Выбрать главу

— Значыць, пракаціліся мы, — азваўся, хмурна зазіраючы ў вочы сяржанту.

— Ага, — пацвердзіў сяржант.

— А такія старэчы, што бестурботна і без кантролю малодшых сямейнікаў сноўдаюць публічнымі дарогамі — калі не скандалам, як тады іначай назваць? — ад злосці дзядзька Ваня торгаў доўгія вусы.

— Ну, — сяржант зняў шапку, пачухаў патыліцу.

— Што — ну? Якое — ну? Аплачвае вас народная ўлада, а нармальнаму грамадзяніну ніяк і праехацца сваёй вуліцай. А ўвогуле вуліца, брукаваная коўзкімі камянямі, асабліва ў нашай краіне — адкрытая правакацыя і анахранізм. I час ужо навесці тут парадак.

Сяржант, здагадваючыся, што гутарка стае на палітычныя рэйкі, куды больш коўзкія за вулічны брук, адступіў на два крокі назад. Гэтаму хлопцу, звычайнаму, як і ўсе жыхары Мястэчка, відаць не чужая была тэорыя бабкі Сонькі аб імперыях, што ўзнікаюць з адной мэтай — з абедзвюх рук шпарыць па мухаедах тутэйшага, праваслаўнага мужыка. Адступіў яшчэ два крокі, трэснуў сінімі дзвярыма, на век вечны заключаючы арыштанта ў цёмных вантробах аўто і даў знак: “Паехалі”.

— Не плач, — сказала бабка Сонька, агортваючы цётку Любу словам. — Усё ў Боскіх руках.

Бліжэйшыя дні бабка Сонька пачынала з малітвы за хуткае вяртанне дзядзькі Колі. У царкоўцы з такой жа мэтай кожную нядзелю запальваліся свечкі. Жаночымі слязьмі сплываў воск на падсвечнікі. Але дзядзька Коля не вяртаўся.

— Эх, бабы! Зусім вы, як дзеці! — назіраючы за бясплённымі намаганнямі, сказаў аднойчы дзядзька Ваня.

Ноччу ён сеў на цягнік і ў дванаццаць хвілін на трэцюю адправіўся ў Варшаву. Ніхто не ведаў нічога пэўнага, але ўсе шапталіся: ці не да Герэка паехаў чалавека ратаваць?

Наступным вечарам усе вокны ў Мястэчку азарыліся фіялетава-сінім святлом тэлевізараў. На экраны, як і штодзённа, выходзіў пан Герэк. Ен усміхаўся, гаварыў прыемныя словы і ні ў якім выпадку не паводзіў сябе як чалавек, які мае нейкі клопат.

“Пэўна, не дайшоў Ваня, куды трэба. Не дазволілі, не дапусцілі. Гляньце, які той Герэк вясёленькі. Напэўна, нічога не ведае і не здагадваецца”, — засумавала цётка Люба.

Дзядзька Ваня вярнуўся праз тры дні. Стомлены, непаголены, вочы абведзеныя чорнымі кругамі. Менавіта так з пераможных паходаў вярталіся сярэднявечныя рыцары і новачасныя партызаны. Адразу на вакзале сеў у таксі, замовіў курс на местачковую турму, і за пяць хвілін выцягнуў адтуль дзядзьку Колю на белы свет.

Пад вясну, ледзь снег паспеў адысці ў далёкае мора, заехалі на вуліцу экскаватары, дарожныя каткі, трактары і іншыя машыны, якія мы, бачыўшы ўпершыню, не ўмелі назваць. З аграмадных катлоў лілася на каменне чорная, кіпельная смала.

Коля

Падзеі для іншага месца звычайныя і банальныя, як прыезд вандроўнага цырку, візіт прэзідэнта або прэм’ерміністра, у малых мястэчках адкладваюцца ў памяці на доўгія гады, а нават набіраюць прыкмету несмяротнасці.

Дакладна так было са з’яўленнем першага ў нас партрэта аголенай жанчыны. Усё здарылася нечакана, і — як ні дзіўна — мая набожная цётка Люба мела да гэтай гісторыі вялікае дачыненне.

— Будзем красіць кватэру. Даволі цярпець шэрыя сце-ны. Трэба ўсё зрабіць, як у людзей, па-местачковаму, — сказала аднойчы цётка, стаўляючы на стол талерку дранікаў. Дзядзька Коля вылавіў з талеркі тоўстую шкварку, запёр яе языком за зубы і, высмоктваючы раскошлівую сакавітасць, згодна хістнуў галавой: — Ага, давай.

Ен слухаў сваю жонку вопытам супольных гадоў і ведаў, што гэтая шкварка, затопленая ў пульхных абдымках бульбіны, мае сэнс, а ў дыскусію з цёткай Любай паглыбляцца дарэмна. Прыпаміналася таксама няшчасная паездка ў ларок за пляшкай, калі ён быў “за”, а цётка “супраць”, а ў канчатковым выніку праўда аказалася на яе баку.

— А хто памалюе? — Дзядзька Коля справіўся з апошнім дранікам, падняўся з-за стала, сытым, спакойным позіркам прайшоўся па сценах. Цягам дзесяці гадоў вочы зжыліся з аднастайнасцю найбліжэйшага краявіду, ды і зараз сцяна не адгукнулася ні адным словам, ні адной яркай плямкай, што магла б парушыць звычайны выгляд дня.

— Зэнік памалюе. Лепшага ў Мястэчку і не знайсці.

— Ага, Зэнік. Ен ведае, што і як, — пагадзіўся дзядзька, аддаючы лёс сваіх сцен на літасць местачковага маляра.

Аднак цётка Люба была асобай канкрэтнай, добра арганізаванай і ні за што на свеце не рызыкнула б вызначыць заўтрашні дзень латарэяй выпадковых здарэнняў. Калі наступнага дня ў хату завітаў маэстра, уся інвестыцыя размеркавалася на канкрэтныя колеры, кожная дэталь стаяла на сваім месцы, а форма завяршалася прызначанай сабе лініяй.