Выбрать главу

Шлёпнуўшы ў лавачку, Марусь павесіў зрок на супрацьлеглай сцяне вагона, перакінуў у думках свае мроі. Няшмат было іх там. Хто другі ў такім выпадку за-раз і разгарнуў бы якія-небудзь раскошлівыя краявіды, шыбаваў бы між воблакаў, прызямляўся б на выгладжаныя міністэрскімі задніцамі крэслы. Хто другі так. А Марусь быў чалавек канкрэтны, сціплы, тутэйшы. Гэтай сціпласцю і тутэйшасцю размалёўваліся і ягоныя мары. Яны былі звычайныя, як цёмна-сіні артальён на спіне, і салідныя, як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну, і можна іх нармальна ўзяць у далоні, сціснуць пальцамі, бы пяцідзесяцізалатовы банкнот — апошні, які ад лепшага часу заваляўся ў кішэні.

А цяпер час прыйшоў няважны — выяўляецца залішнім, стамляючым адпачынкам і безграшовіцай.

“Стрываю да чарговага паўстанка — з пачаткам красавіка атрымаецца праца”.

Бо Марусь быў кравец. Можа, гэта і лішняе слова, можа, навырост. I калі цікавіўся хто знаёмы або калі была патрэба запоўніць якія паперкі, і між другімі рубрыкамі стаўлялася там пытанне аб прафесіі, доўга думаючы, даваў такі менавіта адказ: “Кравец я”.

Бо што скажаш? Працую ў кравецкім кааператыве, не тым, што па душы мне, займаюся, але ў будучыні — хачу, буду, зраблю, пакажу ўсім...

Людзі чакаюць адказы ясныя і простыя, а ў службовых папераў таксама ёсць свае варункі і абмежаванні. У другіх выпадках, карыстаючыся нагодай, чалавек пачынае ўголас абмяркоўваць свае тайныя планы, апранаецца ў неналежныя ордэны, не бач калі перасякае мяжу між тым, што ў яго ёсць, і тым, што яму хочацца...

Вось і быў Марусь кравец ды працаваў у кааператыве.

Шылі там рабочыя рукавіцы — летнія, з мяккага цёмна-сіняга ціку, з пяцю пальцамі, і зімовыя — пруткія, круглыя аладкі брызенту, дэфармаваныя ізапяткай для вялікага пальца. Сшываючы брызент у прадбачаны праектантамі кшталт, Марусю заўсёды было шкада гэты палец. Уяўлялася зімовая халадэча, скрыпучы мароз і іней, і чатыры браты ў супольнай, утульнай хатцы прыгартаюцца адзін да аднаго, абаграваюць адзін аднаго цёплым дыханнем, перакідваюцца словам. А пяты брат, запёрты ў цёмную келлю, дубянее, калее ў цішыні і самоце.

Але цяпер нагоды на такія шкадаванні і роздумы не было. Шмат якія рукі апынуліся лішнімі. Можна іх згарнуць у кулак, засунуць у кішэню, можна таксама, раскірэчыўшы ўсе пяць пальцаў, лавіць за зялёныя косы майскі вецер. I няма пры тым патрэбы адбівацца ад балючых мазалёў ніякімі рукавіцамі.

“Стрываю да чарговага паўстанка — з пачаткам красавіка атрымаецца праца”, — каб не было ніякіх сумневаў, раз яшчэ падумаў Марусь.

Але нават самыя простыя людзі побач са звычайнымі мроямі носяць у сабе мроі святочныя. Прыхоўваюць іх у самых недаступных завулках памяці, а адзін раз на год або і адзін раз за жыццё выносяць іх на белы свет — крадком і пад кантролем, бы велікодны белы абрус разгортваюць на стале.

Часам такая мроя вырываецца з рук, уцякае, пачынае жыць сваім жыццём, нараджае чарговыя летуценні. А яны, бы фальшывыя сябры, абступаюць чалавека, клічуць, вабяць у чужы і непрыхільны яму свет.

Ніхто дакладна не ведае гэту хвіліну, што прымушае чалавека выгарнуць з сябе самае тайнае. Можа тое здарыцца, калі сядзіш за кавай у рэстаране або за кравецкай машынай “зінгер”, можа адбыцца ў глыбокім сне і нават у начным цягніку, што марудна каўкаючы пространь, нямым вужом паўзе з далёкай правінцыі ў сталіцу.

“Стрываю, усё ж такі атрымаецца тое, што хачу Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца”, — можна падумаць — цягнік пайшоў па рэйках, паглыбіўся ў ноч. Але гэта не поўная праўда. Сапраўды — перасякаў ён час вядомы і зразумелы, адбіваўся ад яго ды ныраў у гэту своеасаблівую хвіліну, што прымушае чалавека распрануцца з самога сябе. I Марусь распранаўся. З цёмнасіняй майкі. З фланелевай кашулі. З чаравікаў, што выстаялі не адну спёку і сцюжу. А калі зняў з сябе тысячы, дзесяткі тысяч рабочых рукавіц, што цягам гадоў накапіліся на душы, паказалася самае тайнае. Саноўныя вечаровыя сукні і бестурботныя летнія сукенкі. Халодныя жакеты-візіткі бізнес-вумен і шчабятлівыя блузачкі студэнтак. Шытыя ветрам хустачкі загарэлых турыстак і квяцістыя капелюшы бледных ад палацовага паўсвятла арыстакратак.