Выбрать главу

17

…Нейкі нядоўгі час ён пачаў пазіраць на балконы і не адразу, а неяк спакваля, здагадаўся, шго трэці балкон над пад'ездам — іхні. Сапраўды, калі іх кватэра размяшчалася злева — значыць, вокнамі выходзіла ў двор, дзе быў гэты балкон з вузенькімі зашклёнымі дзвярыма, нейкімі кветкамі ў вазонах-карытцах, падвешаных да балясаў. Там жа было відаць плеценае крэсла-столік, з даху звісаў канец тоўстага провада ад антэны. I тады нечакана для сябе ён убачыў там маладую жанчыну ў светлым халаціку, якая нячутна выйшла з пакоя, паліла са шклянога слоіка кветкі, зірнула ўніз і зноў нячутна знікла ў кватэры, пакінуўшы расчыненымг балконныя дзверы.

Ляўчук сядзеў, не ў стане адразу ўсвядоміць сэнс гэтай падзеі, хоць ён і разумеў, што дачакаўся. Так, ён дачакаўся столькі гадоў чаканага свайго спаткання. ЁН — там! Краем вока Ляўчук заўважыў чвэрць гадзіны назад, як нейкая пара прайшла ў пад'езд, але ён убачыў толькі спіну мужчыны, невысокага, вастраплечага, з худымі локцямі, што тырчалі з кароткіх рукавоў тэніскі, і не надаў таму ўвагі. У ягоным уяўленні Платонаў быў іншы, і ён сядзеў яшчэ, усё прыглядаючыся да кожнага з рэдкіх тут, выпадковых прахожых. Ды, мусіць, настаў час уставаць. Жыцце рэдка песціць чалавека спраўджаннем ягоных мараў, жыццё мае звычку рабіць па-свойму. Але і чалавек любіць, каб было па ягоным, вось і ўзнікаюць тады нелады, якія часам кепска канчаюцца.

Пэўна, усё, пра што Ляўчук марыў гэтыя трыццаць гадоў — дзіцячая забаўка, не болей. мабыць, усё будзе інакш. Але ён павінен даведацца, ЯК? Надта шмат спрасавалася ў тым яго партызанскім выпадку, з якім яму дажываць жыццё. Тым болей што пасля ўдача зусім пакінула яго. У канцы блакады аднялі руку, і ён заняў Грыбаедава месца ля коней у санчасці. Жыў успамінамі, галоўным з якіх быў гэты ўратаваны ім ад воўчае зграі малы, што затым невядома куды падзеўся. Як Кулеш павёз яго па дарозе, так Ляўчук ні разу болей яго і не ўбачыў. Пытаўся ва ўсіх пры кожным выпадку, але ўсё марна. Каму было ведаць пра нейкае немаўля, калі прападалі сотні дужых, дарослых, вынослівых? Узнагародамі Леўчука таксама не шмат надзялілі: у час, калі ён ваяваў, было не да гэтага, а пасля ён ужо не ваяваў — быў абознік. Таму найбольшую ўзнагародай для ягонага сумлення заставаўся гэты малы, цяперашні грамадзянін краіны Віктар Платонаў.

Паволі, перамагаючы нечакануго слабасць у нагах, Ляўчук устаў з свае лаўкі і пайшоў да пад'езда. Хваляванне ахапіла яго за ўсё разам: за тое даўно ім перажытае, за ягоную радасць і ягоныя страхі, за сваё, якое-ніякое, а ўжо пражытае жыццё, за сустрэчу, да якой ён імкнуўся трыццаць гадоў.

Стрымліваючы ў сябе нейкуго чуллівую, цёплую хвалю, ён паволі, з перадыхам, падняўся па лесвіцы на трэці паверх. Знаёмыя дзверы, як і раней, былі шчыльна зачынены, але цяпер ён пачуў за імі людзей і націснуў на кнопку званка. Ён чакаў, што нехта адчыніць, ды замест таго пачуў з глыбіні кватэры басавіты мужчынскі голас:

— Да, да! Заходзьце, там не зачынена.

I ён, забыўшыся зняць кепку, павярнуў ручку дзвярэй.