Выбрать главу

Дзядзька Кандрат кожную гутарку пачынае большменш так:

— Мала плацяць. Каб мне, ведаеце, хаця адзін грош палічылі за кожны праеханы кіламетр...

Меркаваўшы па Кандратавых вачах, замглёных трошкі і знерухомелых, можна здагадацца, што не адзін калеярскі кіламетр боўтаецца ўжо ў ягоным страўніку.

— Міхась! — дзядзька Кандрат шчыра раскідвае рукі, бы сакратар Ярузельскі, пабачыўшы сакратара Брэжнева, сыходзячага па лесвіцы з самалёта ТУ-154.

Мне радасна. Чалавеку заўжды робіцца прыемна, калі нехта заўважыць яго і вылучыць з ананімнага натоўпу.

— Давай сюды, Міхась, пагутарым. А ёсць аб чым, — дзядзька Кандрат глядзіць то на мяне, то зноўку на апарожнены куфаль. — Мала плацяць, Міхась. Ой, мала, — апошнія словы адрасаваны — не ведаю — мне ці куфалю, ці нейкім, непрысутным тут калеярскім міністрам.

Не скажу, каб перспектыва гутаркі з дзядзькам Кандратам цешыла мяне, прынамсі так, як ягонае ранейшае прывітанне. Мо паказалася мне, што дзядзька праехаў ужо сёння свой апошні кіламетр і пара яму высаджвацца на гэтым прыпынку, дзе працуе начальнікам Яго Вяльможа Сон.

I я, аказваецца, не памыляюся. У гэты момант нябачны начальнік хапае галаву свайго падначаленага, прыціскае яе да стала, і цяпер ужо абодва, злітыя ў адну постаць, стынуць нерухома, забываючы пра ўвесь навакольны свет.

Побач акна, але і насупраць дзвярэй рассядаецца Каляровая Амэлька. Тут, так сказаць, знаходзіцца самы лепшы ў Алесевай гаспадарцы назіральны пункт. Амэлька можа назіраць і на дзверы, і на тратуар, што, узяўшы пад увагу яе прафесію, мае вялікае значэнне. Не паспееш варухнуць клямкай, галасней адзываецца Амэльчына васемнаццацігадовае сэрца. Кароценькая спаднічка, якая больш паказвае, чым прыкрывае, бадзёра паднятая галава, грудзі, бы дзве ракеты СС-20, нацэленыя ў дзверы і гатовыя да стрэлу. Вось табе і ўся Амэлька. Магутныя карпарацыі рэкламуюць свае вырабы па радыё і па тэлебачанні, плацяць вялікія сумы спецыялістам, а людзі і так робяць пстрык! “пілотам”. Амэлька — адначасова і выраб, і рэклама сваёй маленькай, аднаасобнай фірмы. Часам пакіне нейкія грошы ў цырульні або фітнесклубе, і гэта ўсё. Калі нехта мае выбіраць між шакаладам з альпійскага малака і Амэлькай, заўжды дабавіць некалькі злотых і возьме гэтае другое. Аднак апошняй ноччу Амэлька не ператамілася. Калі б было інакш, не сядзела б тут з белай раніцы, а як і ўсе яе сяброўкі адсыпалася б пасля працоўнай вахты.

Распазнаўшы маю асобу, Амэльчыны ракеты, ужо амаль выстрэленыя, пачалі раптоўна прызямляцца. Грошы пакінулі мяне раней, чым жонка, і Амэлька аб гэтым дасканала ведае. Паглядзіць яшчэ хвіліну ў мой бок і, канчаткова ўжо расчараваная, бяжыць зрокам за акно, заглыбляецца думкамі ў свой малады, хаця нялёгкі лёс.

Ледзь паспееш прысесці за сталом, як з’явіцца Алесь. Пра Алеся можна сказаць коратка: заўжды на варце, заўжды чуйны і заўжды гатоў да супрацоўніцтва. Выхаваны ў прыгранічнай вёсачцы, рана стаў гарцэрам, а там пагранічнікі напераменку з настаўнікамі папрацавалі над ягонай чуйнасцю, фармуючы пры нагодзе правільнае грамадзянскае стаўленне.

На акцыю супроць каларадскага жука Алесь не патрапіў. Не з гультайства, вядома, а толькі таму, што не было яго яшчэ сярод народжаных. А калі ў стогнах і болях маці падарыла свету Алеся, плён буржуазнай дыверсіі распаўсюдзіўся і пазвычайнеў, як і звыклай стала ранейшая ўдзельніца каралеўскіх банкетаў — Яе Высокасць Бульбіна. Каларадскім жуком людзі перасталі сабе марочыць галовы, а бацька сказаў, што з капіталізмам ніхто яшчэ не выйграў. Пасля гэтага бацька кудысьці прапаў, і дзеду Астапу прыйшлося забіраць з гарадскога шпіталя дачку і ўнука. Пройдзе год і другі, пакуль бацька вернецца і, ўпершыню ўбачыўшы сына, яшчэ раз скажа:

— Помні, сынок: з капіталізмам яшчэ ніхто не выйграў.

Як відаць, бацька нічога не навучыўся, затое — Алесь вельмі многа. Ен рашыў, што калі ўжо дарасце, запішацца ў капіталісты. Тады яшчэ не ведаў, што раней прыйдзецца яму запісвацца ў гарцэры, дзе, як кожны добры гарцэр, будзе абавязаны злавіць свайго ўласнага шпіёна. А задание не было лёгкае. Вёсачка раскінулася за гарамі — за лясамі, далёка ад прамысловых цэнтраў, і шпіёны, не звяртаючы ўвагу на пабожныя жаданні мясцовых гарцэраў, зазіралі сюды вельмі-вельмі рэдка. Відаць, мала іх цікавіла: драўлянымі ці жалезнымі плугамі варочаюць зямлю аўтахтоны.

Усё-такі Алесю пашанцавала. Летам прыйшоў у вёску чалавек, і адразу было вядома, што гэта шпіён. Барадаты, у доўгім пінжаку, таямнічы мяшок з правага пляча перавешаны на левы клуб. Так апісваў шпіёнаў капрал Бароўскі, а як сам запэўніваў — шмат іх, падлюгаў, вылавіў і пад суд паставіў. І вось стаіць перад табою эк-земпляр родам з расказаў капрала Бароўскага ды яшчэ пытае, кудою найбліжэй дайсці на граніцу. Кожны добры гарцэр ведае, што рабіць у такім незвычайным выпадку. Алесь таксама ведаў: шпіёна накіраваў у фальшывы бок, а сам шмыгануў да солтыса.