Выбрать главу

— Кажаш, разбудзім? — упэўнілася бабка.

— Без сумнення, бабка. Разбудзім і на ногі паставім!

— Хм. Кажаш, разбудзім. Калі так, нясіце мяне. Дайце толькі кажушок. Там, побач з дзвярыма, вісіць, — расселася пасярэдзіне лавы, заціснула пад падбародкам кончыкі хусткі, склала далоні на грудзях. Загарнулі бабку ў кажушок, апусціліся на калені. Адну пару рук спялі за яе спінай, другую ніжэй, пад сцёгнамі.

— Устаем? — запытаў Чокун.

— Устаем. На раз-два-тры, — даў каманду Сальцісон.

Напружваючы мускулы рук і ног, сантыметр за сантыметрам лавілі вертыкальную пазіцыю.

— Ну, ужо нашая, — застагнаў Чокун.

Падышлі да дзвярэй.

— Блін, зачынены. Чаму раней не адчыніў, — гыркнуў Сальцісон.

— А нібыта чаму мне аб усім думаць? А твой дэпутацкі розум дзе? Ніжэй спіны? — Колька не застаўся ў даўгах.

— Ладна, шкада часу. Давай назад, — Сальцісон заціснуў зубы і замоўк. “Чорт лысы. Вось давялося, вось блін, дажыўся! Плячо ў плячо з Чокунам бізнес рабіць, за лепшую будучыню змагацца. А хто ж ён? Былы трактарыст. Нават бабы сваёй не мае”.

Зноў пасадзілі бабку на лаву, асцярожна, як сапёры ўкладаюць на кузаў машыны пакінутую саветамі або немцамі праіржавелую міну. Сальцісон адчыніў дзверы ў сенцы і другія, на вуліцу. Свежы лістападаўскі холад забег на кухню. Цырыманіял ладкавання бабкі ў жывы кошык паўтарыўся, але вынікам трэніроўкі цяпер усё пайшло куды хутчэй. Выйшлі. Прыпыніліся на ганачку. Чокун тузануў каленам дзверы, і дзверы зачыніліся. Скалыхнуўшыся, схапіўшы раўнавагу, сінхранізуючы рытм крокаў, пайшлі да фортачкі.

У кошычку, сплеценым з мужчынскіх далоняў, сядзелася бабцы Марусі не менш выгодна, як імператарцы Клеапатры на сваім караблі, калі спяшала на сустрэчу з Маркам Антоніем. Борт карабля быў пазалочаны, вёслы срэбныя, а па-над бортам стаялі пурпурныя ветразі. Галаву Клеапатры прыхарошвала залатая карона, а на шыі пабразгвалі сапраўдныя жамчужыны.

Тут, калі б прысесці на кукішках, калі б глянуць знізу, і ўкласці ў позірк жменьку ўяўлення, таксама можна б падумаць, што на галаве бабкі Марусі зіхаціць карона, адлітая з месяца, а абапал квяцістай хусткі дындаюць навушніцы з зор. Аднак ні Чокун, ні Сальцісон нічога аб Клеапатры не ведалі, бо ніколі раней не чыталі Старэйшага Плінія, які западазраваў егіпецкую каралеву ў карыстанні начнымі посудамі з сапраўднага золата. I не здагадваліся ў існаванні паэта Праперцыя, які складаў вершы пра Клеапатру — прастытутку, што аддаецца раскошам у горадзе Канопас. I ні слова не чулі пра Віктара Аўрэлія. Шкада, бо на думку Віктара Аўрэлія, Клеапатра была вельмі прыгожая, і шмат якія мужчыны ахвотна ахвяравалі жыццём за адну ноч у яе пасцелі.

Бабка Маруся таксама была прыгожая ў маладосці. I бывала, Косцік, сусед з-за плоту, або другі сусед, Юзік, бралі яе на рукі і заносілі ў вялікі ложак, высланы канічынай, пахучы мятай і рамонкамі, абсыпаны жамчужынай вечаровай расы. I цяпер, хаця час прыбраў прыгажосць, сядзела выгодна ў кошычку, сплеценым з плячэй Сальцісона і Колькі Чокуна, і яны не шкадавалі ахвяраваць пазваночнікамі, рукамі і нагамі, абы даставіць бабку ў дом культуры, дзе разлажылася аблогай гмінная выбарчая камісія.

— Ужо і не памятаю, калі апошні раз на руках мяне насілі, — едучы квяцістай хусткай праз залатыя каляіны Малочнага шляху, бабка войкнула ад захаплення. — Бадай што да шлюбу. Тады Косцік і Юзік знялі мяне з фурманкі і панеслі, аж затрашчалі царкоўныя сходы. А мой Арцём ужо чакаў у прытворы і ўсміхаўся вясёла. А прыгожы быў, як які кароль.

— I дурны, як асёл, — праз сціснутыя зубы буркнуў Сальцісон. — Калі ўжо накарысталіся, колькі ўлезе, калі абрыдла ім, як гнілая рэдзька, узялі і ў царкву завалаклі. Арцёмку аддалі.

— Што кажаце? — бабка раптоўна апусціла галаву, збіваючы з Малочнага шляху загубленую зорку.

— Нічога, бабка, нічога. Выгодна вам?

— Ой выгодна. Яшчэ як выгодна. Ах, які быў прыгожы мой Арцём. Праўда, гадоў за мяне на дваццаць старэйшы, але ў шлюбным касцюме, ну проста біблейскі імператар.

Вядома, магла б у той момант бабка Маруся аддаць сябе ў валоданне ўяўленню і на гэтую ціхую, рассветленую ліхтаром месяца вуліцу паклікаць імператара Марка Антонія, і ўлавіць яго гуллівы хлапечы позірк, якім вылузвае Клеапатру з яе сціплых паталашкаў, з незлічоных жамчужынак, залатых званочкаў і дыяментавых зорачак. Такія адкрытыя і бездапаможныя хвіліны не часта бываюць у жыцці імператараў. Бо ніколі не спяць ворагі і фальшывыя сябры, і трэба вачэй навокал галавы і каменны позірк, каб у зародку пагасіць кожную бунтарскую думку і абрэзаць далонь здрадніка, што сціскае за спінай халоднае лязо мяча або нажа.