Выбрать главу

Чокун падышоў да слупа, пагладзіў яго пяшчотна, грукнуў, нібыта, ў дзверы мінуўшчыны. Насычаная чорнай смалой драўніна адгукнулася здаровым голасам. Быў гэты слуп не як ўсе астатнія. Зломаны на вышыні метра ад зямлі і нанова зрошчаны адмысловай металічнай абоймай, трываў у доўгім ланцугу электрычных правадоў і другіх слупоў. Не быў прыгожы знешнасцю. Ен быў прыгожы сваім нутром, прагай жыцця, імкненнем стрымаць крок за другімі, меней пакрыўджанымі лёсам.

— Паглядзі ты, які дзіўны наш свет. Міліцыя пайшла ў паліцыю, калгас праваліўся, сацыялізм праваліўся, нават тую касілку іржа з’ела. А слуп стаіць, — Колька ўсміхнуўся з зачараваннем і вярнуўся на лавачку. Глядзелі праз вуліцу на жоўтыя вокны бара “Капрыё”.

— Як думаеш, хто там можа быць цяпер? — спыніў маўчанне Чокун.

— От і загадка, — паціснуў плячыма Сальцісон. — Баран, напэўна. Чума з Васільком, калі панасілі свае бабы, таксама, пэўна, там.

— Забяжым на хвілінку? — Нейкая струна, кранутая неасцярожным пазногцем успамінаў, азвалася з дна душы, і Чокуну раптоўна захацелася ўбачыць яшчэ раз Анельку Чацвёрачку, утапіцца ў натоўп, сціснуты ў чарзе, пачуць языком горкі, пякучы пацалунак албанскага каньяку.

— Ты ведаеш, і я аб тым падумаў. Але дамаўляемся — адно піва і пайшлі. Час бяжыць, — Сальцісон зірнуў на гадзіннік.

Цяпер не гублялі час на сплятанне кошычка. Лёгка сагнуўшы ногі ў каленах, прыселі абапал бабкі, схапілі яе пад рукі і павалаклі праз вуліцу.

— Мы ўжо ў царкве? — закінутая раптоўна ў светласць бара бабка ад здзіўлення разявіла рот, працерла вочы, зірнула праз плячо, у той бок, адкуль лагоднай, цёплай хваляй выходзіла музыка. — Божанькі, які цяпер у нас прыгожы хор. Малайчына, бацюшка Тарас.

Але не хор быў крыніцай гэтай прыгожай музыкі. На прылаўку побач з барменкай Валянцінай стаяў сабе магнітафончык i цёплым голасам падляскага вакаліста пераконваў усіх тут прысутных: “Маруся ты Маруся, ты чорна як цыганка. То шчэ й полюбіла, то шчэ й полюбіла, чорнявого Іванка”.

— О маць прасвятая! Нават бабку Марусю вывалаклі,

— Чума падарваўся з крэсла, скокнуў да дзвярэй, прытрымаў іх, бо дзверы, прывязаныя да спружыннага механізма, нахабна вярталіся да касяка, не зважаючы на чалавечыя пяткі.

— Па-дурацку, хлопцы, вы працу спланавалі, — Васілёк вышчырыў ва ўсмешцы жоўтыя ад папяросаў зубы. — На пачатак трэба было браць тоўстыя, а худыя пакінуць на канец.

— Ага, цяпер і ты разумны. А хто мог падумаць, што так усё складзецца і давядзецца ўсіх старух праветрыць?

— Факт, — кіўнуў галавой Чума. — Мы з Васільком дванаццаць штук заташчылі. Баран з Фёдарам таксама дванаццаць. Фёдар бедны так нацягаўся, што заснуў за сталом. Нядаўна жонка дамоў павалакла. Укінула ў тачку і паехалі. Добра мець у хаце сільную бабу. А вы колькі злавілі?

— Гэтая во, трынаццатая, — кіўком галавы Сальцісон паказаў на Марусю. Бадай апошняя, хто ў жывых застаўся.

— Разам трыццаць сем, — спраўна падвёў Чума. — Думаеце, хопіць? Пераможам?

— Ну і пытанне! Дэмакратыя дэмакратыяй, а перамога, як заўсёды, на нашым баку, — пацвердзіў Сальцісон і, павярнуўшы твар да прылаўка, загадаў: — Валя, два светлыя. За кошт гміны, ведаеш.

— Ведаю, ведаю, — падтакнула барменка Валянціна. Напоўніла два куфлі, тузанула іх на супрацьлеглы край прылаўка і паставіла чатыры рыскі на пакамечанай паперы. Працавала тут ці не трэці месяц. Раннім летам закончыла беластоцкі універсітэт, як магістр гісторыі вярнулася на бацькаўшчыну і ў чаканні лепшага занятку ўладкавалася за прылаўкам бару “Капрыё”.

У вялікіх дзеях чалавецтва крыецца шмат пераможных баталіяў і столькі ж прайграных бітваў. Аднак нешматлікія застаюцца ў сумеснай памяці народаў, а ў школьныя падручнікі маюць гонар патрапіць толькі акупленыя невычэрпнымі струмянямі крыві і ахвярнасці. I барменка Валянціна стаўляла рыскі на паперы, падвойвала іх, безумоўна, маючы на ўвазе хвалу пераможцаў. Праз сто або і дзвесце гадоў, нястомныя даследчыкі мінуўшчыны дакапаюцца да жоўтай паперы і, узрадаваныя незвычайным адкрыццём, войкнуць: “Паглядзіце, вось і яны, хто, не зважаючы на асабісты кошт, вялі чалавецтва да лепшай будучыні”.

— На мой густ, маглі б такія выбары і штотыдзень адбывацца. Добрая справа, дэмакратыя, — Васілёк нырнуў у куфаль, пацягнуў здаровы глыток.

— А ты нібыта ведаеш! Пабалатуйся, пабачыш, які гэта стрэс, — слоўцам, пачутым калісь у ваяводы, кінуў Сальцісон. I спытаў: — А гэтага новага, што пхаецца на месца нашага, ведаеш?