— Тут лужок на ўзлеску, там алень з узнятымі рагамі, побач экзатычная пальма, залатое сонейка, тры лісткі клёну ў кожным навугольніку. А ўсё на ясна-зялёным фоне, дакладна, як у краўца Клюка.
Кравец Клюк ішоў праз жыццё насуперак сацыялістычнай дзяржаве. Днямі і адвячоркамі выціскаў грошы з даваеннага зінгера. А затым, начамі, забіваў іх у ёмістыя мяшэчкі і, заплюшчыўшы вочы, пад шолах банкнотаў мроіў сонныя дзівацтвы. Можна сказаць — быў ён авангардам гэтага Мястэчка, яго падпольным правадніком на шляху ад бяспечнай сярмяжнасці сённяшняга дня да рызыкоўнай краіны лепшай будучыні. Людзі ніколі не спыняюцца на гэтым шляху. Ідуць так доўга, як доўга прадчуванне несмяротнасці бярэ перавагу над упэўненасцю ў смерці. І таму ніколі яны не знікаюць.
— Дакладна так павінна быць, — сказала цётка, прэзентуючы маэстру сцены, абкладзеныя шэрай каймой.
Маэстра абмацваў сцены, глядзеў на цётку Любу, слухаў яе словы, але за ягонымі зрэнкамі разгарталіся свае накіды і эскізы, свае капрызы і страхі. Звычайнага смяротніка прыадзяваюць яны ў стрыказаты плашч смешнасці, а вось творчай асобе працягваюць руку дапамогі ў самую важную хвіліну, у той момант, калі з бяскшталтнай матэрыі вытыркаецца фрагмент сусвету, зразумелы нават простай душы і вачам, неадукаваным у мастацкай справе.
— Усё будзе добра. Пэрфэкт, — запэўніў майстар. -
Можа нават і лепей, як у Клюка. Але ёсць адна ўмова. Калі ўжо пачну маляваць, не хачу тут ніякіх сведкаў.
— Ну, як жа так? — спрабавала дамовіцца цётка Люба.
— Я ціхенька пастаю ў куточку. Пагляджу адным вокам, і толькі адзін разочак.
Апошнія словы разбіліся аб дзверы, закрытыя наглуха, бо нельга таргавацца з мастацтвам. Можна сказаць — і дзверы з гэтай хвіліны не дзверы ўжо, а таемны за-навес, царскія вароты, і пераступаць парог дазваляецца адно абранцам божым — святарам або маэстрам.
Але за бліжэйшы тыдзень Зэнік не перабраў у сваіх правах. Раз на дзень, больш-менш апоўдні, прыадкрываў занавес для чыста фізічнай стравы. Цялесныя патрэбы маэстра нельга лічыць складанымі. Часцей за ўсё яны не сягалі далей за пляшку, як прадукт выключна гігіенічны, неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма, прысуджанага на непасрэдны кантакт з атрутнай хіміяй.
— Бо тыя лакі і алеі, і растваральнікі... Разумееце, цётка, надыхаецца чалавек, накаўкаецца, то і прапаласкаць трэба, — масуючы набрынялы кадык, усміхаўся Зэнік.
— Не разумею, — рашуча, адказвала цётка Люба. — Калі ласка — і капустачка, і катлецік, і картопелькі, калі ласка. А алкаголь — у ніякім выпадку. Алкаголь — і сам па сабе грэх, і прычына другім грахам.
Аб грахах меркаванне цёткі Любы было простае і яснае. Яе свет бег наўпрасткі, як дарога з пушчы ў Мястэчка, разганяючы на адзін бок сцежкі дабро, на другі зло...
— Значыць — не? — упэўніваўся маэстра. Але ўпэўніваўся адно для віду. У такія хвіліны — хвіліны канчатковага выпрабавання — цётка Люба мела ў сабе адвагу сэрца святога Юр’я, які перамагаў пякельнага цмока, і ўпэўненасць рукі архангела Міхала, калі ён вострым мячом скідваў антыхрыста ў самыя глыбокія закавулкі пекла, і бесцырымоннасць першых крыжаносцаў, адпраўленых у чужы свет, каб вогнішчам добрай навіны асвятляць морак сярэднявечча.
Ва ўстрыманні і творчай самоце маэстра выстаяў ты-дзень.
Кажуць, усё найлепшае, што стварыў чалавек, ён выказаў голасам крыўды, размаляваў пэндзлем пакуты, выразаў долатам адзіноты. Гэта абсалютная праўда. Калі Зэнік адчараваў дзверы, калі адкрыў іх насцеж, цётка Люба аж пляснула ў далоні. Сцяна, з падлогі па столь, прыадзелася кветкамі. Расцвіла ружамі, канваліямі, польнымі макамі. А ўсё напоенае расою, скручанае ў гірлянды, у ліпеньскія букеты, здаецца — толькі хвіліну раней згарнулі іх з поля, з агарода, з лясной паляны. I калі зараз не прыйшлі цётцы Любе на думку цудныя сады Семіраміды, то, мабыць, адно па той прычыне, што нічога пра іх існаванне не ведала.
А потым вочы цёткі злёталі на, другую сцяну, і адбылося непрыемнае.
— А курва твая маць! — сказала яна нечакана.
Можна зразумець яе гнеў. На супрацьлеглай тапчану
сцяне было менш кветак. Праўда, таксама ж сакавітыя і натуральныя там колеры. I кожны пялёстак, і паасобная жылка жыўцом скапіраваныя з натуры, і ўсё ўкладваецца ў фантазійны прамавугольнік, у раму — не сустрэць прыгажэйшую ў самых лепшых галерэях свету. А вось цэнтр малюнка, усю яго сутнасць запаўняе дашчэнту аголеная, чужая панюся. Разлажылася і ляжыць — метр над падлогай, бы законная тут гаспадыня. Левая рука, сагнутая ў локці, падпірае нязначна ўзведзеную галаву, другая далонь — кветка там між пальцаў — пяшчотна гладзіць пурпуровы сасок. Есць і чорны трохвугольнічак ніжэй жывата, над трохвугольнічкам каляровы матыль. А затым толькі ногі — доўгія, да акна.