— А ё... тваю маць! — паўтарыла на мове дзяцінства цётка Люба. У сітуацыях экстрэмальных людзі адклікаюцца да сваіх прапачаткаў, шукаюць там падтрымку, пакаленнямі нажытыя правілы, здольныя супрацьпаставіцца нахабным прыступам актуальнай хвіліны.
Маэстра, не сканфужаны адмоўнай рэцэнзіяй, ветліва ўсміхнуўся, паклаў на стомленыя вейкі свае залатыя рукі.
— Вось, цётачка, было б і ўсё. Яшчэ толькі пратэрмінаваны паёк. Сем пляшак, як сем дзён — паказаў на пальцах. — У іншым выпадку гэтая вось паненка застанецца тут. На век вечны.
Ажыццяўляючы пагрозу, загарнуў у ёмістую торбу пэндзлікі, бляшанкі, бутэлькі.
— А ты нават і не думай. Грошы — калі ласка. Назы-вай цану, плачу ўсё, да апошняй капейкі. А гарэлка — не!
— вочы цёткі прыжмурыліся, пахаладзелі, зацягнуліся шырмай лютасці. У такі момант працягваць дыскусію можа толькі той, хто сустракае цётку Любу першы раз. І Зэнік адступіў:
— Ну, няхай сёння так. Але, каб усё было ясна — кож-ны прамаруджаны дзень падвышае плату на адну пляшку, — і крокам, упэўненым у перамозе, пераступіў парог, зачыніў дзверы.
Складанае жыццё людзей, якія аддаюць сябе ідэі. Спапяляюцца яны на вогнішчах, з’язджаюць у чужыя краіны, прыжываюць туберкулёз у сырых турэмных склепах. Шмат якія прыклады прапануе тут гісторыя чалавецтва. I цётка Люба, хай сабе і не зусім свядома, ступіла ў бясконцы шэраг ідэйных пакутнікаў.
Жанчына “ню”... А якое тут дзіва?! Сцены луўраў і прадаў, і трацякоўскіх галерэй ужо і тады ламаліся ад аголеных малюнкаў. Але ж гэты парыжскі ці пецярбургскі свет быў нашмат старэйшы і ў працэсе дэгенерацыі забрыў значна далей за нашае Мястэчка. Толькі праз такія гарадкі і вёсачкі чалавецтва пакуль сяк-так трымаецца на нагах, не правальваецца ў бяздонне і нябыт. Яны — справядлівая шаля сусветнай вагі.
Вечарам, пакуль цётка Люба заснула, з перспектывы тапчана доўга ўглядалася ў аголены жывот нахабнай кватаранткі, прыходзілі ёй на памяць усялякія прароцтвы і знакі, што апавяшчаюць правал нашага свету і банкруцтва роду чалавечага. З малюнка вочы беглі на ікону святой Марыі, скоўзваліся назад і сарамлівым кро-кам святататніцы вярталіся да аблічча Божай Маці, быццам шукаючы там пацвярджэння правільна пражытаму дню. Але аблічча іконы было таямнічае, непранікальнае, непарушнае. І толькі пасля поўначы, калі не вельмі вядома, дзе канчаецца ява і пачынаецца сон, святыя вусны адказалі ветлівай усмешкай. Супакоіўшы думкі, цётка Люба заснула. З-за яе спіны, у той жа жывот і ў чорны трохвугольнічак, і ў даўжэзныя ногі ўглядаўся дзядзька Коля. А затым уздыхнуў і спінаю павярнуўся да цёткі. Але не спалася дзядзьку Колю. Круціўся ён, варочаўся туды і сюды, з левага боку на правы, з правага на левы, а за прымкнёнымі вейкамі разгарталіся абразкі і працавала ўяўленне, і параўноўваліся дэталі. Аж на досвітку прыйшла на думку слушная выснова: жыццё ўсё-такі несправядлівае. Таму, што складаюць яго не тыя рэчы, што недаступныя ніколі і нікому, але тыя, што недасягальныя нам і зараз.
Наступнага дня дзядзька Коля не ўзняўся з пасцелі з ранішнім сонцам. А дзень уставаў прыгожы — як маладая панна ў храме, і гучны, як касцёльны звон, і адпуцаваны, як дэпутат мясцовага самакіравання ў дзень сесіі сваёй рады. Нават у маі, калі дастаткова колераў і гукаў, не заўжды ўдаецца натуры давесці працу да межаў такой дасканаласці.
Але дзядзька Коля быў бязмежна смутны і ў сваім смутку замкнёны на чатыры замкі цярпення. З-пад коўдры, зацягнутай да падбародка, адным вокам зірыў карціну на сцяне, а за другой вейкай, прымкнёнай, разгарталіся зусім іншыя лініі — авальныя, расцягнутыя — і складаліся яны кропля ў кроплю ў буйную фігуру цёткі Любы.
На трэці дзень у свядомасці дзядзькі Колі пачалі ўзнікаць абгрунтаваныя прыгажосцю малюнка падазрэнні — абмінула яго ў жыцці нешта незвычайнае і ў той жа час простае — каханне.
Бо жыццё дзядзькі Колі запаўняла выпадковая жанчына. Раздабытая ў суседнім мікрараёне клапатлівымі сваякамі, праз месяц заехала яна ў дом шлюбнай жонкай. А затым доўгімі дзесяцігоддзямі ішлі да сябе, набліжаліся на дотык далоні, адгукаліся на сакрэтную інтанацыю штодзённых слоў, калі ўжо не мае значэння — вядзецца размова голасам сэрца ці рэхам супольных дзён і начэй.
Вечарам дзядзька Коля дайшоў да высновы, што ў яго датыхчасовым жыцці не было ніякага сэнсу, і, гартаючы манатоннае мінулае, прызнаў рацыю даўганосага Косціка. У нядзельныя поранкі, калі жанчыны выпраўляліся ў царкву, мужчыны выстаўлялі на вуліцу столік і, шчыльна абсеўшы яго, гулялі ў “казла”.