Выбрать главу

Таму, калі з-за паветкі грымнуў новы стрэл і куля, струнка мільгануўшы ў падстрэшшы, прасекла навылет страху, ён падумаў, што гэта трасірная. Следам грымнула і яшчэ раз, ніякай трасы не было відаць, і ён рашыў, што гэта звычайная. I толькі калі грымнула трэці раз, ён зразумеў, што яны ўдумалі, і ад гневу ў яго памутнела ўваччу.

Яны пачалі абстрэл запальнымі.

Клава ляжала на баку пад сцяной, затуляючы целам малога, у куце ля сваёй зручнай шчыліны скурчыўся Грыбаед — яны яшчэ не разумелі нічога, і ён нічога ім не сказаў. Ён чакаў, калі загарыцца страха, і супраць гэтага быў бяссільны. Ён нават не мог бы дастаць да таго агню, каб патушыць яго. Ды і чым было тут тушыць?

Доўга чакаць яму не давялося — пасля чатырох-пяці стрэлаў у таку засмярдзела дымам. Клава першая крутанулася пад сцяной, зірнула ўгору і глуха крыкнула, нібы прастагнала ад болю:

— Ляўчук, Ляўчук!

— Ціха! Ціха! Чакай!

Але што чакаць, ён не ведаў і сам, першыя хвіліны ён збянтэжыўся, нават разгубіўся, і толькі глядзеў, як з гэтага канца тока, над іх галавой, займалася агнём страха, і ў ток усё болей наганяла дыму. У саломе спярша прагарэла невялікая дзірка, пасля агонь ад яе хутка папоўз угору і ў бакі, затрашчаў, засквірчаў, жаручы салому і паплеціны; праз дым пасыпалася саламяная гара і вуголле. Хутка Грыбаед мусіў падацца з свайго кутка бліжэй да дзвярэй, Клава, падхапіўшы малога, таксама паўзла да дзвярэй. Увогуле яшчэ можна было трываць, калі б не дым, які ветрам гнала ў ток, і Ляўчук уяўляў сабе, што тут будзе праз некалькі хвілін, калі зоймецца ўся страха.

— Клава, — у асець! — гукнуў ён радыстцы. — Быстра!!

Клаву не трэба было ўгаворваць, яна перабралася цераз парог асеці, і ён бразнуў дзвярыма — зачыніў яе там.

Удвух з Грыбаедам яму стала лягчэй і больш проста, не трэба было стрымліваць свае нервы, бачачы пакуты гэтага дзяўча з малым. Пакуль у іх не стралялі, удвух яны маглі тут нешта прыдумаць, напрамую, па-мужчынску згаварыцца, што рабіць, бо жаночая бездапаможнасць абцяжарвала іх рашэнне.

— Ну, прападаць? — запытаў Грыбаед, павярнуўшы да яго змарнелы твар са счырванелымі ад дыму вачыма.

— Хай яны прападуць! А мы яшчэ паваюем.

Мусіць, перагарэўшы ў звязках, у ток бухнула крайняя кроква, абдаўшы іх роем іскраў і дробнага вуголля; Грыбаед тузануў пад сябе босыя, абпечаныя ногі, Ляўчук ботам адпіхнуў галавешку.

— Ну во, зараз згарым, — аднак спакойна сказаў Грыбаед і закашляўся.

«Так, мусіць, згарым», — падумаў Ляўчук. Але перш чым згарэць, трэба было нешта зрабіць, хоць бы паспрабаваць зрабіць, а калі ўжо не выйдзе, дык што ж — тады ўжо гарэць.

— Грыбаед! — крыкнуў ён, таксама закашляўшыся. — Грыбаед, а ну дзверы! Варухні дзверы!

Грыбаед працягнуў руку і скрыпнуў палавінкай дзвярэй, тая крыху прыадчынілася, і адразу з-за паветкі трэснулі два стрэлы. Дзве кулі выбілі па вялікай дзірцы ў тонкіх дошках дзвярэй.

— Ах, халера на іх!..

Аднак іншага выйсця ў іх не было, трэба было прарвацца з гэтага пекла, а прарвацца можна было толькі праз дзверы. Ужо палаў увесь канец тока. Уверсе гуло і трашчала. Салома і паплеціны там прагарэлі, цяпер смылелі астатнія дзве пары крокваў, па якіх вогненнымі вужакамі бегалі, выкручваліся траскучыя языкі полымя. Дол густа засыпала попелам, гарай і агнявым ашмоццем саломы. Грыбаед хутаўся ў паласатую абгарэлую посцілку, Ляўчук спахапіўся, што гараць ззаду штаны, і, пацёршыся па зямлі, ледзьве затушыў іх. Рабілася ўсё больш горача; у доле таксама ўсё скрозь дымела, дым драў горла, і слёзы, не перастаючы, ліліся па тварах, часам зусім не даючы глядзець. Толькі каля прыадчыненых дзвярэй яшчэ можна было крыху ўхапіць паветра.

У асеці таксама, мусіць, было не лепш, хоць земляная прысыпка на столі пакуль што ратавала яе ад агню, але полымя на страсе дабіралася ўжо і да асеці. Праз некалькі хвілін дзверы з яе рэзка адчыніліся і, зайшоўшыся ў кашлі, на парог павалілася Клава.

— Я не магу… Не магу болей! Ляўчук! Я пайду да іх! Каб вам… Ратуйце малога!..

— Маўчы! — прыкрыкнуў на яе Ляўчук. — Я табе пайду! А ну паўзі сюды…

Яна падпаўзла, усё кашляючы, і ён пасунуўся ад дзвярэй, даючы ёй месца побач з сабой ля парога. Адна палавінка дзвярэй была трохі прыадчынена, у яе задзьмуваў вецер і круціў дым, які валіў — не зразумець куды — ці ў ток, ці з тока. Ляўчук пацягнуўся і аўтаматам папіхнуў яе далей — дзверы расчыніліся шырай. Зноў трахнуў стрэл, другі, адна куля ўдарыла ля самай клямкі і расшчапіла дзвярную раму; другая прайшла, мабыць, міма. Тады ён крыкнуў Грыбаеду: «Трымай!», каб дзверы не зачыніліся, а сам крутануўся да Клавы.