— А нібыта чаму я?
— Чаму, чаму. А хто гмінны дэпутат? Я ці ты?
— Ну, я.
— Значыць, табе і падумаць трэба. А можа, ты сядзіш там дваццаты год, пярдзіш у крэсла і ўзіраешся ў войта, як бабка ў святую кніжку? I чакаеш, ці не абдорыць войт чарговым дыпломам.
— Ты не бойсь. Мне даваў войт дыпломы і яшчэ дасць. Бо і варта. А ты пабачыш дыплом, як вуха ад селядца, — адрэзаў Сальцісон. На вусны ціснуліся словы аб беспрацоўных трактарыстах, сноўдаючых з раніцы да вечара навакол прадуктовай крамы ў чаканні шчодрага донара, што ўпрыгожыць дзень бутэлькай піва або віна маркі “віно”. Аднак у апошні момант Сальцісон укусіў сябе за язык, заціснуў зубы. “Стой, Сальцісон. Палітык ніколі не павінен гаварыць усё, што думае. А ты ж палітык. Ты быў калісьці на вогнішчы з прэм’ер-міністрам. Заедзеш у Гайнаўку, выпадкова на вуліцы сустрэнеш павятовага старасту, і ён табе першы пацісне руку. А войт узяў цябе калісьці на сустрэчу з ваяводам. Гутарка ішла там пра такія складаныя справы, што нат ты, гмінны дэпутат, не ўсё зразумеў. А што зразумеў бы такі вось прасцяк? Нічога. Ад стрэсу памёр бы. Зірнуў на ўкленчанага Чокуна і цяжка ўздыхнуў, як палітык, загружаны абавязкам складаных перамоваў з апазіцыяй.
Вядома, можна аддацца сумневам: а што ж значыць гмінны дэпутат у параўнанні з прэзідэнтам Амерыкі, па-нам Джорджам Бушам, што пстрычкам пальцаў можа прыбраць з зямлі цэлы горад? I ці можна паставіць такога дэпутата нават на адну вагу з падляскім ваяводам, што бестурботна бавіць час у кабінеце сталёвашкляной будыніны, за сцяной вартуюць дзве прыгожыя сакратаркі, адна яму варыць каву, другая гарбату, а на вуліцы кіроўца сваёй слінай паліруе ў бясконцасць службовае аўто? Ці можна ў рэшце рэшт пасадзіць такога дэпутата за адзін стол з павятовым старастам, што, стомлены пяцідзённай цяжкай працай, у пятніцу пасля поўдня тэлефануе другім старастам і важным дырэктарам і, пазяхаючы, кажа ў слухаўку: “Хлопцы, а давайце стрэлім заўтра якога дзіка або зайчыка”. І на досвітку саджае на галаву капялюш з паўліным пяром, засоўвае ў кішэню пляскатую бутэльку французскага каньяку, вешае праз плячо дубальтоўку і знікае ў пушчанскай гушчэвіне да нядзельнага вечара.
Малы каменьчык, гмінны дэпутат — падумаюць дылетанты. Але кожны, хто хаця б адным пальцам дакрануўся да палітыкі, ведае — на такіх каменьчыках і грунтуецца ўся піраміда ўлады. Камяні зверху і камяні знізу павінны трымацца ў адной кучы, каб напярэдадні важных выбараў не рассохся, не выкрышыўся нябачны клей, званы голасам народа. У другім выпадку абрынецца піраміда, разыдуцца дробным макам камяні, і кожны, хто захоча, нават такі Колька Чокун, зможа таптаць іх, плюючы пад ногі чорнымі семушкамі.
— Ты мне дыпломамі не даганяй. Даў войт, значыць заслужыў я. Такія, як я, кормяць усіх гарадскіх гультаёў. І не адно гарадскіх, — у голасе Сальцісона прагучала тонкая алюзія, закід усялякім Чокунам, што не сеюць і не жнуць, і толькі беспрадуктыўна пераапрацоўваюць кісларод у вуглякіслы газ.
Стаялі шарэнгай. Найлепшыя вытворцы малака ад усяе гміны. Было іх сем. Сем цудоўных мужчын у чорных і цёмна-сініх гарнітурах па дзвесце трыццаць злотых кожны. Пад напорам шырокіх плячэй швы падыходзілі да межаў вытрымкі, a кадыкі, раздражнёныя пахамі, якія цягнуліся з суседняга пакою, трапяталіся, нібыта дзікія птушкі, замкнёныя ў цесных клетках гальштукаў.
— Віншую, — зграбна стаўляючы левы бліскучы боцік да правага, войт крочыў уздоўж шарэнгі. Моцна, па-мужчынску паціскаў далоні, і ў кожнай далоні заставаўся насычаны залатымі прыгажосцямі дыплом. На адвароце, у самым цэнтры, віднеў надпіс, старанна выкаліграфаваны рукой гміннай сакратаркі: “Найлепшаму вытворцу малака”. Вышэй стаяла дата, а знізу круглая пячатка з арлом і размашысты аўтограф гаспадара гміны. Калі б павярнуў Сальцісон свой залаты дыплом на другі бок, знізу, у правым куточку, знайшоў бы авальную фіялетавую, як спелая сліва, пячатку: “Зроблена ў кааператыве інвалідаў “Будзь здароў”. Цана адзін злоты дзевяноста дзевяць грошаў”. Але пакуль нацешыў вочы залатымі зігзагамі, пакуль пяшчотным дотыкам тройчы пералітараваў слова “найлепшаму”, пакуль прывітаўся з арлом у кароне на чырвонай пячатцы, адчыніліся дзверы ў вялікую залу гміннага ЗАГСа, з прыхаванай у кутку гаварылкі сарваўся “We Are the Champions” гурта “Квін”, і высокі голас Фрэдзі Мерк’юры, растрасаючы па баках шкло і парцаляну, прабегся па сталах, загарнуў кампанію і павёў за сабой. Сальцісон асцярожна скрунуў дыплом у рулончык, засунуў яго ва ўнутраную кішэню пінжака, падхапіў пад руку шлюбную жонку. Жонка фарсіла новай сукенкай і пахла свежымі вяндлінамі. У дадзены момант вяндліны красаваліся на сталах, а яшчэ ўчора ўсе гэтыя паляндвіцы, каўбасы і беконы выразала з суседкамі з кабана, купленага на сённяшнюю нагоду найлепшымі ў гміне вытворцамі малака ад найлепшага ў гміне вытворцы мяса.