Але прашэння не было. А Папусь, хітра ўзяўшы напрамак, кіраваў Зосю ў дзверы, на спальню. I час ад часу, з-над пляча зазіраў у мой бок. Ягоныя вочы пыталі: „I што? Усё яшчэ хочаш пераканацца?”
„Хачу!” — адказвалі мае вочы. Тупая ўпэўненасць, што прывалаклася з алкаголем, падбадзёрвала: „О так, хачу пераканацца. Пераканайся і ты, Папусь. Зося, мая Зося, не такая ўжо яна і...” Я не паспеў знайсці слова, што назвала б, якая яна, мая Зося.
Дзверы ў спальню зачыніліся.
„Няўжо ўсё яно, проста так?” — жоўтая лямпачка. загарэлася пад чэрапам, абліла цёплым воскам твар, спіну, ногі. У цьмяным святле хістануліся сцены вясковай святліцы. „Не трэба, не трэба, не трэба” — загаманіў раз-мазаны на сценах натоўп.
Не трэба — нямым рэхам адгукнуўся мой страх. Страх, які паяўляецца заўсёды, калі нечакана і несправядліва пераймаюць чалавеку шлях, прадбачаны ў заўтрашнія дні. Ен вылузаў мяне з-за стала, узвёў на ногі, накіраваў у дзверы на спальню.
— Ты куды? Чаго там не бачыў? Сядзі, бляха, — Бо-люсь, які раней і словам не азваўся, палажыў руку на маё плячо, прыціснуў уніз. — Выпі. А Папусь і сам ведае, што рабіць.
I я выпіў. I сам сабе даў рашэнне: „Пайду на спальню, калі яна пачне крычаць”.
Але ж з-за сцяны не даходзіў ні адзін гук. Замоўк і магнітафон, стала ціха. Адно Болюсь мармытаў нешта, прыплюшчыўшы вочы.
I раптам у раскрытых дзвярах паказаўся Папусь.
— Не магу, хлопцы, ну звычайна не магу.
— Што не можаш? Як? — не зразумеў Болюсь. Забіраўся пры тым за апошнюю пляшку.
— Ну, ніяк не магу. Віно хіба дурное, або што?
— А-га, там. Зараз віно, — Болюсь напоўніў шклянкі, кульнуў сваю порцыю, падняўся на ногі.
— А яна, што? — паказаў галавою на спальню.
— Як, што? Нічога. Ляжыць, бы здзёртая шына. I толькі наўкол паўтарае: “Ванітаваць хачу...”
Болюсь знік за дзвярыма. Вярнуўся на кухню праз хвілінаў трыццаць. Расчохраны, пачырванелы. Левай рукою прытрымоўваў нагавіцы, а на пальцах правай паказаў:
— Два разы засупоніў. Разумеет? Два, — падсунуў Па-пусю пад сам нос раскірэчаныя ў літару v пальцы. Быццам у доказ перамогі. — Віно дурное! Сыроватку табе, не віно.
Аформіў нагавіцы, прысеў за стол.
За акном сталяваўся зімовы адвячорак. Ранейшая эйфарыя, разбіваючы апусташэлае шкло, пералівалася ў маўчанне, у смутак. I Болюсь сказаў:
— А ты, Папусь, не бяры ў лоб. Здараецца.
Але Папусь хіба не чуў, што яму кажуць. Падняўся з-за стала і моўчкі пайшоў на вуліцу.
У той момант паказалася на кухні і Зося.
— О, прывітанне, — у Болюсевым голасе адчувалася абыякавасць, бесцікаўнасць уласніка, што выпадкова сустракае сваю добра вядомую, ды не надта каштоўную рэч.
Але Зося нат не глянула ў наш бок. Мабыць, усё, пра што яна зараз думала — нябачанай, ананімнай, не запісанай у нашай памяці пракаўзнуцца ў паўзмрочнае нутро мястэчка.
— Ванітаваць хачу, — пусцілася кулём у дзверы. А цераз хвіліну вярнулася, прыхапіла паліто, распятае на спінцы крэсла, і, не сказаўшы слова на развітанне, знікла.
Чарговы раз я ўбачыў яе тры тыдні пасля Вялікадня. У белай шлюбнай сукенцы, у вэлюме. Нат фігура не паспела яшчэ прыпсавацца.
— Бацькам буду, бляха, на Вялікдзень, — сказаў мне Болюсь. — Старшы сват патрэбны. Папусь адмовіўся. Можа, ты?
— А маці хто? — хацелася, няхай назаве тут абы-якое імя, самае дзіўнае або самае нечаканае, або няхай скажа, што ўсё гэта няпраўда, выдумка, жарт.
Бываюць хвіліны, калі, насуперак фактам, чалавек загадвае вачам бачыць тое, што ўяўляецца ў душы. Так нараджаюцца цуды. Ды не штодзённа прыходзяць яны на свет. I зараз таксама не здарыўся цуд.
— Сам ведаеш, Зося, — Болюсь сплюнуў на тратуар пакамячаную семку
А ў трэцюю нядзелю пасля Вялікадня трымаў я вяночак над галавою Болюся.
„Абрашчаецца... раб... Божій... да... рабы Божай”, — голас бацюшкі ўзлятаў да высокіх купалоў, вяртаўся ўніз і глухім басам забіваўся ў мае думкі, як у труну забіваюцца апошнія цвікі. А мне хацелася працягнуць левую руку, крануць белы вэлюм і адшукаць водар бялявых валасоў, запісаны ў памяці шматлікімі абразкамі.
Адганяючы назойлівыя думкі, я ўцякаў зрокам на спіну Болюся. I стараўся пералічваць кропкі перхаці, што, асыпаючыся з ягоных валасоў, засеялі белым вяночкам каўнер смалістага, шлюбнага пінжака. Ды не пералічыў, зашмат было іх.
А пасля царкоўнай цырымоніі, парваўшы ўсе законы, якімі абмяжованы старшы сват, я заснуў пад сталом.
— Ну і калегі ў нашага Болюся, — пад раніцу хтосьці выштурхоўваў мяне на белы свет. Пралупіўшы вочы, пазнаў злоснае аблічча Зосінай маці. I прыдбаўшы якнебудзь вертыкальную пазіцыю, пайшоў на вакзал.