Выбрать главу

У анёлаў былі кароткія і салідныя ногі. Дзякуючы невядомаму маляру, што захапіўся не антычнымі маэстрамі, а дзіўнай сумессю Рубенса з Пікасо, яны нагадвалі постаццю малога Сашку.

У касцёле, задзіраючы галаву, я бачыў толькі белую столь, і заставалася глядзець, як маці шэптам размаўляе з невядомымі святымі, і здагадвацца, што гутарка ідзе пра вяртанне бацькі ў ранейшы свет.

Але каталіцкія святыя не маглі знайсці шлях да душы майго бацькі, бо калі мы вярталіся з касцёла, ён, быццам нічога не здарылася, крочыў з аднаго кута пакоя ў другі кут, паўтараючы адны і тыя словы: “Яшчэ не разгадаліся ўсе загадкі, дрэмлюць яшчэ ў далёкай мінуўшчыне спра-вы, загорнутыя ў чорнае палатно забыцця, і калі зараз не разбудзіць іх, не вывесці пагуляць на свежае паветра, застануцца там назаўсёды”. Аднак, як шукаць шлях у сакрэтны свет, Валодзя не ведаў. Здаралася, пабуджалі яго рухацца ў добрым напрамку размовы з суседзямі. Кожная недаверлівая ўсмешка, поціск плячэй, кожнае насычанае абыякавасцю “можа і быў, хто яго там ведае”, давалі сілу і вызначалі мэту: пакінуць за сабой у гэтых слоўна-мімічных дыялогах апошняе слова, пасля якога няма ўжо ніякай недагаворанасці і сумненняў.

Есць кніжкі, здольныя змяніць калі не гісторыю чалавецтва, то напэўна лёсы паасобных людзей. Гэтая кніжка папалася Валодзю ў рукі вынікам чыстага выпадку. Лістануў адну старонку, другую, трэцюю — і, знеахвочаны, ужо адстаўляў яе на паліцу. Выштурхнутая з рук чуйным крылом анёла-ахоўніка, яна шлёпнулася на дыван, раскрылася. З фатаграфіі, гарызантальна расцягнутай на падлозе, глядзеў на Валодзю незнаёмы чалавек. Спазіраў уважліва і адважна. Валодзя прысеў на кукішкі, пальцамі крануў твар на фатаграфіі — асцярожна, як кранаюць вочы чалавека, памерлага хвілінай раней. Але вочы не закрыліся, яны хацелі жыць і з яшчэ большай увагай узіраліся ў Валодзю бліскучымі чорнымі ліхтарыкамі. “Леў Сапега”, — бязгучным шэптам прачытаў прозвішча чалавека на фатаграфіі. “Дзе і калі я бачыў такія вочы? Недзе тут, блізка, учора, сёння... Але ж так, у люстэрку іх бачыў!” — прыхапіў кніжку і панёсся на сустрэчу з люстрам.

Валодзя трымаў у руках кніжку і не верыў сваім вачам. Праглынуў яе цягам аднае ночы, з раніцы перачытаў другі раз, вечарам трэці. З вечаровай цішыні выразна і рэальна выяўлялася шолахам паперы апошняе адсутнае звяно пакаленняў.

— Мама, — спытаў бабку Соньку. — А праўда, старэйшая пані Драгабыцкая, ну, маці пана Стасінка, яна з Сапегаў была?

— З Сапегаў? — Сонька паціснула плячыма. — А чорт яе ведае. З якіхсьці паноў, але як звалі? Можа, Валкавыцкія або Далэнгевічы? А можа і Сапегі, як кажаш. Пад Высокім, цяпер яно за граніцай, трымалі маёнтак. І хутчэй за ўсё — небагаты. Стары пан цяляпкаўся часам у госці да дачкі на абдзёртай цялежцы. А конь — куды яму да Султана...

Аднак ва ўяўленні Валодзі скрыпячая цялежка пераўтваралася ў шыкоўную карэту. Бо чалавек, які дасягнуў моцы стваральніка, можа ўсё. Памыляцца і выпраўляць памылкі. Узнагароджваць і караць, а калі з’явіцца капрыз, ён можа сцерці стары быт і пачаць новы, а брычку, даведзеную да непрыдатнага стану, заступіць экіпажам, запрэжаным шасцёркай коней.

Пад восень конскія капыты пачалі выбіваць новы шлях паміж дваром Драгабыцкіх і Высокім. На пачатку элегантныя карэты бегалі на замак Сапегаў раз на тыдзень, затым два разы, тры. З першым снегам карэты пайшлі на спачын, а ў дарогу, штодзённа ўжо, выпраўляліся не менш элегантныя сані. І калі Валодзя напружваў нюх, даходзіў да яго пах конскага поту, і шэсць хамутоў, спятых лейчынамі ў неразлучную еднасць, вырасталі па-над раз’юшанымі грывамі магутнай струной дышля. Востры зімовы вецер, згушчаны, сціснуты ў віхуру шпаркімі капытамі, граў на гэтай струне бясконцае “угага”. Вясной пан Драгабыцкі павёў панну Сапяжанку пад вянец, а выезды прыпыніліся, ахінуліся цішынёй і спакоем сямейнага жыцця. Яшчэ некалькі месяцаў Валодзя сачыў за сцежкамі маладой пары, а калі прыйшоў на свет паніч Стасінак, ён вярнуўся да сучасных праблемаў.

У той дзень, калі Валодзя першы раз спаслаўся на сваіх славутых продкаў Сапегаў, местачкоўцы прапусцілі яго да прылаўка без чаргі.

— Сапегаў ніколі б і ні за што не паставілі ў такую чаргу, — сказаў Валодзя і зрабіў накід маёмасці, якая за апошнія месяцы паспела ўзяць пад сябе ладны фрагмент пространі ды разоў у дзесяць павялічыць жывы інвентар.