Цераз ягоную камеру прамільгне доўгі карагод усякай масці начальнікаў, бізнесменаў і міністраў, а кожны ў Адамавай памяці пакіне нейкі каштоўны дар.
Анасіс таксама пачынаў як афіцыянт, а дзякуючы чуйным вушам стаў Анасісам. А мо Бог, дагледзеўшы сваю ранейшую халтуру, задумаў яшчэ раз, нягледзячы на шасцідзённы тэрмін, стварыць новага, лепшага Адама? Гэтым разам з дапамогай добрых людзей на высокіх пасадах.
Нічога наш лістаноша яшчэ не ведае. Дзядзька Кандрат пакуль што моцна спіць і таксама не здагадваецца нават, што Амэлька, на якую з рацыі свайго ўзросту даўно перастаў звяртаць увагу, сёння вечарам будзе пералічваць ягоную пенсію.
Пустое месца ў бары ў працоўны дзень пасля абеду выглядае як свежая дзірка ад вырванага зуба. Язык заўжды стараецца папасці ў гэтую дзірку, разведаць яе, абмацаць. Дзірка ў зубах нікому не прыбаўляе красы.
Калі Амэлька апынецца на тратуары, высокі, худы трыццацігадовы хлопец у джынсавай уніформе адразу запламбуе свабодную табурэтку. Гэта Пеця, здаўна перспектыўны, хаця яшчэ не друкаваны паэт. Пецем можам не дурыць сабе галаву. Ен толькі што прыйшоў і раней чым у дзесяць вечара не выйдзе.
На вуліцы, невядома адкуль, вырваўся летні дождж. Алесь вельмі любіць такія неспадзяванкі. Дзякуючы непрадбачаным летнім дажджам, не адзін паважны дзядуля, які выйшаў з хаты, каб насыціць прыгожым сонейкам мо апошнія свае дні, зусім неспадзявана стае перад Алесевым абліччам. У першы момант здаецца яму, што гэта ўжо канец. Не ведае толькі, куды патрапіў: у рай ці ў пекла, і хуценька стараецца падсумаваць у думках усе свае добрыя і блаіія ўчынкі. Алесь у ніякім выпадку не нагадвае аднак ні святога Пятра, ні Антыхрыста, і дзядуля, адкрыўшы гэты факт, заказвае адзін, а калі вельмі шануе сваю чалавечую абалонку, тады нават і два або тры куфлі. Час адсее зерне ад мякіны. Некаторыя будуць сюды заглядаць ужо пастаянна, павялічваючы Алесеву славу і заможнасць, а пустату невядома куды панясе вецер.
Сённяшні дождж таксама прыганяе нечаканага госця. Акуратненькі старэча, пад гальштукам, у капелюшы, магчыма, што супраць ранейшых сваіх намераў апынуўся ля прылаўка.
— Толькі пад рыску налівай, — загадвае Алесю, і адразу ж зразумела, што чалавек служыў айчыне нейкім кантралёрам або інспектарам. Алесь заўжды напаўняе куфаль пад рыску. Можа, адвячоркам, калі і за акном, і ў вачах пачынае змяркаць, здараюцца невялікія памылкі, аднак апоўдні — ніколі.
— Адступі, дзед! — булаваты кавалер бесцырымонна прапіхаецца да прылаўка.
Любому чалавеку скажыце, напрыклад, так: “Адступіце, спадар таварыш кітайскі мандарын”, — і ён, праўдападобна, не раззлуецца. А паспрабуйце сказаць такому: “Адступі, дзед!”
Кажуць гісторыкі, што ад сямі куляў, выстраленых у горадзе Сараева, пачаўся вялікі, сусветны мардабой. Калі гэта праўда, што адно прымітыўныя асобені выклікаюць усякую калатнечу з дапамогай рэвальвераў, аўтаматаў або танкаў, калі ўсё гэта праўда, тады пра булаватага можна сказаць, што ён выдатны, тактоўны палітык. I малаважна, што не хадзіў у Кембрыджы ды Оксфарды. У нашым раёне Еўропы нават сярод прэзідэнтаў здараюцца самавукі і зусім папраўна спраўляюцца з патрабаваннямі высокай пасады. “Адступі, дзед”, — гэтых слоў не прачытаеце ў гістарычных падручніках, а ўсё-такі ведайце, што і яны, калі засеюцца на ўспрыімлівы грунт, змогуць адвярнуць ход падзей не менш паспяхова за тыя няшчасныя сем куляў, адрасаваных эрцгерцагу Фердынанду.
— Толькі не “дзед”! Толькі не “дзед”! Я на вайне быў. Я ваяваў, калі ты... Калі цябе яшчэ на свеце не было, — паправіўся.
— Усе ваявалі, дзед. А дзе двух ваюе, там тры героі.
Кожны, хто цяпер бачыць гэтага ананімнага ветэрана, адразу разумее, чаму мы перамаглі ў апошнюю вайну. Адным позіркам змог бы ён прыціснуць да зямлі ўвесь варожы батальён. Раскірэчаны на кароценькіх, моцных нагах, рукамі малоціць паветра, а гальштук падскоквае, быццам бы хацеў дапамагчы свайму ўласніку.
— Я паўстанцам быў. А ты што? Ты хто? Дзе ты быў?!
— Амэлька! — булаваты адварочвае галаву, шукае ў натоўпе знаёмую постаць. — Амэлька, хадзі, паглядзіш, які там у яго паўстанец!
Амэлькі, як ведаеце, ужо ў бары няма, і паўстанцкая вартасць незнаёмага ветэрана застаецца неправераная.
Натоўп рагоча, і гэты рогат, вырваны з падмацаваных півам жыватоў, б’е аб сцены, калоціць столікамі. Там-сям бразгае куфаль і, пацалаваўшы тэракотавы паркет, назаўжды пакідае хмелевы астрог. Ветэран тым часам, вырваўшыся з блытаніны чужых рук і ног, з вялікім здзіўленнем аглядае свой крышку прытаптаны капялюш, дрыжачымі рукамі стараецца вярнуць яму ранейшую форму. У рэшце рэшт, махнуўшы рукой, садовіць гэты дзіўны прадмет, які цяпер больш нагадвае разбуранае ветрам вароніна гняздо, на назначанае яму месца.