У першы вечар лета Гандзя не вярнулася зусім. Антон чакаў яе да поўначы, да світання, і цёплая, самая кароткая ноч года выдаўжалася ў бязмежную, халодную вечнасць. Наступнага дня ён не пайшоў у майстэрню. Сядзеў на кухні, глядзеў у вакно і чакаў. Вуліцай ішлі людзі — знаёмыя, суседзі. Ведаў іх імёны, але цяпер, як ніколі раней, усе яны здаваліся яму чужымі, ананімнымі і лішнімі. Натоўп толькі тады мае твар і імя, калі ёсць у ім блізкі нам чалавек.
Антон ведаў, што будзе чакаць Гандзю ўсё жыццё. Днямі ён сядзеў ля вакна, а адвячоркамі заходзіў у “Сонейка”. Пустое месца за буфетам забівалася ў сэрца балючым цвіком, а штодзённыя наведвальнікі, калі пытаў іх пра Гандзю, разводзілі рукамі і сумна ўсміхаліся.
Праз тыдзень асірочаны буфет узяла ў свае рукі новая буфетчыца Лёдзя, а з першым снегам Антону прыйшоў ліст. Некалькі слоў, запісаных на паперы: “Прабач і не чакай, я ніколі не вярнуся”. На паштовай пячатцы спрабаваў адчытаць назву мясцовасці, але чорныя літары складваліся ў незразумелае слова “ніколі”.
— І што цяпер будзе? Развод? — спытала бабка Сонь-ка. — У нашай сям’і ніколі не здараліся разводы.
Перакінула ў памяці ўсіх жанчын, пачынаючы з той першай, што выйшла з расшчэпленага перуном дрэва. Каханыя або не каханыя, усе цярпліва пераадольвалі тунель стагоддзяў, падсвядома накіроўваючы жыццё да светлага выхаду ў нашыя дні.
— Свет ашалеў, — сказала бабка Сонька і замоўкла на бліжэйшы тыдзень.
У майстэрні, перанесенай у падвал новага дома, Антон моўчкі збіваў дошкі ў добра вядомую форму, а ў думках назойліва завіхаліся словы: “Прабач і не чакай...” І ў водгук кожнаму слову малаток забіваў цвікі. Мацней і мацней, не зважаючы ні на што.
На працягу наступных сямі дзён бабка Сонька вярталася памяццю да восеньскіх ранкаў і начэй, якія папярэджвалі вяселле дзядзькі Антона. Гартала іх каторы раз, шукаючы знак, што раней, з-за неахайнасці, абмінуўся ўвагай. Але нічога там не знаходзіла. Не сасніўся ніякі сон, праз прыадчыненае акно не ўварвалася ў дом ашалелая птушка, люстра на сцяне не рассыпалася дробным макам. Пасмутнела. Бо адчула, што пакінула, адышла назаўжды ад яе моц прадчування будучыні, перачытвання сноў і рэальных знакаў. І прыйдзецца жыць вечна ў чужым і незразумелым свеце.
Сашка
У будзённыя дні пасля поўдня, калі ў бары “Сонейка” паветра было ўжо сіняе, як папяросавы дым, а мармуровая крошка падлогі клеілася да чаравікаў астаткамі піва, доўгавалосыя маладзёны хапалі малога Сашку пад пахі і ўздымалі на столік, хвіліну раней акуратна прыбраны ад масіўных, жывататых куфляў.
— Ну, Сашка, пакажы, як Герд Мюлер забіў мяч у польскія вароты.
Чыесьці спрытныя пальцы згарталі капялюш з галавы неасцярожнага асобеня, які заблукаў сюды не як заўсёднік, а зусім выпадковы госць, таму і ставаўся бяспечнай ды лёгкай здабычай. Капялюш перадаваўся з рук у рукі, збіваючы са следу нямы позірк уласніка, пятляў налева, направа, наўскасяк, ажно спыняўся ў месцы прызначэння, на століку побач з карлікавай нагой.
— Давай, Сашка, давай!
Карлік шырока разводзіў плечы, левая нага моцна запіралася ў стальніцу, нязначна згіналася ў калене, тым часам правая ўцякала далёка назад. На адзін міг нерухомеў, бы тоўсценькая, кругленькая ластаўка. А за-тым правая нага, прыведзеная ў рух жывой пружынай, адпраўляла капялюш у найдалейшы закавулак бара.
Падачу пераймаў Була. Ен быў, праўдападобна, маім дваюрадным братам. Кажу праўдападобна, бо ў гэтай матэрыі меркаванні бабкі Сонькі і цёткі Любы рэзка разыходзіліся, а дзядзька Коля, які ўсё павінен ведаць найлепей, не ведаў нічога і толькі паціскаў плячыма.
— Разява ты! — казала цётка. — Знайшлі найвялікшага на фабрыцы прыдурка і падкінулі. А ты гадуеш. Ну, сам паглядзі, які ён Іванюк? Хто ў нас бачыў такіх, двухметровых даўгел?!
Дзядзька Коля маўчаў, паціскаючы плячыма, а ў размову ўключалася бабка Сонька.
— У нас — якіх захочаш. І найменшыя, і найбольшыя.
Так ці іначай, Була лічыўся найлепшым футбалістам
у бліжэйшым наваколлі, а ў Мястэчку заставаўся толькі таму, што дзесьці трэба сустрэць свой лёс і прывітаць эмісараў сталічнай «Легіі» або познаньскага «Леха».
— А я і так пайду ў свет, — мармытаў, зграбаючы з падлогі стомлены капялюш. — А ўдар добры быў, класны. Бачыш, Сашка, калі б ты так сантыметраў на пяцьдзесят яшчэ падцягнуўся, я б узяў цябе з сабой. У Варшаву або Познань — пакуль сам не ведаю, куды мяне лёс закіне.
Ад страху, што можна правароніць варшаўскіх пасланцоў, ён нават адмовіўся ад фабрыкі і сталярскага станка, аддаўшы ўсяго сябе чаканню і бару “Сонейка”. Але лёс упарта трымаў Булу тут, як нябачная мытня трымала Сашку на мяжы маладосці і даросласці. Яго раўнагодкі, аблажыўшыся сем’ямі, заходзілі ў першую сівізну, а Сашка заставаўся на ранейшым месцы. Вітаў адну кампанію, праводзіў яе колькі крокаў, развітваўся, вяртаўся назад і сустракаў наступных. Народжаныя дзесяцігоддзямі раней, абганялі яго вокамгненна і без асаблівых намаганняў, як на шашы вялікая машына абганяе малую, віншуючы яе сяброўскім рогатам клаксо-на. І пэўна таму Сашку, адзінага з бацькавых братоў, я ніколі не называў дзядзькам.