Выбрать главу

Яму ўжо заставалася зусім недалёка, каб затуліцца ў кустах, як даганяты зноў стрэліў. Куля імпэтна прарэзала ў дзірване з-пад яго ног касую чорную адмеціну, выбіўшы прэч траву, і зрыкашэціла ў неба. «Давай, давай!» — сказаў ён сабе і, не азіраючыея, брыў далей. Ён выразна адчуваў, што куля ў любое імгненне можа навылёт пранізаць яго цела, але што ён яшчэ мог зрабіць?

Трэці стрэл ён пачуў на імгненне пасля, як куля секанула яго па крысе пінжака і некалькі патронаў з кішэні сыпанула ў траву. Ён спалохана схапіўся рукой за кішэню, мусіць, патроны цяпер яму былі даражэй за жыццё, і хуценька кінуўся падбіраць іх з травы. Пасля, трымаючыся рукой за кішэню, адчуў, што парадкам адышоўся ад жыта, шанец атрымаць кулю цяпер паменшаў, і ён патроху зусім перастаў прыслухоўвацца да таго, як бахала ззаду вінтоўка.

Ён прадраўся праз гушчар алешніку і ўзышоў на хваёвы грудок: тут пачынаўся лес. Здаецца, за ім не гналіся, але ён усё ішоў і ішоў, пакуль не набрыў на бор-беламошнік і, спаткнуўшыся аб корань, не ўпаў на сухі мяккі мох. Не ў стане падняцца, з тупой асалодай перакаціўся на спіну, зірнуў у неба і на здзіўленне сваё адзначыў, што дзень канчаўся, неба вечарэла, у лесе пад хвоямі распаўзаліся прыцемкі…

13. Ваўкі

…Ляўчук узяў чамаданчык і памалу пайшоў на паверх пазваніць. Думалася: можа, ён іх прагледзеў, і яны даўно ўжо дома. Вядома, у твар не ведаў, хоць і адчуваў нейкім сваім нутраным адчуваннем, што калі б згледзеў здаля, дык, здаецца, пазнаў бы.

Але на яго тры званкі зноў ніхто не адгукнуўся, кватэра глуха маўчала. Гэты раз суседка не пацікавілася ім, і Ляўчук зноў сышоў уніз на падворак. Бавячы час, ён абышоў вакол двара і вярнуўся на сваю лаўку пад мураванай сцяной. Трэба было чакаць. Не ехаць жа без дай прычыны назад, калі ўжо прыехаў за дзвесце кіламетраў, хоць, можа, і ніхто яго тут не чакаў. Але гэтая сустрэча патрэбна была для яго самога, як нейкае апраўданне яго ваенных пакут. Ён не мог забыцца на іх, калі б і хацеў нават, бо такое не забываецца. Як тая ноч, у якую яму пашэнціла меней. А можа, менавіта таму і пашэнціла, бо за ягонае жыццё заплаціў другі, і гэтая неаддзячаная плата трыццаць гадоў ляжала на яго сумленні. Цяжка было жыць з ёй, але што зробіш? Пражытага не перайначыш…

На каляды ў сорак трэцім яны рвалі «жалезку».

Спачатку ўсё ішло добра, чацвёра іх пад камандай былога сержанта Колабава за ноч дабраліся з пушчы да Сёлетнева, невялікай вёскі пад лесам, ад якой да чыгункі было два кіламетры, пераднявалі ў свайго чалавека і, як сцямнела, пайшлі «паляваць». Ахова іх правароніла, яны хутка падклалі міну і праз хвілін дваццаць грымнулі цяжка нагружаны эшалон, што ішоў у бок фронту. Збянтэжаныя немцы ачухаліся не адразу і позна адкрылі агонь, падрыўнікі кружным шляхам вярнуліся ў вёску, выпілі, добра пад'елі і заваліліся спаць на салому. Але ў іх была адна міна-запаска, якую грэх было несці назад, у пушчу, і наступнаю ноччу яны, даўшы добрага круку, падышлі да чыгункі з другога, ляснога боку. Думалі, тут немцы іх не чакаюць і ўсё ўдасца не горш, чым учора. Але на лініі яны заўважылі патрулёў і прытаіліся ў завале ля насыпу. Трэба было чакаць. Гадзіны тры запар мусілі мерзнуць на ніштаватым калядным марозіку, пакуль дачакаліся, калі патрулі пайшлі ў бункер грэцца, і тады паставілі міну. На чыгунцы ўвогуле было спакойна, перад тым прайшоў цягнік з боку фронту, неўзабаве павінен быў з'явіцца другі — на фронт. I тады Колабаву здалося, што, спяшаючыся, яны не дужа замаскавалі міну пад рзйкай, патрулі пры абходзе могуць прыкмеціць сляды іх работы і падняць трывогу. Леўчуку дужа не хацелася другі раз лезці цераз заснежаны завал да насыпу, ён нібы адчуваў, што гэта дабром не скончыцца. Але Колабава адгаварыць ад чаго-небудзь, што ён уваб'е сабе ў галаву, было немагчыма. Праўда, камандзір мог паслаць туды каго аднаго — Леўчука, Філіпава ці Крука, але ён не паслаў нікога — ён палез сам.

Лезці цераз бязладна наваленыя ўздоўж лініі сукаватыя дрэвы — бярозы і хвоі — было нялёгка, пакуль ён адолеў гэты завал, мінула, мабыць, нямала часу, і нешта на чыгунцы змянілася. Можа, раней часу пачалі свой абход патрулі, а можа, якое начальства з праверкай выйшла на лінію. Ім з завалу не дужа было відаць, што там здарылася, толькі раптам прагучаў крык, чарга трасірных куль сцебанула па насыпе і з віскам пранеслася па-над завалам. Пасля ўдарыў кулямёт з бункера. Каб неяк ратаваць таварыша, яны з-за паваленага дрэва некалькі разоў стрэлілі туды з вінтовак, але кулямёт сыпануў па завале такой густою чаргой, што яны сунулі галовы пад камель дрэва і ляжалі так хвілін пяць, не рызыкуючы паварушыцца. I менавіта ў такі час Ляўчук пачуў зводдаль слабы крык Колабава і зразумеў, што з ім сталася ліха.