I толькі гмінны дэпутат Сальцісон, нечаканым ходам здарэнняў уключаны ў гэты народны партызанскі атрад, сачыў сваю порцыю малымі, арыстакратычнымі глыткамі. I як пакрыўджанае дзіця, зірыў на барменку Валянціну, на прыпісаных лёсам таварышаў нядолі, на сакратара. На адзін кароткі міг іх позіркі перасякліся. Сакратар, збягаючы ўслед за неадкладнымі справамі, быў ужо ў дзвярах. Але ж спыніўся, вярнуўся назад. Моўчкі паціснуў чатыры далоні, гладка паголенай шчакой крануў чатыры шчаціністыя шчакі. Дакладна так славутыя правадыры пасылаюць у бой сваіх лепшых гвардзістаў. Далонь Сальцісона сакратар паціснуў мацней і прытрымаў даўжэй.
— Не мушу гаварыць, разумееце самі, Сальцісон, на вас, як на гміннага дэпутата, войт ускладае найбольшую адказнасць і асаблівыя спадзяванні, — сакратар папесціў цёплым, бацькоўскім позіркам усе чатыры фігуры і дадаў: — Ідзіце і перамагайце.
І яны адставілі чатыры парожнія шклянкі і пайшлі.
— Ты спаць сюды прыйшоў? — голас Сальцісона паўтарыўся загушчаным рэхам. Лішне, Колька поўнасцю ўжо выкараскаўся з абдымкаў сну і прыходзіў да берагоў рэчаіснасці, акружаны воўчым стадам страшных думак: “Божанькі, гэта ж заўтра ўжо! Заўтра наш войт можа не быць войтам! І ўсё, як заўсёды тут, памяняецца да горшага. Прыйшлі Валенса з Бальцаровічам, і што? І адразу мой трактар чэрці на хвастах паняслі. Цяпер прыйдзе новы войт і навядзе свае парадкі. А Таццяна з’ехала і не вернецца ніколі. Казаў жа Сашка Карчук, што гэты новы кандыдат ніякіх ходаў па другі бок мяжы не мае. З дэмакратамі іхнімі тусуецца і Лукашэнку абяляць імкнецца. І вось, барані Бог, і туды завітае Еўропа з сваёй дэмакратыяй, і калгасы ляснуцца, як і ў нас было, дык і Таццяна збяжыць у якісьці Брэст, або і Парыж. А ў Парыжы напляваць на Кольку Таццяне, — халодная, лістападаўская маланка тузанула Кольку з лавы, кінула на падлогу, на калені. Ен кленчыў, узіраючыся ў вочы бабкі Марусі. У гэтых старых, як свет, вачах кандэнсаваліся ўсе найлепшыя хвіліны гісторыі ўсяго чалавецтва. Пампеі, знікаючыя ў попелах Везувія. Рым, адным жэстам, адным словам імператара Нерона пераменены ў найбуйнейшае вогнішча старажытнага свету. І нават луг пад Грунвальдам быў там. Цёплы луг, замглёны папарваючымі копкамі чырвонага сена. Але звычайныя людзі, хто не імкнецца жыць вечна на каменных пастаментах і ў папяровых лабірынтах гістарычных падручнікаў, — яны не шукаюць у сумеснай памяці мост, расцягнуты па-над ракой крыві і ахвяраў. Мост з горшага берага да лепшага. Яны шукаюць вядомае толькі сабе, імгненні і хвіліны, што капляй сэрца згубіліся ў прыдарожных васільках, у польных маках. I ў вечных вачах бабкі Марусі Колька адшукаў стары аўтобус на беларускіх нумарах. Аўтобус марудна і неахвотна, кашляючы чорным дымком, кіраваўся на мяжу, на Палоўцы, Пяшчатку і далей, у Пружаны. I ўбачыў Колька, як праз заднюю шыбу аўтобуса жаночая далонь махае хустачкай на развітанне. I халоднымі дрыготкамі ўскалыхнулася душа, і прытулілася да цёплага страўніка. Як і тады, працягнуў руку ў кішэню. Але хустачкі памахаць у адказ там не знайшлося. I пальцы заціснуліся мацней на пачку папяросаў, безразумна пакамечылі дзве апошнія “прымкі”, днём раней набытыя ў кантрабандыстаў.
— Бабка, а калі б мы вас заняслі ў дом культуры?
— Як, заняслі? На руках?
— На руках. На гэтых вось, — у голасе Чокуна прагучала дэсперацыя. Стрэлкі гадзінніка пайшлі насустрач чарговай гадзіны і, не спыняючыся, ішлі далей, да акна, на вуліцу, да прачыненай на мяжы гарызонту фортачкі ў невядомае.
— Калі на руках, я падумаю.
— Думайце, бабка. Думайце, абы хутка.
— Розныя калісьці мяне на руках насілі. Хто толькі ў сіле быў, той і насіў. Ніхто не адказваўся, — усміхнулася сваім думкам, цукеркавая слодыч усплыла на яе вусны. Але раптам замоўкла, адступіла ў сябе. Дакладна так адступае чалавек, што вышпарыцца наперад у радаснай гонцы, забываючы пра парваныя на задніцы нагавіцы, што ўсміхаюцца свету белымі зубамі кальсонаў.
— Ну як, бабка? !дзем паставіць крыжык? — ад хвалявання, каб не прапусціць доўгачаканае слова, Чокун завіс вачыма на вуснах бабкі Марусі.
— Нікуды не пайду. У царкву пайшла б, свечку б паставіла, за майго Арцёма і за ўсіх родных. А крыжыкі мне навошта? — цяпер зачынілася ў сабе на тры замкі. Аблакацілася на стол, паставіла падбародак на далонях і глядзела ў акно, на сваё адлюстраванне, размалёванае паўсвятлом на паўзмрочным шкле.
— Блін, прыдумай што-небудзь, — Чокун тузануў Сальцісона ў спіну. — А восьмай зачыняць участак — і канец песні.