Хацелася сесці на які-колечы аўтобус, нат не ведаючы яго маршрут, ды адправіцца ў самае далёкае месца на зямлі.
Клёсы
Часам ідзем да Клёса. Гэта наш добры сябра ад дзіцячых гадоў. Разам мы гулялі ў мяч, разам хадзілі ў школу. Разам збіраліся ў далёкі свет і нікуды не ад’ехалі.
На прадмесці, між драўлянымі домікамі Клёс трымае маленькую краму. Адвёў для яе месца ў самым утульным куточку панадворка. Раней, калі яшчэ жыла маці, быў тут загончык з картоплямі, а побач з плотам зялёнай сцяной стаялі маліны. Цяпер бульбянішча аддалося ў палон высокай траве, прысеў там на кукішках пластмасавы столік, а над столікам чырвоным мухаморам красуецца вялікі парасон з надпісам дайліды. Маліны крыху адзічэлі, але трымаюцца някепска. Абняўшыся за плечы з прыімшэлымі штыкецінамі, малайцавата заступаюцца за інтымнасць прыватнай уласнасці, аддзяляюць яе ад калектыўнай бязглуздзіцы тратуара. Ціха тут і ўтульна. Хочаш — глядзі на дахі маленькіх дамкоў, або, павярнуўшыся спінай на захад сонца, назірай, як пушча ўрастае ў вечаровае неба.
Часам можна было б таксама схадзіць у цэнтр мястэчка, да Нью-Ерка. У яго сапраўдны рэстаран, плён дзвюхгадовай пабыўкі за акіянам у самы лепшы час, калі адзін амерыканскі долар з аднаго боку быў іконай, што абнадзейвае на жыццё вечнае і бестурботнае, а другі бок выяўляўся зялёным сатанінскім люстэркам, у якім праглядаецца цэлы свет: распусныя зоркі кіно, бяздушныя банкіры, драпежныя сенатары, апантаныя азартам паклоннікі Лас-Вегаса.
У Нью-Ёрка столікі абведзены мармурам, а сцены люстрамі. Адвячоркам, калі змякчаецца дзень і настрой, прыгасаюць верхнія лямпы, а адзінае святло выплывае тады з адлітых у патынавыя бронзы кінкетаў. Яны хітра прыхоўвюцца між люстрамі, і ў срэбным шкле бачыш толькі шэрыя абрысы твараў — свой, Жэніка, Сярожы, Толіка.
Дзіўна глядзець у твар, калі раней скальпель паўсвятла вымыў яго з маршчын і эмоцыяў. Няма ў тваім абліччы гневу, радасці, болю. Можна падумаць
— існуеш адно на вырванай з пашпарта фатаграфіі: без адраса, прозвішча, даты нараджэння. I адчуваеш сябе нахабнікам, што, уводзячы ў зман пагранічныя службы чужой краіны, урываецца на забароненую тэрыторыю.
I таму часцей ступаем да Клёса. !дзем туды, бы ў свой дом. Прысаджваемся пад чырвоны брызент з надпісам “дайліды”. Выпіваем піва, нагбом, з бутэлькі, заводзім гутарку абы пра што, вось, скажам — аб джынсавай майцы Сярожы Сахарука. У яе доўгая, на чвэрць стагоддзя гісторыя, а за познім Герэкам каштавала маёнтак.
— Зараз не вырабляюць такія майкі, — кажа Сярожа і цаля за цаляй, гаспадарскім вокам абмацвае пакручастыя сцежкі швоў.
Сярожа мае рацыю. Дваццаць пяць гадоў — шмат часу, усё змянілася, праваліліся старыя імперыі, узніклі новыя, а баваўняныя ніткі надалей някепска выстойваюць пазіцыі і толькі ў пунктах неўралгічных — пры кішэнях і на локцях — адступілі.
— Зараз ніхто нічым не займаецца і ўсё як трэба зроблена, — кажа Федзік.
Федзік праўду кажа. Спатрэбіўся б які занятак. Няхай ужо не самы прыбытковы, няхай і не прэстыжны. Але яго няма.
I таму ідзем да Клёса.
Часам размаўляем аб нашых знаёмых — якую важную фігуру хто ведае, якую персону. Сама лепш, калі асоба вядомая з тэлевізійнага экрана, або калі яе здымак запаўняе першую старонку газеты.
Але між нашымі знаёмымі дарма шукаць такіх асобаў. І тады наогул называем імёны дваюрадных швагроў, стрыечных братоў, сваякоў, ніколі не бачаных, што пасяліліся ў Беластоку, Варшаве або яшчэ за царскім часам з’ехалі ў Канады-Амерыкі. Не распавядае аб іх ні радыё, ні тэлевізар, ды не мае гэта вялікага значэння — зарабляюць там грошы значнейшыя за нашага бургамістра, а — хто ведае — можа нават і з падляшскім ваяводам выстаялі б фінансавую канфрантацыю?
Вось і клічам нашых кроўных пад чырвоны парасон з надпісам “дойліды”. А яны прыходзяць і апранаюць нас у шаты вялікага свету. І ўжо не джынсовая майка, а пінжак Джульюс Ланг агортвае плечы Сярожы Сахарука, і пад спартыўным фасонам калекцыі Нью Джоркер схаваўся абшастаны свіцер Толіка, а грудзі Жэніка напінаюцца кашуляй фірмы П'ер Кардэн.
А потым сваякі адыходзяць за сваімі справамі, а мы астаемся над парожнімі бутэлькамі з-пад піва і пералічваем, хто каго бачыў — у апошні час ці ўвогуле, за ўсё жыццё. Такія гутаркі струменяцца самі з сябе, выдаўжаюцца, аплятаюць лабірынты нашых сцежак вінаградавай лазой. Можна там сноўдаць з раніцы да вечара, не ступаючы на ранейшыя сляды. Бо — што ні скажаш — і чалавека наведваюць, і ён там-сям быў — у арміі, або — за лепшым часам — у пуцёўцы.
— А я на базары Цімашэвіча ўчора бачыў, — кажа Сярожа. — Ен купляў бананы, і я падумаў: “А няхай там! Два злоты было не было. Куплю таксама”. І купіў. Уяўляеце? На адным ларку.