— Давай! Чуеш! Давай хутка паўзком за маліннік!
Яна падняла на яго заліты слязьмі твар і, прытуліўшы да сябе малога, глядзела на Леўчука, баючыся ці, можа, не разумеючы, чаго ён хоча. Але часу ў іх заставалася ўсё менш, ужо зырка гарэла палавіна тока, полымя асядала ніжэй і ў тым канцы ўжо жэрла верхнія вянцы зруба, было так горача, што, здавалася, яны вось-вось загарацца самі. I Ляўчук, спалохаўшыся, што спозніцца, папхнуў яе да дзвярэй, яна пакорліва паднялася на кукішкі і бокам вывалілася за прыкрытую палавіну ў маліннік. Ён чакаў стрэлу, але стрэл замарудзіў, мусіць, яе схаваў дым з дзвярэй, і тыя, ад паветкі, яе не адразу заўважылі.
— Грыбаед, бі! Па іх бі! — крыкнуў Ляўчук, а сам, рызыкуючы згарэць ці задыхнуцца ў дыме, кінуўся па драбінах на асець. Яму трэба было прыкрыць яе агнём зверху, не даць застрэліць каля пажару ці злавіць у жыце, куды яна павінна была падацца. Выразна ён сам не ведаў, як памагчы ёй, не ведаў нават, колькі ў яго было патронаў у дыску, але ён узляцеў пад самы агонь на асець, да дзіркі ў шчытку.
Жыта вакол густа засцілаў дым, пасвяжэлы вецер гнаў яго клубамі ў поле; задыхаючыся, Ляўчук слізгануў па ім позіркам і не ўбачыў нікога. Магчыма, яны застрэлілі яе ў малінніку, ці яна ўжо адбеглася далей або схавалася ў жыце. Сапраўды, дзве цёмныя постаці з-пад алешніку таропка стралялі кудысь праз дым, і ён, ухапіўшы ротам паветра, хуценька скіраваў на іх аўтамат. Ён выпусціў па іх з полымя і дыму ўсё, што яшчэ заставалася ў дыску, затым зноў схапіў гарачага паветра, якое апякло яго грудзі, і адчуў, што задыхаецца. У вачах у яго пацямнела, ён спалохаўся, што страціць прытомнасць, і, трохі затрымаўшыся левай рукой, рынуўся праз дзірку ў маліннік.
Ён моцна ўдарыўся сцягном аб камень, але зараз жа ўскочыў, адчуўшы, як аднекуль з-пад рук рыкашэтам пырснула куля, яна не зачапіла яго, і ён двума скачкамі, прыгнуўшыся, шыбануў у жыта. Тут яго адразу накрыла воблакам дыму, ён зноў задыхнуўся і, заблытаўшыся ў калівах, упаў, затым ускочыў, пабег, — ён з усяе сілы імкнуў ад агню, ад тока, дзе ляскалі стрэлы і, мусіць, беглі ўжо немцы. Пачалі біць і збоку — засланыя дымам каласы перад ім прашыла нізкая агніста-зеленаватая траса з алешніку, і ён кінуўся ў другі бок, далей у поле, бо шлях у алешнік быў ужо адрэзаны. Дыму, аднак, станавілася менш, ён гарачым туманам распаўзаўся над жытам, і Ляўчук, прыгнуўшыся, з усіх сіл шыбаваў і шыбаваў у ім, часам падаў, ускокваў і бег зноў. Ззаду па ім усё стралялі, нават штосьці крычалі, але ён не слухаў, ён хацеў адбегчыся як мага далей. Яму трэба было ў лес, хоць бы ў той самы алешнічак, бо ён разумеў, што ў полі паратунку яму не будзе. I ён пачаў забіраць убок, перабег адну, другую мяжу, увесь час прыгінаючыся і памагаючы сабе рукамі. На боль у правым плячы ён даўно не зважаў, ён толькі сціскаў сківіцы, калі рабілася асабліва балюча, кепку сваю ён недзе згубіў, пот заліваў лоб, шчокі і разам з дымам выядаў вочы. Пасля страляць у яго бок неяк перасталі, і ён рашыў, што ўратаваўся. Толькі трэба было ў алешнічак.
Па зарослай рамонкамі мяжы ён выскачыў з жыта і зараз жа задам падаўся назад. Ды было, мусіць, позна. Па нешырокім травяным узмежку між жытам і лесам напярэймы яму беглі двое. Угледзеўшы яго, адзін штось крыкнуў, паказваючы другому, той адразу ж укленчыў, і праз секунду першая куля ўдарыла яму пад ногі. Прыгнуўшыся, Ляўчук кінуўся назад праз жыта, пашыбаваў упоперак нівы, аж пакуль тая не скончылася, і выскачыў на забалочаную лугавіну з някошанай асакаватай травой. Гэта яго надта ўстрывожыла: тут, на лугавіне, месца яму не было, тут яго проста маглі падстрэліць. Ды і сілы ў яго ўжо не засталося, сэрца гулкім грукатам поўніла грудзі, лёгкім не хапала паветра. Тады ён спыніўся, дастаў з кабуры свой парабелум і гучна лязгнуў затворам, даслаўшы першы патрон у патроннік.
Неўзабаве паказаліся яго даганятыя; выглянуўшы над жытам, ён згледзеў іхнія пілоткі і стрэліў два разы запар. Пілоткі зніклі, ён выглянуў зноў і, калі першая вытыркнулася з жыта, стрэліў яшчэ раз. Пасля з пісталетам у руцэ знясіленым подбегам патрухаў краем пожні наўскос ад жыта, бліжэй да алешніку.
Бегучы, аднак, ён адчуў, што не паспее, што неўзабаве выскачаць з жыта тыя. I ён стараўся з усяе моцы, толькі моцы тае ў яго амаль не засталося. Ён з паныласцю заўважаў, што ўсё болей выбіваецца з сілы, крок яго робіцца вялы, ногі падкошваюцца, і ён не можа сабе даць рады.
Ён азірнуўся, калі ззаду зноў бахнуў стрэл, і куля дзесь вельмі блізка прайшла ля яго. Але і тады ён не паскорыў бегу, наадварот, амаль перайшоў на крок. Яго даганяты спыніўся на ўскрайку жыта, стрэліў з рукі, пасля перазарадзіў вінтоўку і ўкленчыў, упёршы локаць у калена. Так, вядома, цэліцца стала ямчэй, і можна было ўдарыць напэўна. Але ўсё роўна Ляўчук не пабег. Апроч таго, што не было сілы, нешта ў ім надарвалася ў гэтай бясконцай барацьбе за жыццё, ён толькі ў думках сказаў таму: «Бі, сабака!» і хісткім крокам пашкандыбаў да алешніку.