Выбрать главу

Дзядзьку Ваню бачу на нашай вуліцы так даўно, як далёка ахоплівае яе мой позірк. Можна сказаць — ён равеснік маёй свядомай памяці. Пэўна таму, што пасуседску з ягоным домам быў домік цёткі Любы і дзядзькі Колі, куды я заходзіў ці не кожны другі дзень. Калі б была цікавасць зазірнуць у сямейныя архівы, выявілася б, што Ваня быў дзядзькам зусім не нам, а толькі рудому Віціку, як старэйшы брат ягонай маці, пані Ніны. Нам, згодна з местачковымі канонамі, заставалася афіцыйнае проша пана або — нат і ўзяўшы пад увагу супляменнасць вуліцы

— не нашмат інтымнейшае “пан Ян”. Аднак спакон вякоў мы клікалі яго дзядзькам, а ён частаваў нас цукеркамі: “Ну, смургалі, марш вучыцца і вырастаць! Айчына чакае афіцэраў, шахцёраў і другіх спецыялістаў. Крочым у до-брым напрамку і ўсё найлепшае — наперадзе!”

У светлы вобраз айчыны і яе будучыні ўносіў дысананс пан Алёшка. Не зважаючы на свой дзевяноста дзевяты год, ён шторанак займаў у мясной лаўцы чаргу за свінінай або цяляцінай. Былі гэта чэргі даўжэйшыя за чыгуначныя эшалоны, што, загружаныя невядома чым, ідуць невядома куды, з аднаго краю свету на другі. Забіваючы доўгае чаканне, пан Алёшка выдаваў зусім іншыя прагнозы. Прымыкаў вейкі, зазіраў у сваю мінуўшчыну, выцягваў адтуль абадраных жабракоў, нанова ўладкоўваў іх пад цэрквамі і касцёламі, клікаў на вуліцу доўгія шэрагі беспрацоўных, а затым, запаўняючы паліцы кілбасамі і паляндвіцамі, пускаў у разгон чэргі, што нахабна гуртуюцца ў мясных крамах.

“Трындзіць старык ад залішне доўгага жыцця, — казаў у такіх выпадках дзядзька Ваня. — Мінуўшчына не вернецца, бо не дазволіць наш высока ўзняты сцяг!” У такія хвіліны нам хацелася стаць дарослымі, пераняць гэты сцяг ды разгарнуць яго на ўвесь свет.

— А дзядзька Ваня, ён праваслаўны ці каталік? — У лугах, што цягнуцца ўскраінай пушчы, мы гулялі ў сцізорык. Заядла, заўзята, быццам на сталёвае лязо абапіраўся лёс свету. Сцізорык быў маленькі, шматкаляровы, якраз выструніўся лязом, але ў пластмасавай ручцы прыхоўваўся штопар, пілка для пазногцяў, невядомага прызначэння шпікульцы. Дакладна такія сцізорыкі прадаюцца падчас царкоўнага фэсту ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, што ў праваслаўным календары адзначаецца за тры дні да заканчэння вакацыяў.

Вастрыё забівалася ў траву, небам ішлі самалёты, знікалі за павеўнымі сукенкамі апошніх летніх аблачын, выходзілі на чыстае поле і зноў чорным пузам рэзалі блакіт.

— Рускія на Чэхаславакію сунуць, — руды Віцік прыклаў далонь да ілба, пальцы склаў у казырок, засланяючы вочы ад нахабных промняў. А дзядзька Ваня кажа:

— Ото цяпер ужо добра адлупцуюць пэпікаў па дупе.

І менавіта тады нехта ўпершыню паставіў Віціку пытан-

не — праваслаўны ці каталік дзядзька Ваня? Пачыналі мы неяк здагадвацца, што людзі ў Мястэчку падзяляюцца на тых, хто дзеля гутаркі з Усявышнім заходзіць у блакітную царкоўку, ды іншых, якія з такой жа мэтай бяруць кірунак на белы касцёл у цэнтры Мястэчка. Віцік, уладкоўваючы сцізорык на кончыку носа, адказаў не адразу. Забіўшы як трэба лязо ў траву, зірнуў на нас вокам пераможцы: “Ні такі дзядзька Ваня, ні сякі. Ен — партыйны!”.

— Значыць — які? — усе вочы сыйшліся на рудой чупрыне.

— Партыйны. Чалавек, які можа ўсё, — удакладніў Віцік.

Здаралася, частаваў цукеркамі і бацюшка Сцяпан, калі пасля святаў Божага Нараджэння сноўдаўся з хаты ў хату з малітвай. Гэта да ягонага візіта рыхтавалася на стале грамнічная свечка, побач лягала буханка хлеба і ставілася пасудзіна са свянцонай вадой, а між іх сарамліва прысядаў на кукішках алюмініевы пятак, натапырыўшы крылы, глядзеў з аверса арол, а рэверс выяўляўся рыба-ком, што працавіта разгартае сетку. Пакрапіўшы ўсе чатыры сцяны, бацюшка на хвіліну апускаўся ў крэсла і, уздыхаючы ўголас — заўжды так уздыхаецца пры нагодзе нямілага абавязку — згартаў у кішэню пяцёрку.

— Вучыцца трэба добра, быць слухмяным, шанаваць маму і тату, уладу школьную і дзяржаўную, і ўрокі рэлігіі не прапускаць таксама — так ён казаў. Але што бацюшка? Ці здарылася яму калі-небудзь прыадзецца ў партызанскі мундзір? Зняўшы вінтоўку з пляча, крыкнуць: «Стой, страляць буду!» I бабах у чорнае бяздонне ночы? Хутчэй за ўсё — не. І галоўнае, не было пэўнасці: ці бацюшка Сцяпан — чалавек партыйны, хто можа ўсё і заўсёды? Як, скажам, дзядзька Ваня.

На такое пытанне нават бабка Сонька не дала адназначнага адказу. Паглядзела на мяне неяк дзіўна, адвярнулася, плюнула пад ногі. Сказала некалькі слоў пра дурных неадказных партызанаў, пра сала і кажух, падабраныя з кладоўкі. Прыпомніла таксама свайго брата Арцёма — бачыла яго апошні раз у сорак трэцім, у студзеньскі вечар, калі тоўсты паліцыянт Казімір Валанцей даручыў яму варту на чыгуначных рэйках. А ноччу падарваўся там ваенны эшалон, і наступным днём гергатлівыя немцы расстралялі ўсіх вартаўнікоў.