Выбрать главу

Я не ведаю, якой крывёй пячаталася мая маці. Можа, у ёй не было крыві ўвогуле? Калі бабка Сонька ўпершыню пабачыла яе ў нашай царкоўцы, так і падумала. Бледны твар і механічная саноўнасць крокаў, якія стаўляла, кіруючыся да прытвора, а потым да царскіх варотаў, выклікалі меркаванне, што маецца справа з асобай неабавязкова зямнога паходжання.

“Ці ты, Уладзімір, хочаш узяць за жонку прысутную тут Стэфанію?”, — словамі, нязменнымі спакон вякоў, прывітаў іх бацюшка Сцяпан. І звяртаючыся да маладой панны, ці не першы раз за ўласную царкоўную біяграфію, ён спытаў на зусім другой мове:

— A czy ty, Stefanio, chcesz poj^c za m^za obecnego tu Wladimira?

-Tak, chc§! — адказала Стэфанія, уступаючы такім чынам у вялікую галерэю местачковых жанчын.

— У мяне дрэнныя прадчуванні, — пасля вяртання з царквы сказала тады бабка Сонька. Разам з Марусяй яны ў кладоўцы змешвалі спірт з віном “Мысьліўскае” для вясельнага пачастунка. — Сніўся сон. Вецер разбурыў дах нашай хаты.

— Трындзіш дурніцу, — з-за другой бутэлькі адазвалася Маруся. — Усё ў цябе нейкія сны, прымхі, прадчуванні. А свет цяпер просты, як салдацкая песня.

— Але такога не можа быць — дзве веры на адной падушцы. І ніколі ў нашай сям’і не было. Дрэнна ўсё закончыцца.

Аднак Валодзя і Стэфанія жылі так нармальна, як і астатнія ў Мястэчку.

Шэраг гадоў бабка Сонька насіла гэты сон у сабе. З ім прачыналася, падступала да акна, шукаючы злавесныя знакі ў новым досвітку Здольнасць чытаць будучыню ў снах, у канфігурацыі вясновага лісця на дрэвах, у палёце птушак лічыла справай самай натуральнай у свеце. Узяла яе спадчынай ад сваёй бабкі, міжвольна і беспраблемна, як пераймаюцца пакаленнямі позірк, жэст, інтанацыя голасу, маршчыны наўкол вачэй. Напярэдадні вяселля дзядзькі Антона ёй не сасніўся ні адзін дрэнны знак.

Пасля шлюбу жыццё Антона і Гандзі пайшло ранейшымі рэйкамі — паралельна, перасякаючыся адно ў неабходныя моманты. Яна хадзіла ў “Сонейка”, ён з раніцы да вечара займаўся ў майстэрні. Габляваў дошкі. Збіваў іх, фарбаваў і лакіраваў. Высцілаў белым палатном.

Незаўважальна ён пачаў у сваю працу ўкладаць асаблівую пяшчоту. Тым болей яе было, чым болей яго думкі займала Гандзя. Закаханыя паэты складаюць надчасовыя паэмы, кампазітары пішуць сімфоніі, мастакі малююць абразы, а дзядзька Антон услаўляў каханне праз тое, што ўмеў рабіць найлепш. Дамавіны — раней смутныя і халодныя — пацяплелі, папрыгажэлі. Фантазійнымі барэльефамі ўсміхнуліся векі, высцілка памякчэла квяцістымі карункамі, нават цвікі забіваліся асцярожна, каб не хваляваць цішыню, што раней ці пазней знойдзе тут сваю прыстань.

— Ах, як прыгожа! — захаплялася бабка Сонька, заглядаючы ў майстэрню. — Аж хочацца прылегчы.

А потым, вяртаючыся да зямных спраў, пытала:

— І як табе, Антоську, жывецца?

— Добра, мама. Нармальна, — адказваў дзядзька Ан-тон.

— Пачакаю ўнукаў, і можна паміраць. А будзе дзяўчынка, назаві Сонькай, — вачыма ўяўлення яна бачыла маленькую дзяўчынку, што, пераймаючы яе імя, паходку, здольнасць чытаць знакі, запісаныя ў хмарах і лісцях дрэў, на яшчэ адно пакаленне выратуе ад небыцця ўсіх жанчын гэтага роду.

Напрадвесні справы пачалі ўскладняцца.

На пытанне: “І як табе, Аінтоську, жывецца?” — дзядзька Антон нязменна адказваў: “Добра, мама. Нармальна”. Але ягоныя вочы адводзіліся ўбок, уцякалі ў толькі яму вядомыя думкі. Гандзя вярталася з працы ўсё пазней і ўсё менш слоў прыносіла з сабой дадому.

— Які ж сёння стамляльны дзень! — і, раздзеўшыся, адмяжоўвалася ад мужавых пяшчотаў і ўсяго свету сном.

Вясна ўсё вышэй падымала сонца і траву, для радасці людзей з зямлі высыпаліся кветкі. Аднак з кожнай кветкай, рассыпанай на сцежцы між домам і барам “Сонейка”, з твару цёткі Гандзі сціралася чарговая ўсмешка.

Ей прыпаміналіся ружы першага кахання. Сотні іх раслі калісьці ў местачковым скверыку Жоўтыя, чырвоныя, белыя. Калісьці... Два гады таму. Даўней за вечнасць — і як бы ўчора! На працягу аднае кароткай летняй ночы ўсе чырвоныя ружы былі сарваныя ўвішнымі рукамі. Памятала гэтыя рукі — закрываўленыя, акалечаныя вострымі калючкамі, яны засыпалі чырвонымі пялёсткамі яе валасы, вочы, вусны. Пацалункамі згартала кроў з ягонай далоні, з пальцаў, што зведалі кожны, найбольш сакрэтны куточак яе цела. А потым ён з’ехаў у афіцэрскую школу ў Познань, ажаніўся з прыстарэлай і непрыгожай дачкой нейкага палкоўніка, каб у будучыні таксама стаць палкоўнікам, а можа нават генералам. Ружы... Пялёсткі апалі, калючкі засталіся.