Выбрать главу

На гэтае незвычайнае відовішча выбарчая камісія ўзарвалася на ногі. Можна б падумаць, вось гісторыя паўтараецца колам, і на нашых вачах, наўпрост з паўзмрочнай старажытнасці трохгаловым гібрыдам вытыркаецца міфічны пасланец і нясе радасную навіну пра марафонскую вікторыю.

Сцёбнутая яркім святлом неона, бабка вярнулася ў свет жывых. На адзін момант, на адзін кароткі міг, неабходны душы, каб пазбыцца ад грэшных спакусаў, засяляючых чалавечае цела ад стопаў па макушку:

— Арцём, госпадзі, як тут прыгожа! I якая музыка! I колькі тут светлых анёлаў. Я заўсёды ведала, ведала я, што тут цябе знайду, — у асобе старшыні выбарчай камісіі бабка Маруся знайшла раптам свайго шлюбнага мужа, што паўстагоддзя ўжо бестурботна гойсаў у заземскіх прасторах. А затым вочы яе адышлі ў імглу, а галава безуладна ўпала на грудзі.

— А, каб цябе чэрці! Тысячу гадоў жыла ўсім лішняя, а калі спатрэбілася, вось табе і на, узяла і напруцілася. От, час падабрала. Крэсла давай! Давай крэсла, — завішчаў Сальцісон убок старшыні камісіі.

Пасадзілі бабку на крэсла. Чокун, забываючыся на смяротную стому, кашэчым рухам нырнуў за спіну бабкі Марусі. Схапіў падбародак і ўзняў свінцовую галаву. Сальцісон уваткнуў асадку ў пальцы, што наліваліся воскам, узняў далонь бабкі над лістком паперы і, выціскаючы апошнюю каплю жыцця з халодных пальцаў, у квадраціку побач з прозвішчам кандыдата паставіў скошаны крыжык.

— Нічога я не бачыў. Нічога а нічога. Мяне тут не было, — паўтараў спалоханы старшыня выбарчай камісіі. I на ўсялякі выпадак запіхаў кулакі ў вочы.

Імгла стомленасці і радасці прысела на зрэнках Сальцісона, і Сальцісон зусім не ўцяміў, што ў шаленчай гонцы з часам намаляваў крыжык побач з прозвішчам чужога кандыдата. А ў вачах Колькі стаяла Таццяна, і Колька сагнуў бюлетэнь напалам, пад першыя такты марша Мендэльсона праляцеў залу і засунуў у скрыню гэты самы каштоўны, расплачаны цяжкой працай голас.

Бабка Маруся, мабыць, і бачыла ў той момант усё, але, падымаючыся да райскіх дзвярэй па вытканай са святых кніжак прыступках Якубавай драбіны, не дурыла сабе галаву зямнымі дробязямі.

Міхась Андрасюк

Напрыканцы пяцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя польская народная ўлада імкнулася, каб дзеці, нават у беларускіх вёсках Падляшша не нараджаліся на запечку, а ў сапраўдных, чыстых радзільных дамах. З-за гэтай ініцыятывы я нарадзіўся ў мястэчку Гайнаўка, 2 снежня 1959 года, і пасля чатырох дзён вярнуўся ў бацькоўскі дом у Войнаўцы, дзе раней ніколі не быў. За Войнаўкай стаяла мяжа, а за мяжой рускія. Яны менавіта і прынеслі гэтую мяжу ў 1944 дзесьці з пад Мінска, з пад Стаўбцоў. І калі б, прайшоўшы сотні кілометраў тузанулі чырвона-зялёныя слупы яшчэ 1500 метраў на захад, я нарадзіўся б хутчэй у Каменцы. Але не тузанулі і я пайшоў у польскую школу, дзе вывучыў польскую мову і ад яе ў маёй беларушчыне назаўсёды застаўся акцэнт.

Падрыхтаванае на падставе: Андрасюк Міхась, Вуліца добрай надзеі. Апавяданні. — Мінск: Медысонт, 2010. — 304 с.; (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; выпуск 7).

ISBN 978-985-6887-80-5

Кніга прозы Міхася Андрасюка (беларускага пісьменніка з Польшчы) знаёміць з мінуўшчынаю і сучаснасцю каларытных герояў белавежскіх вёсак і мястэчак. Апавяданням уласцівыя метафарычнасць стылю, ласкавая іронія і псіхалагічны лірызм.

Copyright © 2019 by Kamunikat.org - ePub