Выбрать главу

Пеця, быццам здагадваючыся, чаго ад яго чакаюць, пачынае расказваць.

— Няма Казіка. Не далей як учора ў “Жамчужыне” сядзелі ўтраіх... значыць я, Казік і Казікаў цесць, а сёння Казіка няма. I цешча ягоная — удава таксама... Піва заказалі... а там прыпынак аўтобусны недалёка. I раптам — страляе нехта, не страляе. Грук пранізлівы. I пабег Казік з цесцем глянуць, што такое робіцца. Потым высветлілася, што гэта паліцэйскі выйшаў пастраляць сабе крыху на аўтобусным прыпынку. I няма ўжо ні Казіка, ні ягонага цесця. Нат піва дапіць не паспелі. Жыццё — гаўно!

У бары робіцца маркотна.

Куфлі апаражняюцца яшчэ, але піва, запраўленае нейкім дзіўным сумам, не смакуе ўжо, як раней. Той-сёй адстаўляе пасудзіну, падцягвае нагавіцы і, пастаяўшы хвіліну, кіруецца ў дзверы. Яшчэ некалькі хвілін — і бар выплюне апошняга госця, а вуліца захопіць усіх і панясе каго куды. Адных завядзе ў хатні ачаг, іншых у нейкі падазроны прытон. А яшчэ іншыя будуць да белай раніцы вандраваць доўгімі вуліцамі і зоры лічыць дарма, бо гаснуць яны і распальваюцца без канца і пачатку.

Крах

Чацвёрты месяц сталуюся ў пана Метка. Прыходжу заўжды раней, пакуль рабочыя з нашай — гэта значыць хімічнай — фабрыкі пачнуць улівацца менш ці больш шматлікімі групкамі, прыносячы з нагамі добра мне знаёмы, хаця не вельмі прыемны смурод спаленага вугалю, перамешаны са смольным водарам шкіпінару.

Я і раней бываў тут, аднак не дзеля спажывецкіх мэт, а як і ўсе мае тагачасныя калегі, я заходзіў выпіць піва, пасядзець у вясёлай кампаніі і пабалакаць пра Марыніны ягадзіцы. Калісьці сказаў бы звычайна: “дупа Марыні”, цяпер аднак я — сярэдняга калібру служачы, вораг піву і безразважнай балбатні — маю абавязак паводзіць сябе адпаведна са сваёй пасадай. Мая лексіка сведчыць пра мяне, і як лібералам агідная планавая гаспадарка, так мне агіднае слова “дупа”.

Прысаджваюся з левага боку ад увахода, далёка ад цэнтра, там, дзе ніхто мяне не чапае, ды і я нікому не стаю на дарозе. Я не люблю, так сказаць, выступаць у святле юпітэраў — гэта першае, а другое — не хачу, каб хтосьці падумаў, што я такі, як і яны: рабочы хімічнай фабрыкі. Дзеля падкрэслення сваёй тут — звышпіўнай — прысутнасці раскладаю на століку газеты “Палітыка” або “Літаратура”, перагортваю іх старонка за старонкай, стараюся вылавіць нейкі цікавы тэкст, які б развіваў індывідуальнасць. Палітыкай не займаюся. Слова “палітыка” не менш мне агіднае за слова “дупа”.

Рабочыя, прысеўшы за столікамі, расшпільваюць “артальёны” і джынсы, пералічваюць грошы, сцішанымі галасамі вядуць кароткія нарады. А потым п’юць піва, кураць папяросы, струменячы дым між жоўтымі зубамі. Гамоняць. Галасней і галасней, найчасцей пра фабрыку, кіраўнікоў і зарплаты. Не цяжка здагадацца, што ў аповедах іхніх кіраўнікі — ідыёты, а зарплаты — смешныя.

Мне непрыемна слухаць гэтыя гутаркі. У такіх выпадках паглыбляюся ў газету або стараюся аналізаваць прачытаную ў апошні вечар кніжку. Я і раней мала калі выходзіў адвячоркамі, а з гэтай пары, як закончыў вечаровы тэхнікум, аддаю перавагу кніжкам. Iншая справа, што вуліцы ў нашым мястэчку таксама не зусім бяспечныя. Не далей як у кастрычніку, якраз каля малога базара, наскочылі на мяне нейкія хуліганы. “Давай, — кажуць, — пулярэс, бздылю”. — “А я пулярэс не дам, калі б мяне нават і рэзалі”. Праўда, абышлося без нажоў, і я, пакамечаны крыху, затое з пулярэсам, павалокся ў паліцыю. Высветліў справу, што было і як, а паліцэйскі кажа: “Адбівацца трэба, хуліганнё квітнее, а гэтак званае грамадства нат пальца за палец не зашмаргне”. А маё крэда такое: з ворагамі змагацца заўжды трэба з дапамогай інтэлекту, а кулакамі хай вядуць свае войны адно прымітыўныя асобені.

Рабочыя пачалі якраз аплёўваць бюракратыю, якую быццам бы даводзіцца гадаваць ім на сваіх грудзях. Мне стала прыкра. Лёгка сказаць — бюракрат! А спытайце ў гэтых, як пагардліва кажаце, бюракратаў, хто такі Гётэ, хто Пікаса, а хто Дастаеўскі! Спытайце, бо самі, пэўна, не ведаеце. Не ведаеш Гётэ, значыць, твае кваліфікацыі якраз адпаведныя, каб белавежскую жывіцу ператвараць у шкіпінар. А я вось ужо чатыры месяцы працую ў бюро. Не скажу, пасада пакуль што не вельмі важная, аднак і такія пасады не ляжаць на вуліцы, а ў школе. Хадзіў туды — значыць, ведаю. I дзякаваць, што, нягледзячы на саракоўку, якая набліжаецца шпаркім крокам, я не ажаніўся. Жанатаму значна далей у школу. Па дарозе бывае ж яшчэ жонка, дзеці ды іншыя некарысныя для паглыблення ведаў перашкоды. Зрэшты, трэба вам ведаць, што ў справе жаніцьбы ёсць у мяне свой, дакладна абдуманы план: 1 — кватэра, 2 — адукацыя, 3 — пасада, 4 — машына, 5 — жонка, 6 — дзеці. Я прынцыпова трымаюся за тое, што сам сабе вызначыў і цяпер якраз выконваю пункт нумар чатыры.