«Пагрэюся ў вас. А то скалеў, халера…»
Учуўшы знаёмы голас, Верхавец ледзь не падскочыў ад здзіўлення, павярнуўся і толькі прамовіў:
«Грыбаед, ты што?..»
«Ды скалеў, кажу. Ватоўку нехта забраў…»
Яны абодва ўтрапёна ўставіліся на Грыбаеда, які, безуважны да іх спалоху, спакойна грэў сабе выстаўленыя да вогнішча рукі, ні слова не кажучы пра сваё дзівоснае вяртанне амаль з таго свету, і яны не адважыліся яму нагадаць пра тое. Уранку яго яшчэ раз агледзеў доктар, таксама здзівіўся; пару тыдняў Грыбаед паляжаў у санчасці, а затым застаўся ў ёй пры конях. Рана на галаве загаілася, асаблівага болю ён не адчуваў, толькі амаль зусім перастаў спаць і клапатліва аберагаў ад спёкі прастрэленую галаву.
Ды не ўбярог — мабыць, прастрэлілі і другі раз. Цяпер ужо канчаткова.
Разважыўшы так, Ляўчук падумаў, што, мусіць, трэба выцягнуць яго абгарэлае цела з гэтага тока і пахаваць дзе ў лесе. Бо што ж ён будзе ляжаць так і смылець — мала яму было пакут пры жыцці?
Усё прыслухоўваючыся да сцішанага наваколля, ён сунуў пісталет у кабуру, зашпіліў яе і зноў ступіў да варотаў. Але толькі ён нагнуўся над Грыбаедам, як дзесь зводдаль шалёна забрахаў сабака, і з боку ад вёскі пырхнула ўгору ракета. Захоплены знянацку, Ляўчук здрыгануўся, згорбіўся ў дзвярах, асветлены яе зыркім імклівым агнём, а затым адскочыў назад і схаваўся за яблыню. Ракета агняным шнуром у небе шыбанула ледзь не да самага гумна, трохі, аднак, не даляцеўшы да яго, ударылася аб зямлю, падскочыла і дагарала, ярка адбіўшы перад сабой нейкі чорны курганок ці зараснік, цень ад якога накрыў падворак. Як толькі сцямнела, Ляўчук падаўся назад у жыта, апанылы ад думкі, што яго заўважылі, і чакаў стрэлу ці другой ракеты. Аднак стрэлаў больш не было, а другая ракета з'явілася ў небе зусім з другога боку, ад дарогі і лесу — яна ярка заззяла ў вышыні над пагарэлым гумном і жытам, бязлітасна зырка асвяціўшы іх сваім ненатуральна яркім міготкім святлом. Але ён ужо быў да яе гатовы і жвава прысеў у жыце, тут яго не так проста было заўважыць. Ракет ён не баяўся — баяўся стрэлаў і яшчэ болей сабак. Той басавіты брэх у спаленай вёсцы быў яму дужа знаёмы і болей за ўсё іншае скрабянуў па яго пачуццях.
Калі і гэтая ракета згарэла, ён шыбануў праз жыта да алешнічку, ды раптам спыніўся, прысеў. Здалося, пачуўся голас, нават нібыта далёкі дзіцячы плач, і ён аціх, затрымаў дыханне, услухаўся. Ці не здані завяліся ў гэтым жыце, дзівячыся, падумаў ён, як зноў зусім выразна данёсся аднекуль ціхі, поўны жальбы плач зусім яшчэ малой істоты, і ён, жахнуўшыся, кінуўся далей у жыта.
Ён, мусіць, і ўцёк бы ў лес, калі б у той час амаль перад ягоным тварам не разанула цемру трасірная чарга. Блізкія разрывы куль у алешніку, нібы рэха, з абсалютнай дакладнасцю паўтарылі яе далёкі імклівы трэск, і ён зноў распластаўся на мулкіх грудах жытняе нівы. Цяпер ён ужо ведаў пэўна, што яго заўважылі і што стралялі па ім з дарогі і ад вёскі; значыць, ратавацца трэба ўсё тым жа ўчарашнім шляхам у лес. Калі чарга сціхла, ён тут жа ўскочыў, але, перш чым пабегчы, завярнуў па жыце ўбок, трохі нават назад, прыпыніўся, услухаўся і ўбачыў непадалёк белую плямку ля самай зямлі. З нечаканай надзеяй ён кінуўся да гэтае плямкі, ужо пэўна ведаючы, што гэта, падхапіў цёплы жывы камячок на рукі і, прытуліўшы да грудзей, аббег трохі шырэйшае кола па жыце. Гэта было і дзіўна, і зусім недарэчна: ён думаў, што дзесь тут павінна ляжаць і Клава, забітая ці жывая. Але Клавы не было. Адчуваючы тлумнае замяшанне ў галаве, Ляўчук пабег упоперак нівы да алешніку.
— Ух, гады! Ух, гады! — роспачна казаў ён сабе, слухаючы, як недзе паблізу гаўкалі, скавыталі сабакі. Але ўжо побач быў лес, і ён разам з малым на руках неўзабаве ўбег у алешнік. У той самы момант ззаду стрэлілі новай ракетай, і па алешніку прайшла доўгая чарга. Яркае святло, перамешанае з дзівоснай блытанінай ценяў, рынулася на яго ззаду, некалькі трас блізка прашылі начны хмызняк, абдаўшы яго трэскам разрыўных куль і абабітым галлём. Ён упаў на адно калена, жахнуўшыся, што так не ўцячэ, што бегчы па лесе з малым немагчыма. Але па полі ён не ўцячэ тым болей, там яго дастануць першай чаргой. I ён пабрыў у цемры навобмацак, левым плячом рассоўваючы голле, захінуўшы крысом пінжака малога, які трохі неяк аціх і толькі перабіраў ножкамі ў мокрай пялёнцы.
15
Першы нясмелы ранак напаткаў яго ўскрай балота, у рэдкім куп'істым алешніку.