Выбрать главу

Цягнік прычаліў якраз да паўстанка, і Марусь уздыхнуў з палёгкай: “Выканаў усё-такі. Выстаяў. А ты ціха там, — запёрся кулаком у спіну пузыра. — Зараз яна запрапануе наведаць сваю кватэру”.

А жанчына быццам на вяроўцы ягоных думак ішла.

— Калі б якая праблема, вось вам, — працягнула візітную картачку.

Марусь узяў яе, перакінуў у пальцах. Перачытаць прозвішча і адрас не атрымалася, падчас стаянкі лямпы ў вагонах прыгасаюць, кладуцца на сцены, на лаўкі, на шчокі пасажыраў чырванаватым паўсвятлом. I ён закінуў картачку ў кішэню сіняй майкі, на грудзі, туды, дзе сонным рытмам б’ецца сэрца.

А потым усё расплылося, а можа, усё паплыло. Ноч, думка, цягнік, сусвет. Нават элегантная працоўня, дзе над вялікім аркушам паперы схіліўся Марусь, закружылася лянівым вярчальным танцам. А пасярэдзіне гэтай працоўні стаяла цалкам аголеная прыгожая пані. Але Марусь не паспеў прыгледзіцца да яе сакрэтнай прыгажосці. Няспынны танец загартаў паню ў воблачныя карункі, цюлі, аксаміты.

— Пойдзем? — пытае пані і раскошлівым жэстам працягвае далонь.

Раскрываюцца дзверы, і з працоўні яны выходзяць на вялікі парк. Між кветак, між старых дрэў, спакойным блакітам хістаецца вялікае вока басейна.

— Пойдзем? — пані пытае яшчэ раз і заходзіць у блакітную ваду.

Пытае залішне, бо Марусь ужо ступае яе следам, быццам ступаў на непазбежны, запісаны ў кніжках лёсу шлях, ад якога не ўцячы, не адбіцца сталёвымі кулакамі. А пры тым ні ўцякаць, ні адбівацца Марусю не хочацца. Нат калі і пратэстуе пузыр. “На халеру табе той басейн, навошта ён? За працай жа ў Варшаву едзем”, — вісклівым голасам высалапляецца ён з падбрушша. З-за няўвагі ўласніка выбраўся якраз на волю і, карыстаючы хвіліну, пачынае павялічвацца, надымацца, запаўняць купэ сваімі празаічнымі жаданнямі. Здаецца — вось і рассыплецца, разарвецца тысячай асколкаў, трапляючы абы-дзе, нат на прыгожую сукенку прыгожай пані.

Але Марусь ужо не чуў вісклівы пратэст пузыра. Сціскаючы далікатную жаночую далонь, ён паглыбляўся ў блакітныя абдымкі басейна. Цёплая, шоўкавая вада агарнула сцёгны, калені. Увішнымі струменьчыкамі пабегла яшчэ ніжэй, на лыткі, у чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну летнюю спёку і восеньскую слату.

Дзяўчына

Любяць глядзець дзяўчын, што ў разгары маладосці ідуць на сустрэчу з мястэчкам.

Прысаджваюцца за столік, цяпер побач з крамай “Ат-ланта”. Гэта добрае месца, па галоўнай вуліцы. А вуліца — і крыніца, і вусце — разгартаецца ва ўсіх напрамках ды згартае да сябе ўсё, што мае тут якое-колечы значэнне.

І не быць, не функцыянаваць у мястэчку даўжэй за два дні, не ступаючы на тую вуліцу.

Гэтым шляхам вяртаюцца з мясцовага магістрата турботныя рэферэнты — як нармальна не складаецца ў іх бюджэт, і прыдзіраюцца начальнікі, бо такая праца начальнікаў, і хварэюць шлюбныя жанкі, і сыны падрастаюць не абавязкова на вобраз і падабенства, запісанае ў рамах буйнай амбіцыі, і ў шырокім плане года астаецца няшмат месца для празаічнай пляшкі з кумам.

Тут у дзве гадзіны пасля поўдня, заўчасна прыстарэлыя маткі-полькі хілком уцякаюць ад ранішняй змены на фабрыцы. І ў думках лаюць гэту фабрыку, што за пяцьсот злотых у месяц бесцырымонна распранае іх з апошніх атрыбутаў прыгажосці. А затым, у краме “Ат-ланта” пераліваюць залатоўкі ў пластмасавыя пакеты з малаком, напаўняюць водарам свежага хлеба, загартаюць у цёплыя апельсінавыя хустачкі. Ступаюць на вуліцу, а сонца ўсміхаецца дзіцячай усмешкай. І ўжо іначай, і ўжо пяшчотным зрокам абводзяць фабрычны комін.

Напышліва надзімаючы бруха, час ад часу перакоціцца вуліцай штатны кіраўнік чагосьці там. Жоўты гальштук, бы кітайскі мандарын, распіраецца напалову, лежачы ў жывой рыкшы.

Часам ступіць тратуарам пачарнелы ад сонца мужык, што з’явіўся ў мястэчка па неадкладных справах. I зазіраючы з-пад брыля кепкі на сонна спавольнены свет, мабыць, і задумваецца: чаму летні час выяўляецца ў розных варыянтах. Местачковымі вуліцамі сноўдае нага за нагою, а вось пераступіўшы мяжу мястэчка, паглыбіўшыся між жытніх палёў, вокамгненна паскарае крок, набірае хуткасць.

Гэтай вуліцай з ліцэйскіх абдымкаў Піфагора і Сакрата маладосць рвецца бестурботнай рэчкай у шчаслівае папоўдне, значыць — унікуды.

Дзяўчыну, што ідзе тратуарам, яны бачаць упершыню. Гэта вельмі прыгожая дзяўчына. Гадоў не больш за дзевятнаццаць, высокага росту, але рост яе перш за ўсё выдаўжаюць ногі — значыць, тое, што прыбаўляе прыгажосці дадатковы бляск, апранае яе ў шляхетнасць, як спрытная ювелірская рука апранае ў шляхецтва звычайны камень.

Побач з дзяўчынай крочыць хлопец — таксама дзевятнаццацігадовы. Мабыць, які школьны сябрук. На ўроках прысаджваецца за суседнюю парту, а калі ўсе схіляюцца над кніжкамі і сшыткамі, ён крадком спаглядае на яе плечы і ўздыхае, і мроіць якія фанабэрыі. А ўсё так і астаецца чыстай фантазіяй, бо якое можа мець дачыненне прыгажосць да штодзённай звычайнасці?