Выбрать главу

— Усемагутны — там вось, — паказала пальцам у бязмежнае неба. — Адзін Бог усё можа.

Але мяне мучыла,, ці ёсць Бог? Пытанне заставалася адкрытым з той хвіліны, калі падчас урока музыкі пан дырэктар Сліва заявіў:

— Сусвет нарадзіўся ад вялікага выбуху.

— Як ад атамнай бомбы? — з-за апошняй парты вырваўся Віцік. Аб атамных бомбах дзеці ведалі куды больш за сваіх бацькоў, да таго ж, у школьны падвал паміж горкай вугалю і цеснай клеткай пана вознага прадбачлівыя будаўнікі на выпадак ядзернай атакі запіхнулі бункер. Цёмны, агідны, бы амерыканскі цмок, што прытаіўся пад вадой, на зямлі і ў паветры ды чакае моманту, каб патаптаць сінявокія васількі ў нашых агародчыках, а нават разбіць у пух і прах сонца і ўсе астатнія зоры.

— Куды магутнейшы гэты выбух. Як мільярды мільярдаў бомб, — пан дырэктар Сліва разгарнуў футляр, дастаў адтуль скрыпку, бліскучым асколкам каніфолі аб’ехаў хрыбет смыка.

— Дык нехта ж падпаліў кнот, — Віцік не адступіў. — Які імперыяліст амерыканскі або наш партызан, а можа і сам Бог?

— Э, там!...

Азвалася скрыпка, і пайшло! — пан Сліва ўсміхнуўся, смыком крануў струну. “Расцвіталі яблыні і грушы, паплылі туманы над ракой” — гукі ірвануліся, пабеглі школьным калідорам, узняліся да воблакаў, разышліся хваляй, збіваючы з ног усе злыя сілы, што заўпарціліся павярнуць нас і нашых сяброў са шляху ў найлепшую будучыню.

Новыя падзеі, што адбыліся з прыходам зімы, таксама пярэчылі бабусіным тэорыям. Пасеялі ў маёй свядомасці і іншыя, зусім слушныя падазрэнні: бабка, як і ўсе астатнія смяротныя, можа ж памыляцца! Я пачынаў уяўляць і куды страшнейшае: вось жа прыйдзе дзень, і над бабусяй, гарызантальна, напружанай на покуці, бацюшка Сцяпан заспявае “Вечная памяць”, а потым суседзі забяруць яе з хаты, занясуць на могілкі, апусцяць у глыбокую яму і прысыплюць жоўтым пясочкам. Дакладна так, як адбылося з панам Алёшкам. Звалі яго Жалезным, або Несмяротным, пэўна таму, што ў бліжэйшыя дні збіраўся паставіць крок у другое стагоддзе сваёй зямной вандроўкі. Але дзевятнаццатага снежня з раніцы пайшоў дождж, а апоўдні неба пасвятлела, і з усходу ад пушчы вецер дзьмухнуў прымаразкам. Вулічны брук прыадзеўся чыстым, халодным шклом.

Пан Алёшка, які здрамнуў пасля абеду, якраз пралупіў вочы. Пераблытаўшы адвячорак з досвіткам, накінуў на плечы абшастаную бараніцу, накіраваўся ў мясную краму.

У той дзень у праваслаўным календары адзначаўся святы Мікалай. I дзядзька Коля з дзядзем Ванем выпілі суседскую бутэльку. Апошнюю, што прыхавалася ў хаце.

У нас ніколі не адыходзяць ад стала з такой прычыны.

— Злётаю ў краму, — сказаў дзядзька Коля, выводзячы з гаража матацыкл. — Спраўлюся ў тры мігі.

— Нікуды не паедзеш, — зачапілася за задняе крыло матацыкла цётка Люба.

— А от жа і злётаю! — адкрыта, заўзята, як ніколі раней, дзядзька Коля выступіў супраць сваёй жонкі. Пасадзіў на галаву каску і, не зашпільваючы яе, акірэчыў цыратавае сядло, левым чаравікам тузануў стартэр.

— Дуй, Колік, я тут пачакаю, — падміргнуў дзядзька Ваня.

Стала ясна: ні пры чым тут пратэсты і лямант цёткі Любы. У асаблівых выпадках жаночы розум прымушаны скарыцца, укленчыць перад мужчынскім гонарам.

Але матацыкл не дайшоў да мэты. Мабыць, рука самапасам ад святочнай фантазіі надта моцна наехала на ручку газу. А можа, вулічныя камяні ад нечаканай змены надвор’я паднялі нос вышэй за штодзённую норму. А можа, як пры нагодзе незразумелых здарэнняў кажа народ — проста так трэба было!? Адным словам, сцежкі ма-тацыкла і пана Алёшкі перасекліся.

Першай з’явілася хуткая дапамога, і быў гэта самы лішні ў свеце маршрут. Лекар праверыў пульс, паглядзеў у знерухамелыя вочы пана Алёшкі і развёў рукамі, пацвярджаючы такім чынам людскую бездапаможнасць у канфрантацыі з нябеснымі рашэннямі. Следам за медыкамі прыляцелі міліцыянеры і павалаклі дзядзьку Колю ў напрамку сіняй “ныскі”. I дзядзька Коля не запіраўся, толькі бесперапынна паўтараў “ясна халера” і “холера, ясна”. I ні слова больш.

— А гарэлку сёння обыватэль піў? — дапытваўся малады сяржант. Але адказ быў нязменны: «Холера ясна...»

Потым, калі ўжо сумная навіна на добрасуседскіх крылах аб’явілася ўсяму Мястэчку, прыбегла таксама цётка Люба. Яна ўголас рыдала і пыталася, што рабіць адзінокай жанчыне, муж якой па апошнія дні свае будзе гніць у астрозе. Затым гутарыў з міліцыянерамі дзядзька Ваня.