Выбрать главу

Пагранічнікі прыехалі на матацыкле маркі “ВФМ”.

— І дзе ён, гэты твой шпіён? — зрыфмавалася сяржанту. Выпадкова хіба, бо паэзіяй ніколі ён, нават у школе, не займаўся.

Бацька гаварыў, што гэты сяржант у ніякую школу ніколі не хадзіў. І абяцаў Алесю, што калі далей будзе вучыцца так, як да гэтай пары, таксама трапіць у сяржанты. У бацькі пасля доўгай адсутнасці дома паявіліся схільнасці абагульняць складаныя праблемы ды перабольшваць малаважныя факты.

Аднак пра ўсё гэта трэба цяпер забыць: шпіён набліжаўся якраз у канец вёскі і нават не думаў спыняцца.

— Вунь там пайшоў, — папусціўшы вуздэчку фантазіі, Алесь бачыў ужо школьную ўрачыстасць, натоўп равеснікаў і сябе, як перад гэтым натоўпам адбірае з рук нейкага камандзіра дыплом, а мо нават і ручны гадзіннік маркі “Заря”.

— Ты думаеш пра гэтага абадранца ў канцы вёскі? — зарагаталі пагранічнікі. Іхнія жываты трэсліся пад зялёнымі мундзірамі, а Алесю здалося, што ад гэтых жыватоў трасецца ўся зямля, і свет рассыпаецца, і прыгнятае ўсе дыпломы і ручныя гадзіннікі маркі “Заря”.

— Гэта прыдуркаваты Вова. Увесь павет яго ведае, — адазваўся сяржант. — Вова! Воў-ка, куды ідзеш?

— На гра-ні-цу! — адгукнуўся другі канец вёскі.

— Чысты прыдурак. Гэта ж зусім у другі бок. Давай пад’едзем, а то яшчэ заблудзіць, — сяржант садзіўся хуценька на “вуэфэмку”. — А табе, хлопец, дзякуй.

Калі нехта гаворыць, што пекла выступіла з берагоў, ён безумоўна бачыў гэты катаклізм у Алесевай вёсцы, якраз на другі дзень пасля візіту Воўкі.

Чатыры межавыя слупы, каб было справядліва — два бела-чырвоныя і два чырвона-зялёныя — перанёс нехта далёка, трыццаць пяць метраў на ўсход. На адным з гэтых слупоў вецер няспешна пагойдваў таямнічую торбу. Выглядала гэта так, нібы вялікая рука, апранутая ў агромную, зялёную рукавіцу, запрашала: хадзіце, ха-дзі-це.

Ноччу Польшча на трыццаць пяць метраў уварвалася ў жывы арганізм Савецкага Саюза, а пасля абеду сакратар Герэк быў ужо ў Маскве. Алесь — абрабаваны на дыплом і ручны гадзіннік — канчаткова рашыў не ісці ў сяржанты, а згодна з ранейшымі намерамі запісацца ў капіталісты.

I сёння гэты Алесь ставіць на маім століку два куфлі піва.

Поўдзень

Бар памаленьку запаўняецца. Адны прыходзяць, другія выходзяць, а ў сярэдзіне і так гусцей ды гусцей. У гэтых адносінах бар “У Алеся” можна параўнаць з нашай матуляй-зямелькай. Сюды таксама прыходзяць людзі і выходзяць, а ў канчатковым рашэнні больш нас і больш. Адно якісьці катаклізм, як патоп, землятрус ці агульны мардабой адварочваюць на нейкі час гэтую дэмаграфічна небяспечную тэндэнцыю. У гісторыі зямлі канец свету здараецца вельмі рэдка. Апошні патоп наведаў нас так даўно, што сёння гэты факт не мае ніякага значэння. У гісторыі Алесевага бару катаклізмы здараюцца значна часцей і заўжды абвяшчаюцца арханёльскімі трубамі раз’юшаных жанок. Халасцякі выходзяць з катастрофы пераважна без шкоды. Аналізуючы вынікі шлюбнага сінтэзу, не спяшаюць з жаніцьбай.

Аднак сённяшні дзень спакойны, і можна мець надзею, што датрывае да канца непарушаным ніякімі лішнімі эксцэсамі.

Вось забеглі два хлапчукі. Нічога не заказваючы, разлажылі на прылаўку свае картачкі актыўнасці беспрацоўных. Алесь прылажыў пячатку, а ў рубрыцы “прапанова працы” напісаў вельмі пажаданае слова “няма”. Хлопцаў таксама ўжо няма. Спяшаюцца вельмі, ледзь не збіваюць з ног лістаношу, які паявіўся якраз на парозе. Алесь не гневаецца. Ен ведае, што хлопцы адстаяць сваю чаргу ў РУП — установе па працаўладкаванні, а потым у банку, затым прыбягуць сюды, каб і яму падзякаваць за вялікае дабрадзейства. Тым часам лістаноша вылузаў з натоўпу Амэльку і, сціскаючы ў руцэ нейкую паперку, накіраваўся ў яе бок.

— Амэлька! Амэлька, табе тэлеграма.

Дзяўчына бярэ паперу. “Я цябе патрабую. Стоп. Пайшлі. Стоп”, — чытае і сапраўды кіруецца да выхаду.

Гэты малады лістаноша Адам, бацька шасцярых малалетніх дзетак, ступае за Амэлькай і яшчэ не ведае, што выходзіць на зусім новую і незнаёмую сабе сцежку. Узлёты і падзенні, радасць і роспач, воля і зняволенне — усё станецца ягоным лёсам. Не ведае таксама, што сёння прамантачыць з Амэлькай пяць тысяч не сваіх залатовак, а наступныя пяць тысяч украдуць у яго жулікі, калі досвіткам пакорны, з балючай душой будзе вяртацца ў жончыны абдымкі.

Пераступаючы турэмную браму, будзе каяцца і шкадаваць, а калі праз год пяройдзе гэтую ж самую бра-му, толькі ўжо ў адваротны бок, пачне шкадаваць, што шкадаваў.