Выбрать главу

— Сотні гектараў залатой пшаніцы, кароў тысячы, а курачак-індыкаў, колькі іх? Адзін Гасподзь мог бы пералічыць. Сам замак у Высокім большы за вашу фабрыку. Па той бок засталося ўсё, за граніцай, — уздыхнуў і паказаў рукой на пушчу і змоўк.

— Сапегі, кажаце?! I замак большы за фабрыку?! — суразмоўцы, як і раней, чухалі патыліцы нібыта ўсур’ёз, хмурылі бровы, але вочы адводзілі ўбок, і з вуснаў і вачэй маленькімі змеямі сплывалі ўсмешкі. З часам змеі пачалі пераўтварацца ў цёпла-чорных ластавак спагады, каб, нарэшце, застыць у халодных камянях абыякавасці.

Ад такіх усмешак дарога дадому выдоўжвалася ў ма-ленькую Галгофу, у шлях пакуты і крыўды. Балючай іголкай даймала шкадаванне за ўсе родавыя браўнінгі, пісталеты, шаблі, у выніку гістарычнай завірухі праваленыя глыбока пад зямлю, адкуль дастаць іх зможа толькі які цуд або чарговая няўдача пані Гісторыі. I цяпер ні застрэліць каго, ні сабе кулю ў лоб пусціць. А хацелася прабіць навылет халоднае сэрца пана Стасінка, што для звычайнай выгады аддало яго ў чужыя рукі, і расстраляць мужыцкую прагнасць фурмана Уладзіміра Iванюка, што ялавіцай перакрыла ягоны, Валодзеў, жыццёвы шлях, і капітана Жлуктова забіць, і ўсіх іншых невядомых людзей, хто прыклаў руку да ўзнікнення граніцы за Саўчуковай стадолай.

Асабліва даймала граніца. Калі раней яна ляжала на душы халодным лязом, што размяжоўвае на дзве часткі сад пана Драгабыцкага, то цяпер з зааранай паласы падымалася зубатым Цэрберам, шматгаловай гідрай, тупым, непадкупным вартавым, пастаўленым невядома кім і невядома навошта. Ці не з адной мэтай — каб яму, Валодзю, сакрэтнаму сыну паніча Стасінка, а мабыць і ўнуку славутай сапегаўскай дынастыі, зламаць жыццё.

Сонька

Бабка Сонька адышла ў сакавіку, разам з апошнім снегам.

З раніцы склала ўсе свае рэчы ў стары, невядомай даўнасці шлюбны куфар, зачыніла века, на прабой павесіла замок і перакрутнула ключ. На счарнелым баку скрыні засталіся фіялетавы касцюм і белая майка. Раней апранула іх на сябе толькі адзін раз. Было гэта два гады таму, у краме. Разглядала вопратку доўга і дакладна, правяраючы ў люстэрку, ці бель трымае гармонію з фіялетам, і ці фіялет добра сінхранізуе з сівізнай валасоў, а матэрыял — ці напэўна адпаведнай якасці і пры першай нагодзе ці не пойдзе ў складкі і ці не пакамечыцца. Рэчы важныя, звышчасовыя нельга купляць легкадумна, абы хутчэй, кінуўшы адным вокам, або — што горшае — кіруючыся заклікамі актуальнай моды. Касцюм быў беззаганны — як два гады таму, так і цяпер. Зараз, на ўсялякі выпадак прымерыла толькі боты. Шмат дзён прастаялі яны бесклапотна ў кардоннай скрыначцы ў шафе, калі ногі за той час пратапталі не адну сцежку і здаралася ім стаміцца, апухнуць, згубіць штодзённую форму. Ды так ці іначай, праверыць боты перад доўгай дарогай не лішняя справа. Але карычневыя паўчаравікі сядзелі ідэальна, заяўляючы гатоўнасць да вандроўкі ў найдалейшы шлях. “Якраз. Лёгкія і не ціснуць”, — падумала яна і паставіла іх побач з куфрам.

Затым цэлы дзень размаўляла з дзедам Уладзімірам. Насамрэч размаўляла сама з сабой, але гутарка была ўсё-такі падрыхтоўкай да сустрэчы з ім. Перакідала некалькі разоў кожнае слова, разглядала яго з усіх бакоў — якое ўзяць з сабой, якое сказаць як першае і як апошняе, і яшчэ якое лепей пакінуць назаўсёды тут. Цягам дзесяцігоддзяў назбіралася шмат імёнаў і здарэнняў, ды не ўсе ж яны заслугоўваюць вечнага існавання.

Вечарам бабка Сонька паклікала ў хату сыноў і мяне, як адзінага свайго ўнука. У гасцінным пакоі чакаў стол-складанка. Даўно таму, калі дом быў шмат людны і гаманлівы, стол так і стаяў — штодзённа расцягнуты на поўную даўжыню. З адыходам кожнага сына стол сціскаўся, скарачаўся, аж, дасягнуўшы мінімальнага памеру, застыў пад белым абрусам. Цяпер яна расцягнула яго зноў, а наўкола паставіла шэсць крэслаў.

— Сядайце, хлопцы, — сказала, паказаўшы рукой месцы за сталом, і мы селі, расставіўшы локці на белым абрусе, і толькі маленькае крэсла Сашкі засталося пустым.

— Ну, што там, — першым азваўся Антон.

— Прыйшоў час.

— Час?.. — не зразумелі. — Які час?..

— На той свет... Заўтра, — сказала будзённа, нібыта мэтай заўтрашняй вандроўкі была не вечнасць, а кіёск па другі бок вуліцы або ранішняя лапатня з лепшай суседкай.

— I ўжо заўтра? Гэта што, па тэлевізары так сказалі ці бацюшка ў царкве аб’явіў? — дзядзька Коля выскачыў жартам, але бабка нават не ўсміхнулася.

— Заўтра ўсё тут будзе іначай. А мне няма ўжо чаго пры гэтым рабіць. Вы слухаеце мяне?

Не слухалі ні яе, ні саміх сябе. Даўно ўжо страцілі веру ў моц прадчуванняў бабкі Сонькі! А можа жыццё іх перагрузілася, запоўнілася па берагі, і не было ў ім месца ні на сваю, ні на чужую смерць? Як ні дзіўна, ад нешчаслівых пачуццяў сцежкі Антона і Колі зноў пачалі набліжацца, перасякацца, як у далёкім дзяцінстве. I зараз кожны з іх зірыў ці ў сцены, ці ў бясконцасць вуліцы, шукаючы спозненае каханне... Валодзя ж кружыў у сваім асабістым свеце высокіх радаводаў, дзе не месца вясковым забабонам або дробным сардэчным справам. «Не слухаюць», — засумавала бабка.