Выбрать главу

I ён наважыўся нікуды не ісці, чакаць тут. Сядзець было зручна і не горача ў засені, можна было ўволю паназіраць за жыццём у новым гарадскім квартале, які ён упершыню бачыў і ў якім яго шмат што цікавіла. Праўда, думкі яго ўсё вярталіся ў даўняе сваё мінулае, якое, мусіць, навек звязала яго з тым чалавекам. Памятаў ён усё так, нібы яно здарылася ўчора — тры дзесяткі гадоў нічога не прыглушылі ў ягонай учэпістай памяці, тым болей што тое было самае яркае і, можа, самае значнае ў ягоным жыцці. Многа разоў ён перадумваў, успамінаў, пераасэнсоўваў гэта мінулае, кожны раз ставячыся да яго па-новаму. Нешта з перажытага выклікала ў ім ціхі сорам за свае, можа, не зусім здатныя на цяперашні розум учынкі, нешта здзіўляла, а нешта было яго гонарам, зместам яго сціплай вайсковай годнасці. Усё разам яно і складала ягоную чалавечую сутнасць, з якой ён і дажываў свой век.

2

Памятае, тады яму дужа хацелася спаць, але толькі ён задрамаў пад елкай, як нехта яго паклікаў, быццам нават знаёмы па голасе чалавек, і сон ад яго адкаснуўся, гатовы ўжо і прапасці зусім. Ды не прапаў. Сон быў такі неадольны і з такой сілай авалодаў зморанай за тры дні Леўчуковай істотай, што ён не прачнуўся. Праўда, да соннай яго свядомасці ўсё ж даходзіла неспакойная лясная рэальнасць: шастанне голля ў зарасніку, нечая гаворка зводдаль, нямоцная, хоць і недалёкая страляніна, якая, зрэшты, не сціхала тут з першага дня блакады. Але Ляўчук знарок ашукваў сябе, што не чуе нічога, і спаў, нізавошта на свеце не хочучы без пары прачынацца. Яму трэба было паспаць хоць пару гадзін; здаецца, ён першы раз у жыцці займеў такое права на сон, якога цяпер, апроч, хіба, немцаў, не маглі пазбавіць яго ні старшына, ні ротны, ні нават сам камандзір атрада. Ляўчук быў паранены.

Параніла яго надвячоркам на Доўгай градзе, неўзабаве пасля таго як рота адбіла чацвёртую за дзень атаку і карнікі, пасцягваўшы з балацявіны сваіх параненых і забітых, трохі ацішэлі. Мабыць, яны чакалі якога загаду, і іхняе начальства задумалася. Зрэшты, было ад чаго. Не новая гэта на вайне справа, калі камандзір войска, чатыры атакі якога не далі выніку, адчуе патрэбу падумаць, перш чым аддаць каманду на пятую. Ужо трохі напрактыкаваны ў гэтакіх справах Ляўчук таксама адчуў у сваім неглыбокім, перавітым карэннем акопчыку на грудку, што карнікі выдыхліся і для роты, мабыць, настаў які-ніякі перадых. Сцяміўшы гэта, Ляўчук апусціў увесь дзень не адніманы ад пляча прыклад свайго «дзегцяра» і дастаў з кішэні ўсохлы і абкрышаны кавалак хлеба, які памалу і зжаваў увесь, з засцярогай аглядаючы перад сабой нешырокі лясны прасцяг з асакой, хмызняком ды невялічкай імшарынай-балацявінай. Наедак з таго кавалка быў невялікі, і ўсё ж Ляўчук трохі замарыў чарвяка, і тады, як заўжды ў такім выпадку, закарцела курыць. Як на бяду, махорка ў яго скончылася, і ён, прыслухаўшыся, гукнуў суседа, што непадалёк сядзеў у гэткім жа неглыбокім пясчаным акопчыку пад хваіной і ад якога ў ціхім вечаровым паветры, здаецца, ужо пацягнула духмяным дымком самасейкі.

— Кісель! Кінь «бычка»!

Кісель неўзабаве кінуў, аднак не дужа ўдала — хваёвы сучок з зашчэмленым у ім «бычком» упаў, не даляцеўшы да акопчыка, і Ляўчук не без некаторай асцярогі пацягнуўся за ім рукой. Аднак каб дастаць, рукі не хапала, і ён, вылезшы плячмі з акопа, напяўся больш, каб дастаць далей. Якраз у той час штосьці імпэтна шчоўкнула пад яго рукамі, у твар прыснула пяском, лісцем і сухой ігліцай, і ў той жа час бахнуў недалёкі стрэл за балотцам. Кінуўшы пракляты «бычок», Ляўчук тузануўся назад, у акопчык, не адразу адчуўшы, як замакрэла ў рукаве і на прадплеччы, і тады, здзівіўшыся, згледзеў у пінжаку на плячы невялічкую дзірку — ад кулі.

— Ах ты, халера!!

Гэта было недарэчна і дзіўна, каб яго параніла, ды яшчэ гэткім несур'ёзным, амаль што бязглуздым чынам. Але так, параніла і, мабыць, добра, бо хутка кроў палілася з рукава па пальцах і па рукаве пінжака праз дзірку.

Рука паволі мярцвела, быццам адлежаная, у пальцах дробненька закалола, нібы іх апанавалі мурашкі. Сеўшы ў акопчыку і ўсё лаючыся, Ляўчук леваруч як-кольвечы абкруціў нясвежай паркалёвай анучкай, у якой быў загорнуты хлеб, сваё плячо і сцяў зубы. Толькі спакваля да ягонай свядомасці пачаў даходзіць невясёлы сэнс ягонага ранення, узяла злосць на сябе за неасцярогу, а найбольш на тых, за балацявінай. Трываючы боль, Ляўчук схапіўся за кулямёт, каб добрай чаргой секануць па лазняку, з якога яго гэтак вераломна падпільнавалі, ды толькі здушана войкнуў. Ад дотыку кулямётнага прыклада плячо яго пранізаў такі боль, што ён раптам і відавочна зразумеў: больш ён не кулямётчык. Тады, не высоўваючыся з акопа, ён зноў гукнуў Кісялю: