Выбрать главу

Напярэдадні калядных або велікодных святаў Стэфа выштурхоўвала Валодзю ў ларок па мяса. Ішоў туды як на смерць. Ставаў у чаргу, пералічваў людзей наперадзе, а калі дасягаў астранамічнай лічбы ста ці ста дваццаці, прымірыўшыся з бясконцасцю матэматыкі, спыняў падлікі.

— Да вайны, кажуць, дрэнна жылося. Бо паны і беспрацоўе, і хваробы, якія толькі захочаш, і ўсе смяротныя. А чэргі такія ці бачылі ў той час? — пытаў і сам сабе адказваў: — Не бачылі, бо іх не было. Адзін пан Драгабыцкі даваў больш мяса і хлеба, як зараз абы-якая вёска.

— Пане! — схіляўся Валодзя над выпадковым таварышам чэргавай нядолі. I, канспірацыйна зірнуўшы направа-налева, працягваў: — А ў пана Драгабыцкага дзесяткі гектараў залатой пшаніцы было, кароў сотні, а птушак усялякіх — тысячы. А яны, глядзі, пан, што яны змайстравалі? Цьфу! Талончыкі на мяса.

З часам уяўны свет стаў Валодзю бліжэй за рэальны і разважанні пра мінулую славу не пачыналіся ўжо прэлюдыяй “а ў пана Драгабыцкага”. Падчапіўшыся да чаргі, ён некалькі хвілін абходжваў позіркам суседа напе-радзе, кідаў нейкае значнае слоўка, каб нарэшце абыякавым, але ўпэўненым голасам паставіць кропку на гэтым прымітыўным, заслуханым заклікамі ўласнага страўніка, натоўпе:

— Эх, настаў час! А калісьці кожны мой продак хутчэй ужо стрэліў бы сабе кулю ў лоб, скарыстаўшы родавы браўнінг, чым пагадзіўся б быць замацаваным у чаргу за дваццаць пяць дэкаграмаў паштэта ў бляшанцы.

— А хто ён такі, ваш продак? — чарга адгукалася зацікаўленнем.

— Пан Драгабыцкі! — адказваў Валодзя. І пералічваў скарбы, накопленыя руплівай працай і эканамічнымі талентамі ранейшых пакаленняў. — За мяжой засталося ўсё, — уздыхаў, спаглядаючы ў той бок, дзе сонца выходзіць на сустрэчу з чарговым днём.

— Пан Драгабыцкі, кажаце, — суразмоўцы чухалі патыліцы, хмурылі бровы, шукаючы ў памяці знаёмы твар або голас. І, нічога не знайшоўшы, паціскалі плячыма: можа і быў такі, хто яго ведае. Паноў як сабак было да вайны.

У такую хвіліну, напароўшыся на паспалітае няшчасце чалавечага роду, неразуменне, Валодзя завязваў вусны стужкай нятоенай пагарды і змаўкаў канчаткова. Пад глухое бразгатанне насычаных паштэтам бляшанак адступаў ад месца, дзе пакамечылі гонар яго і ягоных продкаў.

Дома з яшчэ большай заўзятасцю ўгрызаўся ў старыя запісы. Аднак, чытаючы іх, часцей ды часцей заходзіўся рогатам, а няшчасныя лісткі паперы заканчвалі жыццё ў палымяным нутры кафлянай печкі.

Спапяліўшы ўсе свае сшыткі, ён перайшоў на паліцы Стэфаніі. Першыя тыдні круціўся там хаатычна, вызначаючы шлях інтуіцыяй, прадчуваннем, залатымі зорамі літар, рассеянымі на небасхіле кніжных хрыбтоў. У кніжках Стэфаніі замыкаўся цалкам іншы свет і нічым не прыпамінаў таго свету, запісанага ім у старых і нават навейшых сшытках. З першага дотыку ён паказаўся халодным і непрыхільным — каменным, быццам асуджаным на вечнасць.

Спатрэбіўся не адзін тыдзень і месяц, каб зразумелася блытаніна вулачак, абкладзеных чэсанымі камянямі, абведзеных маўклівымі камянічкамі, што, у чаканні лепшых дзён, бавяць час, сціраючы пыл з латунных статуэтак і гербавых фарфораў. Гады праз два ён вывучыў гэты свет, як яму здавалася, з першай да апошняй літары. I ўжо лёгкім крокам, не разглядаючыся па баках, перабягаў тыя вулачкі. Дзверы камяніц адкрываў машынальна, як адчыняюцца дзверы ў свой бацькоўскі дом, а з пакоя ў пакой ступаў упэўнена, крыссём пінжака не звальваючы на падлогу застылыя ў латуні і фарфоры цацкі.

— Пфі! — сказаў ён сабе аднойчы. — Не такі яе свет і страшны. А ў параўнанні з прасторамі Драгабыцкіх тут няма нічога асаблівага. Мы не горшыя за іх.

Але ўсё-такі свет, запісаны ў кніжках Стэфаніі, даваў Валодзю дзіўную моц. Ен пачаў адчуваць сябе стваральнікам, адзіным такога роду скульптарам, які не з дрэва, не з гліны, а з неназванай, першапачатковай матэрыі высякае сябе самога, сваю ўласную постаць. Абдорвае яе жыццём і надзяляе лёсам.

Чым далей бацька адыходзіў ад рэальнасці, тым часцей маці стала забягаць у касцёл. Раней заходзіла туды за вялікім святам, раз, два разы на год, а зараз бачылі яе там кожны тыдзень, кожны другі дзень, а цяпер і штодзень. Сядала і размаўляла са сваімі святымі. Пра што — я не ведаў. Для мяне ўсё было тут новае і незразумелае, і трэба было нерухома сядзець на лаўках, зусім іначай, як у царкоўцы, куды часам трапляў за бабкай Сонькай, і дзе ў чаканні прычасця можна размясціцца па правы бок алтара, побач з мярэжнай перагародкай, што аддзяляе хор ад вернікаў, можна таксама стаіцца з левага, жаночага боку, адразу за дзяўчатамі.

Калі дзяўчаты ўкленчвалі, іх кароткія спаднічкі ахоплівалі адно тое, што неабходна, а калі пачыналася адбіванне паклонаў, ад дзявочага гардэроба заставаліся няважныя шматочкі. Але грэх зазіраць дзяўчатам пад спадніцы, калі да Вялікадня тры або чатыры дні. I тады, высока задзіраючы галаву, можна было сачыць, як пад купал узлятаюць анёлы, шчыльным вяночкам абводзяць архангела Міхала і, прыставіўшы да пульхных вуснаў залатыя трубы, дзьмуць у ягоныя вушы нябеснымі фанфарамі.