Выбрать главу

Сотнямі мадэляў шоўк пераклікаўся з атласам, лён сплятаўся з воўнай, аксаміт адважна лашчыўся да нясмелых цюляў.

Калі б знайшоўся зараз у купэ які выпадковы спадарожнік, перачытаў бы ўсе Маруся думкі. Але Марусь быў у вагоне сам. Зусім як зімовымі адвячоркамі на кватэры, калі ўсе тыя шаты, усе мадэлі выліваліся на паперу, разрысоўваліся, набіралі кшталт.

“Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца ў якую сапраўдную працоўню”.

Так падумаў Марусь. А колы цягніка ішлі. І шчабяталі, і звінелі, і стукалі спраўным рытмам, як звіняць і шчабечуць іголкі “зінгера”, калі вопытная краўцоўская рука стаўляе іх на доўгія аксамітныя рэйкі. За прымкнёнымі вачыма аксаміт слухмяна падстаўляе хрыбет, увішная нітка загартае яго ў элегантныя швы, адштурхоўвае назад, за спіну.

Але час ад часу іголкі памыляліся, сыходзілі з правільнага шляху, ядавітай фастрыгай угрызаліся ў напружаную скуру жывата, скаўзаліся ніжэй.

Ды нічога ўсё. Заціскаючы зубы, Марусь трываў. Яшчэ дзве хвіліны, яшчэ хвіліна. Колы трацілі імпэт, гублялі рытм, спавальнялі крок. Цягнік набліжаўся да паўстанка, што прадказвалі электрычныя лямпы за акном.

Лакаматыў увайшоў між перонаў і спыніўся.

Падчас стаянкі туалетам не карыстаюцца. Скарачаючы апошнюю хвіліну цярпення, Марусь узвёўся на ногі.

“Пойдуць колы, пайду і я,” — падумаў.

Але схадзіць у туалет ён не паспеў. Дзверы расчыніліся, і ў купэ ступіла жанчына.

Чалавек, хто клянецца, што ў нашым зямным свеце ёсць адно сем цудаў, мабыць ніколі гэту жанчыну не бачыў. Або здаецца яму, што ўсё важнае на зямлі адбылося раней, да дня нашага нараджэння, ды ўвогуле сусвет на век вечны астаецца такім, якім узвялі яго за першы тыдзень боскія далоні.

Такія меркаванні далёкія ад праўды. Якраз жаночая прыгажосць — як і чалавечая мроя — не ведае мяжу ні часу, ні пространі. Выяўляецца дзе толькі захоча, і калі захоча. Нават у звычайны будзённы дзень, у начным цягніку.

Ад уражання Марусь шлёпнуў у драўляную лавачку чарговы раз. А цягнік пайшоў.

“Яна такая прыгожая, а ў мяне зусім празаічная праблема. Як жа так? Напэўна, ж адразу здагадаецца, у чым справа. I — сказаць хай сабе нічога не скажа, а падумаць падумае: “Ен пайшоў у туалет”. I яшчэ падумае: “Слабенькі яго пузыр. Ды ўвогуле — які там ён мужчына?” Ну быццам нічога, быццам звычайнае, чалавечае. Усе людзі час ад часу прымушаны. А можа, і не ўсе? Напэўна не. Вось, скажам, які Лінда або Пазура, ды і ўсе апошнія, моцныя мужчыны, што глядзіш іх у кіно — здараецца ж адступаць ім у туалет, калі побач такая прыгажосць?

Дзіўны сорам загрузіўся на спіну свінцовым цяжарам, прышпіліў да лавачкі. Гэты сорам вядомы кожнаму, чыю абдзёртую куртку ў раздзявальні элегантнага рэстарана вешалі побач з напышлівым каракулевым футрам, і зразумее яго той, хто намацаўшы ў кішэні абшастаную залатоўку, хілком адступае ў найдалейшы закавулак царквы, калі панскім крокам заходзяць на талерку папяровыя дзесяткі і дваццаткі.

Гэты ірацыянальны сорам мацнейшы за Божы гнеў і лямант напоўненага пузыра.

Сціскаючы калені, Марусь забіўся ў самы адлеглы куточак купэ. Стараўся глядзець за акно. А нябачная сіла тузала ў спіну: “Глянь, якая прыгожая пані. Глядзі, Марусь”.

I Марусь глядзеў. Крадком, бо калі пані, абводзячы зрокам купэ, спынялася на ягонай постаці, вочы Маруся ўцякалі за акно. Сама выгадней было б апусціць вейкі, прыкінуцца сонным, змораным. I Марусь апускаў вейкі. А пузыр нахабна расшпільваў іх назад. I Марусь зноў глядзеў на жанчыну.

Ад ніякага цярпення, ні голаду, ні холаду час і дыстанцыя не выдаўжаюцца так значна, як ад запоўненага пузыра. Гумовыя хвіліны выцягваюцца да воблакаў, у бясконцасць. I такая гума часу можа быць як трамплін, што, напяўшыся да межаў вытрымкі, шпурне чалавека ў лепшы свет. Але можа таксама лопнуць, абарвацца з трэскам, і тады стрымгаловіш у чорную прорву небыцця.

Але калі зашмат выдаўжаецца цярпенне, калі пераўтвараецца ў невыносны боль, вызначаюцца і чарговыя мэты — як вакцына, як апраўданне пакуты і зар-плата за яе. Бо чалавек у сіле перанесці свой, нават добраахвотніцкім жэстам загружаны крыж з аднаго кутка свету ў супрацьлеглы куток, калі аплачваецца такая ахвяра добрай цаною. А цана — у кожнага тут свая мера — абятніца вечнага жыцця, улада над другім чалавекам, жаночая ўсмешка.

“Няхай яна ўсміхнецца, — падумаў Марусь. — I ня-хай скажа слова. Стрываю яшчэ паўстанак — яна адазвецца”.

Яму раптоўна захацелася слухаць яе голас. Які ён? Безумоўна, яе голас — шолах веснавых ліўняў. Песня вадаспадаў, крынічна халодных нат у летнюю спёку. Подых жнівеньскіх палёў у лютую завею. Бальзам на балючыя завулкі душы. Так уявілася Марусю.