— Каму стрэс, каму піва на халяву. Новага не ведаю. Раз бачыў. Быў на сустрэчы, шмат чаго абяцаў. Казаў — мы цяпер у Еўропе, а там грошаў хоць адбаўляй. Праўда, шукаць трэба, рухацца. А не сядзець на дупе, як сядзіць наша гмінная рада.
— Так сказаў? На дупе рада сядзіць?
— Ну, можа між радкамі. Але хто разумны, той зразумеў.
— Ага, а гэтая іхняя Еўропа нібыта за так дае ўсім? Як, не раўнуючы, бабка Маруся ў маладосці?
— Што там балбочаце? Можна ўжо запаліць свечку? — бабка расплюшчыла вочы, затрапатала вейкамі, адганяючы салодкую дрымоту.
— Ды нічога, бабка, нічога. Спіце спакойна, мы скажам, калі свечку паставіць, — Колька пяшчотна пагладзіў галаву, загорнутую ў квяцістую хустку.
Васілёк запаліў папяросу, задраў галаву, дзьмухнуў сіняй стужкай у суфіт.
— Я не ведаю, мая хата з краю. Ен так сказаў. I яшчэ хваліўся, што мовы ведае, з ангельцамі, з французамі яму не праблема дамовіцца.
— Хі-хі. Мовамі ён валодае? — хіхікнуў Чума. А з простым народам дамовіцца не ўмее. Калі б так прыйшоў, калі б сказаў па-нашаму: “Так і так, хлопцы. Пераможам, аддзячу Вы дапаможаце мне, я вам не пашкадую”. А тут адразу бачна — навошта яму Васілёк, Чума, нават дэпутат Сальцісон. Калі ласка, хай спадзяецца сёння на сваіх французаў.
— Паглядзела жаба, коней куюць, і яна лапу падсоўвае,буркнуў Сальцісон.
— Але навычвараў дык навычвараў. Як п’яны заяц у капусце. Галасуюць за яго ўсё-такі, — уставіў Чума.
— Ага, галасуюць. А хто? Маладыя. А чаму? Бо дурныя, як то маладыя. Дзякуй Богу, няшмат іх. Зможам, пераможам.
— Наш мне бабу абяцаў. З Беларусі, — паўголасам кінуў Чокун і пільна паглядзеў на сабраных.
— Рускую? — Васілёк адассаўся ад куфля і з зацікаўленнем глядзеў на Чокуна. — Адзін мой знаёмы ўзяў сабе рускую. Ну ніяк ажаніцца не мог. Пяты крыжык на спіну зваліўся, а ён нежанаты. Аж брат малодшы з горада прыехаў і кажа: “Давай, я табе з Беларусі праз інтэрнэт пашукаю”. Не ведаю, што такое той інтэрнэт, але неблагая штучка. Праз месяц прыехала. Здалёк, зпад нейкага Віцебска. І па сённяшні дзень мужык нацешыцца не можа. Кіпцюры — кажа — не малюе, па суседках не лётае. А працавітая, як сам чорт. Нават кароў даіць ужо вывучыла. Паедзе да маці ў госці, з парожнімі рукамі ніколі не вяртаецца. Ташчыць бутэльку або і дзве і папяросаў на месяц. Жыць не паміраць.
— Чуеш, Сальцісон? Нібыта і дэпутат ты, а трындзіш дурніцу, — Колька адчуў раптоўны прыплыў аптымізму і энергіі і са смакам пацягнуў з бакала.
Сальцісон не адказаў. Зірнуў на гадзіннік і неахвотна падняўся з крэсла.
— Ладна, Чокун. Жаніцца будзем пазней. Трэба, нават і на гармоніку пайграю на вяселлі. А цяпер бярэмся за справу, у нас дзесяць хвілін.
Пусціліся на калені, сплялі далоні, пасадзілі бабку ў жывы кошык.
— Чума, трымай дзверы, — рашучым голасам загадаў Сальцісон. І Чума трымаў дзверы.
Цяпер крочылі моўчкі. Былі як дзве розныя партыі, аб’яднаныя на кароткі час, дзеля ўтрымання ўлады, для супольнага змагання з дакучаючай на кожным кроку апазіцыяй. Калісьці, у будучыні, іх сцежкі размінуцца, можа нат і ўхопяцца за чупрыны, усё гэта ў будучыні. Пакуль што ідуць згодным крокам, несучы цяжкое бярэмя ўлады.
Жоўтымі прамавугольнікамі вокнаў выходзіў з мораку гмінны дом культуры, і ў той момант бабка прашаптала:
— Паміраю.
— Што, бабка? — не зразумеў Сальцісон.
— Паміраю. Падыходзіць крэс маёй вандроўкі.
— Бабка! Так нельга. Столькі працы, столькі высілку! А вы раптам — паміраю. Так нячэсна.
Уваходзілі ў залаты круг, раскладзены лямпай над дзвярыма.
— Дыхае? — запытаў Сальцісон. Астаткам сіл падымаліся на паверх.
— Бадай што яшчэ цёплая, — адказаў Чокун. I дадаў на паўголаса: — Прыдуркі дэпутаты. Выбарчы ўчастак на другім паверсе ўладкавалі.
Сальцісон толькі мацней сціснуў зубы. У думках пералічваў прыступкі, што заставаліся да жаданай мэты.
Тым часам жыццё вылівалася з бабкі Марусі, як з дашчэнту праіржавелага вядра цячэ вада. Лілося праз пальцы, сплеценыя ў кошык, усё большымі і большымі каплямі ападала на прыступкі сходаў, і як ні дзіўна, з кожнай прыступкай бабка налівалася дадатковым баластам.
— Як камянямі набітая, — застагнаў Сальцісон. Задраў галаву як мага вышэй, стараючыся вызначыць дыстанцыю да мэты вандроўкі. Заставалася некалькі прыступак. Меў уражанне, што гэта найважнейшыя прыступкі, завешаны ў паўзмроку канат жыцця, з якога можна ўпасці ў бясконцую халодную цемру або ўзнесціся ў таксама бясконцую цёплую светласць.
Паўзмрочныя сходы завяршаліся цесная клеткай, да-лей былі дзверы, за дзвярыма рассветленая дзесяткамі неонавых лямпаў зала, на гэты адзін дзень замененая ў выбарчы ўчастак. Чокун тузануў каленам дзверы, і ўвайшлі ў светласць.