Тады Франсуа ўзяў яго на рукi, падышоў i кiнуў брату пад ногi, пяшчотна паўтараючы: "Глядзi, глядзi, глядзi, Жан, вось ён!"
Пасля адно на адно ён паклаў целы на сядло i паехаў дамоў.
У слязах i радасцi - зусiм як Гарганцюа, калi нарадзiўся Пантагруэль, - ён вярнуўся ў замак. Ён заходзiўся пераможным крыкам i тупаў нагамi ад радасцi, што забiў звера; ён енчыў i рваў бараду ў адчаi ад братавай смерцi.
I часта пазней, калi яму даводзiлася расказваць пра гэты выпадак, ён гаварыў са слязамi на вачах: "Каб толькi бедны Жан змог паглядзець, як я задушыў ваўка, ён бы памёр спакойна, я веру!"
Удава майго продка выхавала ў сына-сiраты агiду да палявання, i гэтае пачуццё праз пакаленнi перадалося i мне.
Маркiз д'Арвiль змоўк. Нехта спытаўся:
- Тое, што вы расказалi, гэта легенда?
Ён адказаў:
- Клянуся, усё ад самага пачатку праўда.
А адна жанчына цiха сказала:
- Праўда цi не, але добра, што бываюць на свеце такiя апантаныя людзi.