Але воўк толькі стрыгнуў вушамі і крыху павёў мордай, калі аднекуль ля яго з'явіўся яшчэ адзін, а затым два гэткіх жа, як і першы, перахлябістых, насцярожаных, да нечага гатовых драпежнікаў. Ляўчук адчуў, як раптоўна схаладнела ў яго разагрэтым ад стомы нутры: чатыры ваўкі ў ягоным становішчы — гэта ўжо не жарты. Падумаўшы, што ваўкі, мабыць, кінуцца на іх, Ляўчук узяўся за аўтамат, які вісеў у яго на грудзях, адубелымі пальцамі намацаў рукаятку затвора. Аднак ваўкі, здаецца, не выказвалі ніякага намеру кідацца, яны стаялі між чэзлых кусцікаў — тры наперадзе і адзін трошкі ззаду — і чакалі чагось. Чаго толькі?
Ягоная трывога, мабыць, перадалася і Колабаву, той прыўзняўся за ягонай спіной і таксама ўгледзеўся ў начны аснежаны прыцемак.
— Сволачы! Яшчэ не хапала…
Не зводзячы з іх вачэй, Ляўчук падняўся на ногі, зрабіў некалькі крокаў да кусцікаў. Ваўкі без асаблівага страху таксама адышліся на некалькі крокаў. Што было з імі рабіць?
Вярнуўшыся да Колабава, Ляўчук узваліў яго на спіну і пайшоў. Ідучы, яму было цяжка сачыць за імі з прыгнутаю галавой, ён ледзьве бачыў пад ногі, але адчуваў, што ваўкі не адсталі. Яны ішлі поруч, паралельным напрамкам і чагось усё пільнавалі. Мусіць, трэба было б секануць па іх аўтаматнай чаргой, тады, можа, адсталі б. А можа, наадварот — не варта чапаць іх, яны ж пакуль што не чапаюць. Можа, яны так пройдуць нядоўга ды і скіруюць куды сваім шляхам. Навошта ім людзі?
Але ў гэтых драпежнікаў, відаць, былі ўсё ж нейкія свае намеры наконт гэтых двух ушчэнт знямоглых, ледзьве жывых людзей, і яны не адставалі. Тым часам кусты канчаліся, наперадзе забялела вялізная разлога поля, Ляўчук з надзеяй падумаў, што, можа, там будзе якая, вёска і гэтыя стварэнні адстануць. На краі поля ён паволі апусціўся каленямі ў снег, затым лёг на бок, зваліў з сябе Колабава і не адразу падняў галаву, каб глянуць, куды ж скіравалі ваўкі. Але ваўкі былі тут, яны прыкметна асмялелі і падышлі яшчэ бліжай. Рослы пярэдні воўк, з адным трохі карацейшым за другое вухам, наблізіўся да іх, можа, крокаў на сорак і стаяў, чагось упарта чакаючы. Два стаялі трохі далей, а чацвёртага чамусьці не было відаць, і Ляўчук здзівіўся: куды ж ён прапаў? Але доўга дзівіцца яму не давялося — азірнуўшыся, ён убачыў, як, абыходзячы гушчарок, дзе снег быў глыбейшы, па другі бок ад іх шыбаваў яшчэ адзін вывадак. На чыстым, прытуманеным удалечы снезе былі добра відаць чатыры звяры, якія борздзенька абыходзілі іх з таго боку.
Леўчуку стала моташна. Ужо з пэўным намерам ён зняў цераз голаў почапку аўтамата, каб урэшце адагнаць гэтую зграю. Але толысі ён пацягнуў затвор, як побач слаба заварушыўся Колабаў.
— Пастой, ты што?
— А што? Глядзі, іх ужо сямёра.
— Дзе мы — ты бачыш? — цяжка прахрыпеў Колабаў, і Ляўчук угледзеўся ў прыцемак, стараючыся згадаць, куды яны выйшлі. Сапраўды, лес яны ўвесь перайшлі, наперадзе ў полі нешта шарэла, але не хмызняк і не быльнік — як, прыгледзеўшыся, здагадаўся Ляўчук, то быў напалову засыпаны снегам трыснёг, і за ім цьмела роўная белая аблога. У баку ад гэтай аблогі, мабыць, падымаўся пагорак, але там, пад цёмным і зорным небам, нічога не было відаць.
— Зароўскае возера, — пасля паўзы сказаў Колабаў і аблегся на снег.
— Зароўскае?
Ляўчук нямала здзівіўся — куды ж яны трапілі? Але, мусіць, так. Тая чысцюткая снегавая разлога за трыснягом, якую ён палічыў полем, аказалася возерам. Возера, вядома, для іх — не вялікі страх, мабыць, яно ўмерзла. Страх быў у іншым, і гэта стрымала Леўчука ад таго, каб пусціць чаргу ў ваўкоў. На тым доўгім пагорку, што ледзь угадваўся ў цемры, ведаў Ляўчук, раскінулася немалая вёска Зароўе, якую яны заўжды абыходзілі як мага далей, бо там быў нямецкі гарнізон з дзотамі, траншэямі, бункерамі, кругласутачнай вартай і патрулямі. Страляць тут, пад носам у гарнізона, было б самагубствам. Асабліва ў іхнім становішчы.
Ну але што ж тады рабіць з гэтай зграяй?
Ваўкі, мусіць, таксама адчулі, што іх тэрыторыя хутка скончыцца і пачнецца тая, дзе яны не гаспадары. I яны пачалі смялець. Яны абышлі людзей з абодвух бакоў і пасталі на снезе, чакаючы, што ж тыя будуць рабіць далей.
Наперад, аднак, можна было ісці.
Каб скарыстаць гэтую адзіную пакуль што магчымасць, Ляўчук перакінуў цераз галаву почапку аўтамата, напяўся, напружыўся, узваліў на сябе Колабава. На тым месцы, дзе ляжаў паранены, засталася цёмная пляма крыві, і ён падумаў, што, мабыць, гэтая кроў падахвочвае ваўкоў, абяцаючы ім спажыву. Але ўжо чорта! Калі гэта Зароўе, дык трэба хутчэй перайсці цераз возера, а там, здаецца, была яшчэ нейкая вёска, можа, у ёй няма немцаў, значыць, ёсць добрыя людзі, яны памогуць.