падпаўзаць — бі!
Ён прыкінуў у памяці, што двух, напэўна, яны падстрэлілі, а можа, нават і трох. Цяпер па стрэлах цяжка было палічыць, колькі тых яшчэ засталося, але, мабыць, не больш пяці. Двое былі за паветкай, двое ў алешніку і, мабыць, адзін у жыце. Другі ўжо не паднімецца. Пастараўшыся, можна яшчэ падстрэліць двух, і калі не прыйдзе падмога, дык іх сілы зробяцца роўныя. Тады яны яшчэ паглядзяць, хто — каго.
Ляўчук стаў сачыць за тым бокам, ад лесу, які цяпер здаваўся яму найбольш небяспечны. Ён думаў, што хтось з іх папаўзе да тока з агнём, каб падпаліць яго. Ці, можа, раней запаляць паветку? Праўда, ён не ведаў, з якога боку дзьмуў вецер і куды панясе агонь. Але ён быў як ніколі пільны і наважыўся не прапусціць падпальшчыка.