Выбрать главу

Не дужа рашуча, азіраючыся па баках, ён скіраваў да першага пад'езда; перад дзвярыма спыніўся, сагнаўшы шэрага ката, які лянотна разлёгся ў цяньку ля парога. Перш чым адчыніць дзверы, агледзеў розныя надпісы на іх, аб'явы пра нумар паштовага індэкса, пра тое, што, ідучы з дому, трэба выключаць электрапрыборы, прачытаў надрукаваную на машынцы аб'яву: «У сераду 26 чэрвеня ў чырвоным кутку мае адбыцца агульны сход жыхароў, прысвечаны добраўпарадка-ванню тэрыторыі двара». Вышэй над уваходам быў прыбіты нумар пад'езда з нумарамі кватэр у ім — ад першай да 20-й. Значыць, патрэбнай яму кватэры тут не было. I ён прайшоў уздоўж дома, прамінуў другі пад'езд і завярнуў у трэці.

На лавачцы ля дзвярэй сядзелі дзве старыя, нягледзячы на гарачыню цёпла апранутыя бабулі, адна нават з валёнкамі на нагах; другая трымала ў руках кіёк. Яны вельмі ўважліва, амаль падазрона ўгледзеліся ў яго, прыпыніўшы сваю ціхую гаворку. Але ён не запытаўся нічога — ён ужо ведаў, дзе што трэба шукаць, і зірнуў на шыльдачку над дзвярыма. Кватэры ад 40-й да 60-й — значыць, патрэбная была тут. Зноў адчуўшы, як варухнулася ў грудзях сэрца, адчыніў дзверы і ўвайшоў у пад'езд.

На першай пляцоўцы было чатыры кватэрных нумары — ад 40-га да 44-га, і ён паволі скіраваў вышэй. Ля акна віселі соты паштовых скрынак, з якіх дзе-нідзе тырчалі газеты, ён прыгледзеўся да іх нумароў і ўзрадаваўся: пяцьдзесят другая была тут, на трэцім паверсе.

На другой пляцоўцы ён трохі адпачыў, з нязвыкласці ўзяла задышка, нібы прынёс вёдры вады з крыніцы. Да таго ж ён не мог пазбавіцца ад дзіўнай няёмкасці, якая ўвесь час даймала яго так, нібыта ён ішоў з якой просьбай ці быў вінаваты ў чымсьці. Ведама, як ні думай, як ні ўгаворвай сябе, а сустрэча мела адбыцца нялёгкая. Напэўна, было б лепш наладзіць яе на некалькі гадоў раней, ды раней хіба ён ведаў, дзе яго шукаць? I так дзякуй пляменніку, — а то дзе і калі б ён яго адшукаў? Пяцьдзесят другая кватэра была крайняя злева, як і ва ўсіх, фарбаваныя шэрай маслянай фарбай дзверы, акуратны палавічок ля парога, нумарок наверсе. Ён паставіў ля ног чамаданчык, перадыхнуў і, не адразу перамогшы ў сябе нерашучасць, ціха пастукаў костачкай пальца. Пасля, счакаўшы, пастукаў зноў. Здалося, недзе пачулася гаворка, але, услухаўшыся, ён зразумеў, што гэта гучала радыё, і пастукаў яшчэ. На гэты ягоны стук, аднак, адчыніліся дзверы суседняй кватэры.

— А вы пазваніце, — сказала з парога жанчына, таропка выціраючы фартухом счырванелыя рукг. Пакуль ён няўцямна азіраў дзверы, як тут пазваніць, яна пераступіла парог і націснула на маленькую кнопку званка, непрыкметна прыладжаную да вушака збоку. Усярэдзіне раздаўся прарэзлівы трэск, але і пасля гэтага дзверы пяцьдзесят другой не адчыніліся.

— Значыць, няма, — сказала жанчына. — Зранку малая тут бегала, ды нешта цяпер не відаць. Значыць, пайшлі куды ў горад.

Ён збянтэжана прыхінуўся да лесвічнай парэнчы і не ведаў, што рабіць далей. Неяк ён не падумаў раней, што іх можа не аказацца дома, што яны некуды пойдуць або паедуць. Зрэшты, звычайная справа. Хіба ён сам увесь дзень сядзіць дома? Нават і цяпер, калі выйшаў на пенсію.

Але, мусіць, рабіць тут ужо не было чаго, — не чакаць жа на гэтай пляцоўцы, — і ён завярнуў да прыступак. Суседка перад тым, як зачыніць свае дзверы, крыкнула следам:

— Во, дык футбол жа сёння! Ці не на футболе яны?

Можа, і на футболе або яшчэ дзе. Ці мала куды можна пайсці ў горадзе ў пагодны выхадны дзень — у парк, кіно, рэстаран, тэатр, цікавых мясцін тут хапае, не тое што ў вёсцы. А ён спадзяваўся, дурань, што яны трыццаць гадоў сядзяць дома і чакаюць, калі ён прыедзе да іх у госці.

Ён пратупаў уніз шэсць крутаватых лесвічных маршаў і выйшаў з пад'езда. Бабулькі пры яго паяўленні адразу спынілі сваю гаворку і зноў з перабольшанай цікаўнасцю ўгледзеліся ў яго. Але ён ужо не адчуваў няёмкасці, спыніўся, на краі дарожкі і хвіліну думаў, што рабіць далей. Мусіць, усё ж трэба было пачакаць. Ногі пасля доўгай хады прасілі адпачынку, хацелася прысесці, ён згледзеў у глыбіні двара пад сцяной нейкага цаглянага хлеўчука здатную лаўку ў цяні і павольнай хадой прытомленага чалавека пайшоў да яе.

Найперш ён паставіў на лаўку свой чамаданчык, пасля сеў сам і выцягнуў натруджаныя ногі. Тут ён палаяў сябе за тое, што паслухаў жонку і надзеў новыя гамашы, — трэба было ехаць у старых, разношаных. Цяпер няблага было б зняць іх з ног, але, азірнуўшыся, ён пасаромеўся: вакол былі людзі. Непадалёк, ля гаража, такой жа, як гэта, цаглянай збудоўкі два мужчыны завіхаліся каля растрыбушанага, з паднятым капотам і парасчынянымі дзверцамі «Масквіча», гаманіла дзятва ў недалёкай пясочніцы пад драўляным грыбам-мухаморам. Адсюль яму добра відаць быў пад'езд з бабулямі, і ён пачаў назіраць за прахожымі — здавалася, што ён іх пазнае, як толькі яны паявяцца ля свайго пад'езда.