Выбрать главу

— Нічога... святога... няма для вас! — выстрэльвае апошнюю амуніцыю і пачынае адступаць на раней прадбачаныя пазіцыі, гэта значыць, на вуліцу. Здаецца, другі раз сюды ён не загляне.

Вечар

Летні вечар набліжаецца да горада вельмі неахвотна. Не тое, што асенні, які выскаквае з завулкаў, з цёмных падвалаў і шаст-праст — раптоўна акрывае ўсё чорным пінжаком. Летні вечар — гэта вопытны гурман; скаштуе апошні праменьчык, праглыне кроплю першай расы і толькі тады, з элегантнасцю бывалага чалавека, асушыць вусны шаўковай хустачкай паўсвятла. Летні вечар, мяркуючы па ягоных беззаганных намерах, блізкі сваяк графу Лікёру. Хто ад каго вывучыў добрыя звычаі — ця-пер ужо малаважнае. Галоўнае, што граф Лікёр уносіць у Алесеў бар павеў таямнічай экзотыкі, а можна сказаць: нават набілітуе яго. Калі гэта праўда, што мастацтва змякчае звычаі, тады графа Лікёра побач з літаратурай, музыкай і скульптурай можна смела залічыць у вялікую сям’ю мастацтва.

Ен ніколі не скажа: “Адступі, дзед!”

Лікёр — гэта не прозвішча, а проста герб. Вядома, што неафіцыйны і дарма шукаць яго ў геральдычных кніжках, тым не менш прысвоены простанароддзем, так-сама мае сваё важкае значэнне. Хто чым ваюе, тым і пячатаецца. З грацыяй, якая заслугоўвае лепшага месца і часу, граф Лікёр пераступае Алесевы парогі. Часу, у які прыходзіцца жыць, чалавек, так сказаць, не выбірае, а калі ён інтэлігентны і добра выхаваны, месца не мае тут вялікага значэння.

Граф Лікёр кіруецца ў той бок, дзе паэт Пеця перажоўвае свой унутраны і вонкавы свет, час ад часу півам папіваючы больш жылістыя кавалкі.

Малады чалавек, які сядзіць насупраць Пеці, ведае, што яму пара ўжо збірацца дамоў. Есць час балбатні і ёсць час разумнай дыскусіі. Гэты першы якраз канчаецца.

Граф садзіцца зручна, па магчымасці найдалей выцягваючы свае доўгія, худыя органы руху. Цяпер гэта ўжо не звычайныя ногі. Цяпер гэта межавыя слупы, якім даручаны гонар стаяць на варце маленькага, бо маленькага, але ўсё-такі графства. Калісьці, дарэчы, было яно значна большае. Некалькі тысяч гектараў добрай зямлі, тэкстыльная фабрыка, гандаль збожжам, друкарня. Усё было, і на змарнаванне ўсё пад Ваўкавыскам засталося.

Я ніколі ў Ваўкавыску не быў, часам аднак думаю, што зямля там шматпавярховая, быццам блокі, што акружаюць Алесеў бар. А калі не, калі звычайная яна там, як і ў кожным іншым месцы, тады колішняя Ваўкавышчына працягвалася куды далей за Мінск, за Маскву, за Пецярбург. Падсумаваўшы расказаную ўласнасць усіх графаў і не-графаў, хочаш ці не, такі вось рахунак атрымліваецца. А з матэматыкай жартаў няма, два і два ніколі не будзе шэсць.

Расставіўшы варту, граф Лікёр дабывае люльку, тытунь, запалкі. Ен, падумае нехта, рыхтуецца закурыць. О, не! Люлька на стале — гэта сакрэтны знак Алесю. Нібы звычайны, а ўсё-такі колькі ж далікатнейшы за нахабнасць званка ці напышлівае: “Яне, парасон!” Калі на стале з’явіцца пяцідзесяціграмавая чарка мядовага лікёру — люлька, тытунь і запалкі павандруюць назад у кішэню. Сваё задание яны сёння выканалі.

Граф Лікёр ведае пачуццё меры, і парог, за якім развітваюцца памяць і забыццё, ён ніколі не пераступае. Пакуль апарожніць сваю чарку, будзе яе нюхаць, смактаць, цалаваць, аглядаць з усіх бакоў. З такой самай цярплівасцю і асцярожнасцю падыходзіць да прынады лінь, чым да белай роспачы даводзіць неспрактыкаванага рыбака. Алесь не нервуецца. Ен, так сказаць, вопытны капіталіст, ведае, што пастаянны, няхай сабе нават не надта марнатраўны кліент больш каштоўны за ўсіх аднаднёвых Ракфелераў, якім раз на год пашанцавала вырвацца з жончыных кіпцюроў ды прамантачыць ладны кус дамашняга бюджэту.

— Што там, спадар Пятро, у краіне лётнай думкі? — гэтае пытанне пачынае кожную іхнюю гутарку, а Пеця заўжды адказвае:

— Свет — гэта ілюзія.

Сёння, аднак. усё адбываецца інакш. Праўда, граф Лікёр, як і заўсёды, спытаў: “Што там, спадар Пятро, у краіне лётнай думкі”, аднак Пеця, замест сакраментальнага “Свет — гэта ілюзія”, узмацняе жэстам нешта зусім іншае, неспадзяванае:

— Жыццё — гаўно.

Асабліва гэтае другое слова і калечыць далікатнае, арыстакратычнае вуха, аднак граф на тое ёсць граф, каб не адразу паказаць, што ў ягоным нутры адбываецца.

Лінь-Лікёр далікатна падымае мядовую прынаду, аглядае яе пад святлом. Няма куды спяшацца, няхай Пеця памаўчыць, абдумаецца ды сам скажа, чаму на ягонай біржы жыцця наступіў такі гвалтоўны крах.