Выбрать главу

Ен пускаў у ход машыну, машына адгукалася раз’юшаным голасам, саслізгваліся стужкавым канвеерам у бяздонную пашчу дошкі.

— На, нажрыся, можа не задавішся! — перабіраючы пальцамі электрычныя кнопкі, паскорваў ход канвеера. Але зяпа спраўлялася. Задыханая, перажоўвала ўсё, што ёй далі, ды выплёўвала на свет бясконцую хмару стружын і апілак.

— Раней-пазней каўкнем і цябе, — у дабрадушнай усмешцы выскальваліся сталёвыя зубы.

— Або і не, — адгрызаўся Сашка, загружаючы ў зяпу дадатковую порцыю сасновай драўніны.

Размаўлялі без накіпу злосці. Калі гутарыш дваццаць гадоў з чалавекам ці машынай, ведаеш суразмоўцу дакладна так, як ён ведае цябе, і нават шорсткае слова або грубы жэст успрымаеш як звычайны сяброўскі штуршок у плячо.

З новым годам фабрыку пачалі наведваць новыя людзі, якіх раней ніхто тут не бачыў. Заклаўшы рукі за спінай, сноўдалі ў мантажную і шпалерную майстэрні, абмацвалі мэблю, выстуквалі пальцамі на лакіраваных сценках ім толькі вядомыя шыфры. Сасновая драўніна адгукалася сваім голасам, дубіна сваім, а яны, слухаючы адказ, усміхаліся або, скрывіўшы ад незадавальнення вусны, нешта запісвалі ў абкладзеных скурай блакнотах. Часам спыняліся перад нейкім станком. Падцягнуўшы манжэты, нерухомелі на пяць, дзесяць хвілін, і толькі іх вочы прабягалі нябачны шлях між цыферблатамі гадзіннікаў ды рукамі сталяроў. А потым у нататніках запісваліся нейкія лічбы і словы.

— А гэта што за архаічнае дзіва?! — сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкаў станок.

— Так, архаічнае, — пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.

— Пара на пенсію, — прамовіў трэці. — А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.

На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама дакладна не ведае, куды дзеўся Сашка. Знік, рассыпаўся дробным' макам сасновых апілкаў. Фабрычныя прыбіральшчыцы згарнулі іх у маленькую сасновую дамавінку, а мы занеслі яе на праваслаўныя могілкі.

Вечарам схадзілі ў “Сонейка”. На століку спачываў моўчкі невядома чый капялюш, і ніхто яго не кранаў. Апоўначы, калі пан Метэк праводзіў нас да выхаду, не развітаўся звычаёвым, добра вядомым “а заўтра запрашаем таксама”.

— Заўтра закрываем бар, — пан Метэк усміхнуўся смуткам, які кандэнсаваў у сабе ўсе ягоныя ранейшыя смуткі. — Назаўжды закрываем. Будзе тут прадуктовы магазін. А, можа, спажывецкая крама або банк. Я не ве-даю. Я нічога, ўжо не ведаю. З заўтрашняга дня не я тут кіраўнік.

Наступная раніца падымалася на ногі марудна і няўмела. Можа, новы дзень забыўся на стары і зараз вывучаў першыя крокі, як вывучае іх нованароджаны чалавек? Першы раз у трынаццаць гадзін мы не пайшлі ў “Сонейка”. Мястэчка здавалася халодным, агідным, быццам ноччу ўзялі яго чужыя захопнікі, патапталі, запіраючы тубыльцаў у паўзмрочныя падвалы. I толькі адвячоркам Була не вытрымаў, адзінока схадзіў у бар. Рука, ведзеная досведам мінулых гадоў, прылягла на клямку, кранула яе пяшчотна, але і ўпэўнена, як кранаюцца адзін аднаго пальцы шматгадовых палюбоўнікаў. Дзверы не здрыгануліся, і рука паўтарыла жэст — мацней, больш рашуча. Безвынікова. Закрыта... Уражаны, Була адступіў крок назад, абвёў вачыма будынак, праз акно зазірнуў у сярэдзіну, прыклаў вуха да шыбы. Стаіўшы дыханне, намагаўся адшукаць пульс, вылавіць з-за сцяны знаёмае дудзенне. Але сэрца бару было мёртвае.

У галаве назойлівым званочкам празвінела думка: “Якраз сёння вечарам здзейсніцца ўсё, прыедуць доўгачаканыя госці з Варшавы, і закончыцца стары, абыякі свет, і пачнецца новы, лепшы. Але ж шукаць пачнуць з гэтага месца! Бо дзе мяне шукаць, калі не тут?”

— прадчуванне выключнасці хвіліны адразу перайшло ва ўпэўненасць, і Була вярнуўся да дзвярэй, яшчэ раз абмацаў клямку.

Лёс бывае цынічны, і дзверы ў вялікі свет, адкрытыя насцеж, стаўляе часам за дзвярыма, што вядуць у местачковы бар. І гэты першы ўваход пячатае маленькай, здзеклівай шыльдачкай: “Закрыта назаўжды”.