— Такія моцныя далоні, такія мужчынскія. Мне зда-ецца, — тут пані Ліза раптоўна падняла маю далонь і прытуліла яе да сваёй шчакі, — мне здаецца, вы маглі б гэтымі рукамі паваліць самага вялікага быка! А для жанчын — якія яны?
Я не паспеў праверыць спраўнасць сваіх рук у адносінах да жанчын: увайшоў якраз інжынер Стручук, а пані Ліза, спалоханая, кінулася ўбок, адкрыла халадзільнік і руплівым вокам гаспадыні пачала разглядаць яго змесціва.
— Ах, вы тут, пане Владку. Ліза, — звярнуўся да жонкі інжынер Стручук, — ты забрала ў нас самага вясёлага кампаньёна. Давай, пане Владку, пайшлі. Без вас нам зусім нецікава.
У пятніцу, з самай раніцы, інжынер Кашалюк спытаў:
— Пане Владку, калі добра ведаю, вы жывяце на кватэры адзін?
Я адказаў, што гэта праўда, жыву пакуль што адзін, аднак у недалёкай перспектыве планую заснаваць сям’ю. Такія словы ўсцешылі інжынера, і ён пытаў далей:
— А што вы думаеце рабіць у суботу вечарам?
Нічога асаблівага ў суботні вечар я не планаваў, так вось і сказаў:
— От, пачытаю кніжку, пагляджу тэлевізар, вядома, калі пакажуць нешта вартаснае. Хаця, самі ведаеце, у гэтых адносінах наша тэлебачанне...
У інжынера Кашалюка была, аднак, свая праблема, і ён, не ступаючы на тэлевізійную сцежку, пачаў мяне з гэ-тай праблемай знаёміць.
— А не думалі вы паехаць у вёску, бацькоў наведаць, знаёмых паглядзець?
Я, праўду сказаўшы, не думаў пра такую магчымасць. Па-першае, дадатковыя выдаткі, а гэта абазначае затрымку ў рэалізацыі пункта н-р 4. Па-другое, пачаў якраз, ідучы за падказкамі інжынера Стручука, засвойваць Фрэйда. Аўтар складаны, і я прымушаны ўвесь свабодны час і ўвесь у тэхнікуме набыты інтэлектуальны патэнцыял накіраваць вось у той бок.
— Бо, ведаеце, ёсць такая справа, — інжынер Каша-люк з прыемнай усмешкай рэкамендуе свае бел-белыя зубы, а далікатнымі пальцамі гладзіць мой плячук, быццам стрэсваў з пінжака нейкі ўяўны там пылок. Я так і падумаў, што мой халасцяцкі гардэроб не адпавядае неабходнай норме, і мне зрабілася ніякавата.
— У мяне вельмі-вельмі пільная праца. Такія там хімічныя вылічэнні, дыяграмы. Вы, зрэшты, як работнік разумовай працы, самі ведаеце. А дома, разумееце, жонка, дзеці, безупынная мітусня і куламеса. Проста — галава не варыць.
У суботу я паехаў праведаць бацькоў, а інжынер Кашалюк у маёй кватэры да белай раніцы рысаваў дыяграмы і рабіў складаныя хімічныя падрахункі.
Мой план далёкага дзеяння спыніўся ў пункце н-р 4. З матарызацыяй нават дзяржава мае небанальныя праблемы, хаця ж ніхто яе не прымушае па ўсіх суботах каціць у глухія вёскі і мантачыць капітал на. непатрэбныя білеты. А калі яшчэ і інжынер Стручук атрымаў таксама ж пільныя і патрабуючыя як унутранага, так і вонкавага спакою навукова-даследчыя працы, здаралася мне пабываць у бацькоў нават пасярод тыдня. Калі будуць прысвойваць ордэны за ўклад у развіццё дзяржаўнага транспарту, я спадзяюся на нейкую салідную, прынамсі сярэбраную бляшку.
Тым часам маім аўто карыстаўся ўжо праўдападобна хтосьці іншы, хтось — у каго не было такіх адказных, адначасова абцяжараных працай сяброў.
Я пачаў задумвацца, ці не пераскочыць адразу да пункта н-р 5, рэалізацыю чацвёртага адтэрмінаваўшы на бліжэй неакрэсленую будучыню. Час уцякае, а ў чарзе яшчэ і дзеці, пра ўнукаў не згадваючы.
Кажуць — жаніцьба без кахання, як селядцы без солі.
Я не спрактыкаваны ў сямейным жыцці чалавек, ніколі яшчэ не жаніўся, аднак на ўсякі выпадак рашыў закахацца. Дзеля павелічэння эфектыўнасці ў пошуках адпаведнай для сябе нарачонай, падрыхтаваў я нават кароткі спісак. Памясціў там, вядома, пасля бязлітаснай з самім сабою кваліфікацыйнай размовы, усіх патэнцыяльных кандыдатак, а пані Ірэнка заваявала ў гэтым матрыманіяльным спаборніцтве вельмі адказнае, першае месца. Мо таму, што яна суседка з трэцяга паверха, а мо проста таму, што ў апошні час пачала на маю асобу спаглядаць дзіўна ласкавым і прыязным вокам. Калі раней праходзіла побач мяне так, як праходзіцца побач паветра, то цяпер першая дае “дзень добры” і нават усміхаецца і глядзіць услед мне. А сёння пані Ірэнка сказала:
— О-го-го, пане Владку! Учора ноччу такія водгаласы даходзілі з вашай кватэры, што ўвесь блок аж калыхаўся! Па самыя фундаменты. А сёння, чуць свет — і ўжо на нагах! Ну-ну, хто мог падумаць...