Выбрать главу

— А вы далёка? — жанчына азвалася, пакуль цягнік паспеў дайсці да чарговага паўстанка. I праўда, былі ў яе голасе ўсе тыя ўяўленыя ліўні, бальзамы і вадаспады. I Марусь абліўся потам і разгубіўся, як заўжды губляе думку і шлях чапавек, калі ягоныя мроі апярэджваюць рэчаіснасць. Страціўшы кантроль над моцна сціснутымі каленямі, нат і спалохаўся: ці ўсё нармальна там? Але, па-куль не адбылося нічога, за што варта стыдацца. Узяўшы поўныя грудзі паветра, Марусь адказаў:

— Далёка, у Варшаву.

— Вось, як добра. I я ў Варшаву. Дамоў вяртаюся. Аддыхала тут пушчанскімі водарамі. Ох, як тут прыгожа, — ад успомненай раскошы жанчына пацягнулася, хістануліся пад свіцерам стройныя грудзі. — А вы хіба не дамоў? — спытала, але больш у гэтым пытанні ўпэўненасці. Вядома — не трэба ж быць прарокам, даволі адзін раз глянуць, ды адсачыць не варшаўскае, не сталічнае пажоджанне цёмна-сіняй майкі, і даволі адзін раз зірнуць на салідныя чаравікі, каб здагадацца, што не на сталічных тратуарах пакінулі яны сваю прыгажосць і рыпячую саноўнасць свінскай скуры.

— Не, — сумна пацвердзіў Марусь. — З дому якраз я.

— У Варшаву? — абыякавым голасам спытала яшчэ раз жанчына.

— У Варшаву, — адказаў Марусь. — Па працу. Я — кравец. Шыю.

— Кравец? — зараз яе вочы бліснулі маленькім зацікаўленнем. “Як — кравец? Які кравец?” — такое пытанне яна ўголас не паставіла, але яно адчувалася — у яе вачах, усмешцы.

І Марусю трэба было нешта адказаць. Вочы крадком аб’ехалі яе постаць — твар, грудзі, спыніліся на далонях і спалохаліся. Яе далоні ў нічым не прыпаміналі тыя пляскатыя аладкі, што доўгай шарэнгай выстройваліся спад іголкі “зінгера”.

— Краўцоўства — гэта мастацтва. Асабліва жаночае краўцоўства. Бог стварыў жанчыну голую, а вось кравец апрануў яе і зрабіў прыгожай.

Адкуль прыйшла Марусю на думку такая фраза — ніхто не ведае. Мабыць, калісьці чуў ён гэтыя словы, а можа ўзніклі яны і зараз, самі з сябе? Цягнік, як сказана раней, абмінаючы час і пространь, паглыбляўся ў ноч. І ўсё здавалася магчымым, бы ў якім сне. Кожны можа тут думаць, што захоча, можа лётаць, можа нат бяскарна глядзець у вочы прыгожай пані і перакідвацца словам той, у каго раней не было да такіх панюсяў ніякага дачынення.

I Марусю прыйшла на памяць адна пані — здавалася раней — самая прыгожая ў краўцоўскім кааператыве. Была там брыгадзіркай, час ад часу зазірала ў прадукцыйны зал, абводзіла зрокам усе станкі, а калі прыпынялася за спінай Маруся, ён машынальна апускаў галаву, пільна сачыў за ходам сталёвай іголкі. А напрыканцы мінулага года гэтая пані зайшла якраз у злую хвіліну. Ад няма чаго рабіць Марусь забаўляўся накідамі сваіх уяўных мадэляў. Пані прыхапіла запоўненую рысункамі картачку, глянула і ўсміхнулася. I не было як, і не было куды ўцякаць вачам. I прышпіліўшы свае вочы да яе вачэй, урэзаў іголкай у вялікі палец,

Але прыгажосць сённяшняй спадарожніцы была ў зусім іншым гатунку — быццам абразок у кніжцы — прывезенай з далёкай краіны.

Усё ў яе было рэальнае, усё на сваім месцы, у прапорцыях, як трэба быць. А адначасова — усё ўяўнае, несапраўднае, выдуманае. Але калі нат прыдумаў хто гэту паню, тады з канкрэтнай мэтай — раскрыць насцеж дзверы краўцоўскай фантазіі, выправіць яе ў неабмежаваныя прасторы і сцежкі.

— Ну, — сказала пані. — Можа тады стрэнемся падчас якой прэзентацыі.

— Можа, — адказаў Марусь.

Жанчына прыліпла зрокам да шыбы. У шкле, начнымі фарбамі пераўтвораным у правізарычнае люстэрка, стаялі яе цёплыя карыя вочы, з-за недасканаласці люстэрка абведзеныя паўзмрокам таямніцы, і вусны, што сакавітай лініяй складаюцца ў чырвонае сэрца, і шчокі, напятыя пружыністым лязом маладосці. А затым вусны расхіліліся, усміхнуліся, і ўсмешка разгарнулася на шчокі, на вочы, як разгартаюцца хвалямі зручна пастаўленыя косткі даміно.

Так усміхаюцца людзі, калі вяртаюцца дамоў — усміхаюцца на сустрэчу з добра вядомай цеплынёй, з утульнымі завулкамі кватэры.

“Якая яе кватэра? — падумаў Марусь. — Напэўна незвычайная, напэўна такіх у мястэчку няма. Сцярпець адзін яшчэ паўстанак — і яна мяне запросіць на сваю кватэру”.

Думка вырастала адважная, упэўненая, як ніколі раней.

А прыгожая пані ў той жа хвіліне сказала:

— А ў Варшаве вам ёсць дзе спыніцца? Ёсць хто знаёмы?

— Брат ёсць, — сказалася, па інерцыі неяк. I язык, засаромеўшыся, што мабыць заўчасна абмінае прыадкрытыя дзверы, пачаў адступаць назад:

— Хіба што ад’ехаў дзе, бо хто яго там ведае, непаседа мой брат, сёння тут, заўтра там.