Выбрать главу

Гэтая думка — імгненне. Нараджаецца і знікае, не паспеўшы набраць рэальны кшталт. Я дасканала ведаю, што бела-сіні аўтобус адыходзіць не да экзатычных берагоў. Спыняе маршрут далёка раней, у вёсках, у мястэчках кропля ў кроплю, як нашае. А пры тым — як і ягоныя пасажыры — у бясконцасць паўтарае свой шлях, круціцца ў зачараваным крузе на сярмяжных вяроўках мясцовай гравітацыі.

А мяне гэтая гравітацыя штодзённа прыцягвае на вак-зал. I сам сябе пераконваю, што вельмі мне падабаецца гэты вакзал, і ні ён, ні я ні ў чым не змяніліся за апошнія трыццаць гадоў, з дня, калі зайшоў я сюды першы раз. А затым, па прычыне аднае сяброўкі, пачаў наведваць гэтае месца ў кожнае нядзельнае папоўдне.

Яе імя было Зося, найпрыгажэйшая дзяўчына ў суседнім ліцэі.

Скажаце: „А можна назваць, якая дзяўчына самая прыгожая?”

А я скажу: „Дзяўчына, у каго ты якраз закаханы, прыгажэйшая за ўсіх”.

Зося высаджвалася з аўтобуса, і мы ўшываліся ў маленькі сквер. З левага боку белай вежай уздымаўся ў неба касцёл, за спінаю гаманіў бар „Крынічка”, а тратуарам ступалі ўсялякія дзядзькі і цёткі — каму спешна пагутарыць з Усявышнім, а каму бліжэй у „Крынічку”, дзе век вечна смутныя афіцыянткі наліваюць жоўтае, мутнае піва. Звычайны ў нядзелю абразок.

Чарговыя аўтобусы выплёўвалі на тратуар групкі хлопцаў і дзяўчат, што таксама ж з’язджаюць з навакольных вёсак, рассыпаюцца па знятых кватэрах, а з панядзелка раніцой, ступаючы ў школу, даганяюць новы свет. I ўжо бачаць сябе (у кожнага тут свая мера) краўчыхамі, слесарамі, лекарамі.

Час ад часу і мне ўяўлялася такое, асабліва ўвечары. Цэнтральнай вуліцай ішлі мы з Зосяй, а шарэнгі блокаў глядзелі на нас цёплымі вокнамі. I я ў думках кляўся на першае каханне: будуць і ў нас свае вокны, самыя цёплыя і самыя светлыя ў мястэчку. I стане ў гасцінным пакоі вялікі стол, а зімовым адвячоркам, калі сонца ледзь крануўшы гарызонт, рассыплецца ніткамі паўсвятла, засеўшы за той стол, будзем з сонечных ашчэпкаў снаваць заўтрашні дзень.

Адкуль паявіліся на вакзале Болік і Папусь, не ведаю. У Папуся тырчала з-за пляча неадлучная гітара, ён усміхаўся на ўсе зубы, як усміхаюцца людзі, што хочуць сказаць: „Глядзіце, які прыгожы свет. А я гэтаму свету ўласнік”.

Болік прытаіўся крок ззаду, па прывычцы, моўчкі лускаў семушкі ды пляваў пад ногі чорна-белымі лупінамі.

Я ніколі не мог зразумець, якая сіла спалучае гэтыя дзве, крайне розныя асобы — упэўненага ў сваёй выключнасці гаваруна Папуся і Боліка, які ад страху перад нечаканасцямі свету прыкідваецца маўклівай воўчай скурай, а ў кожную хвіліну гатоў кусаць усё, што падступіць бліжэй за працяг рукі.

— Пазнаёміш з дамай? — не чакаючы адказу, Папусь какетліва зазірнуў у вочы Зосі. — Я, Папусь.

— Дзіўнае імя, — сказала Зося.

— Як і я дзіўны. Увесь свет ужо такі. I гэтае мястэчка таксама дзіўнае. Чароўнае. Ведаеш нашае мястэчка? Ты адкуль будзеш? Ты даўно тут? — адно за другім пасыпаліся пытанні. А калі Зося назвала сваю мясцоваць, Папусь бесцырымонна працягнуў руку:

— Пайшлі, глянем тое, што не відаць на цэнтральнай вуліцы.

I мы, не спяшаючы, нага за нагою, пайшлі глядзець мястэчка. А калі Зося, спыніўшыся каля нейкай выстаўкі, адстала на некалькі крокаў, Папусь спытаў:

— Трахаецца?

Менавіта так, груба і нахабна спытаў ён, быццам бы ў краме даведваўся пра свежы хлеб, або, скажам, аб уласцівасці легкавушкі „Волга” пытаў: якую хуткасць набірае за дзесяць секунд, які рухавік там, а якія тармазы.

I ў такі момант трэба было даць Папусю ў морду. Памужчынску, звычайна. А я адно ўсміхнуўся і адказаў:

— Сам пераканайся.

А Папусь спытаў яшчэ раз:

— Напэўна дазваляеш?

I трэба было другі раз заехаць яму ў мызу, бо важныя справы вырашаюцца неадкладна, зараз, адным махам. У другім выпадку бяруць сабе толькі вядомы напрамак, ніякавеюць, распаўзаюцца ў выпадковасць. І цераз дзень, цераз хвіліну не згарнуць іх, не паставіць на прадбачаныя рэйкі. Але я не заехаў Папусю ў мызу. Заціскаючы зубы, сказаў:

— Дарма прыдзіраешся.

I прыйшоў на памяць суботні вечар, у Зосі, на вёсцы. Дом культуры, званы „святліцай”, запоўнены пад завязку, натоўп пажылых цётачак, прыпятых да сценаў цвікамі цікавасці: трэба ж сачыць ім за ўсялякімі выкручастымі фігурамі, што ў ніякім выпадку не прыпамінаюць добра знаёмыя вальсы або полькі. Пад поўнач, калі салістгітарыст ад рэзкіх рок-энд-ролаў накіраваўся ў фанетычныя настальгіі, мае вусны дакрануліся да яе вуха. „Siedem dziewcz^t z Albatrosa, tys jedyna”, — міжвольна прашапталася ўслед салісту. I Зося збянтэжана адвярнула твар, напружылася, засаромелася. Не трэба, глядзяць жа,