Була прысеў на сходках і чакаў. Адвячорак парыпваў дваццаціградусным марозікам. З неба на зямлю перасыпаўся дыямантавы іней. Побач прабягалі людзі, хутка, скарачаючы да мінімуму дыстанцыю паміж цеплынёй дамоў і неадкладнымі справамі. Але вонкавы свет не меў ніякага значэння. Була чакаў свой лёс спакойна, не хвалюючыся, не правяраючы гадзіннік кожныя дзесяць хвілін. Так чакае прыходу Месіі бязгрэшны, перакананы ў светлай будучыні чалавек, бо калі і не адкрыюць яму дзверы ў бар “Сонейка”, адчыняць іх у чыстае неба.
Наведаўшы Мястэчка — няхай сабе нават выпадкова або з цікавасці да белавежскіх зуброў, — зайдзіце таксама і на праваслаўныя могілкі. З галоўнай брамы вазьміце кірунак на маленькую, драўляную царкоўку. За царкоўкай павярніце налева і шыбуйце аж да сцяны пушчы, што драпежнымі кіпцюрамі дубоў і ялін падкопваецца пад могілкавы мур. Там сустрэнеце Булу. Пакуль ён трапіў у найсмутнейшы закутак Мястэчка, адляжаў побач з барам “Сонейка” доўгую студзеньскую ноч. Напэўна, сніўся яму самы прыгожы мяч, забіты найлепшаму ў свеце варатару, бо калі на досвітку тоўсты, бы мартэн, міліцыянер Чарнейка разгарнуў блакітную снежную фальгу, Була зірнуў на свет доўгай, светлай усмешкай. Побач з Булам пад адным помнікам спачывае малы Сашка. Іх помнік стандартны, не большы і не меншы за астатнія. Кажуць, смерць раўняе ўсіх людзей.
Валодзя
З таго дня Валодзя Іванюк, калі ён упершыню паддаўся сумненням, ці ў ягоных вачах ёсць, прынамсі, адна іскрынка ад вачэй старога Уладзіміра Іванюка, часцей пачаў гасцяваць у сшытках, запісаных доўгімі дзесяцігоддзямі. Гартаў старонкі, перачытваў асобныя словы і радкі. На адных радках ягоны твар закрывала чорная хмара, на іншых вусны расхіляліся ва ўсмешцы, яшчэ якія пераскокваў абыякава, не паглыбляючыся ў нутро літар. Часам заходзіўся гучным рогатам. Тады бесцырымонна вырываў лісток і кідаў яго ў печ. “Дурніца якаясь. Так не было, бо не магло так быць. Няўжо гэта я запісваў?” — папракаў сваю маладую наіўнасць.
Вечарамі на доўгія хвіліны ён спыняўся каля люстэрка. Абмацваў пальцамі нос, шчокі, вусны. Абапіраючы падбародак на ўказальны палец, нерухомеў у саноўнай позе. “Напэўна ж не абы-хто я. Такі твар не даюць першаму сустрэчнаму”, — сумненні падступалі хвалямі і прымушалі яшчэ глыбей зазіраць у сябе. I чым далей у сябе заходзіў, тым больш пытанняў выносіў, вяртаючыся назад. Часам сустракаўся ў люстры з тварамі братоў. Былі звычайныя, будзёныя, як і ўсе астатнія ў Мястэчку. “Чаму такая вялікая розніца між намі?” — здзіўляўся.
Аднойчы вечарам, калі зайшла да нас бабка Сонька, Валодзя спытаў, быццам мімаходам, не зводзячы вачэй з шкляной роўнядзі:
— Мама, а які быў пан Драгабыцкі?
— Пан Драгабыцкі?.. — не адразу зразумела, пра што яе пытаюць. — Ах, пан Драгабыцкі... Працаваў там твой бацька. Фурманіў, пакуль не пажаніліся мы. А пан аказаўся нядрэнны, нават ялавіцу не пашкадаваў яму на добры пачатак. Госпадзі, як даўно ўсё тое...
Шукаючы шлях да сябе сапраўднага, Валодзя забягаў у старыя фатаграфіі. Было іх няшмат і, кпінай лёсу, самая зараз важная, самая жаданая канула, як камень у ваду. Гартаў папкі, тоўстыя ад усялякіх папераў, раскопваў шуфляды і паліцы. Рукамі адчаю ныраў у кішэні старой вопраткі, забытай, дажываючай век на гарышчы. Траплялася ў рукі ўсё, ды — як звычайна ў жыцці — не тое якраз, што шукаецца. Аднойчы крадком залез у куфар бабкі Сонькі, які мог быць равеснікам свету ды прыхоўваць пад счарнелым векам усе таямніцы сям’і. Дарма. Апроч вытканай на кроснах капы, нічога там не знайшлося.
А тую фотакартку прыпамінаў з дзяцінства. У старой хаце яна прыхарошвала сцяну так доўга, што перасталі на яе звяртаць увагу. Была там ці не, калі разбіралі дом і ад’язджалі ў Мястэчка? Невядома. Толькі выплывала на памяць затуманенай, пажаўцелай плямай: брычка, конь, малады фурман сціскае ў далонях ляйчыну, за спінай фурмана пан Стасінак.
— Была такая картачка, праўда, — пацвердзіла бабка Сонька, пакліканая на дапамогу. — Каля царквы, на Успенне здымаліся. Прыязджаў фатограф, ці не з Бельска, і здымаліся. А які год — забі, не памятаю. I куды прапала, таксама не ведаю.
— А які быў пан Стасінак? — задаваў Валодзя чарговае пытанне.
— Пан Стасінак? Ах, пан Стасінак. Сын старога пана. Прыгожы. Вочы чорныя, бліскучыя... I конь у яго быў, Султанам клікалі. Белы, як з восеньскай імглы выліты. А як падрываў капыты, як раскідваў грыву! Глядзіш і не ведаеш — дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер...
На ўспамін далёкай маладосці твар бабкі Сонькі святлеў і ўсміхаўся, але чарговая думка сцірала ўсмешку, паварочвала ў смутак: