Вочы пані Iрэнкі цаля за цаляй абмацвалі маю постаць, стараючыся адшукаць той орган, які такім экстазам напаўняе ўвесь шматпавярховы блок.
Я толькі што вярнуўся ад бацькоў, была шостая гадзіна раніцы, а тут яшчэ і пераапрануцца трэба, і туалет ранішні споўніць, і на фабрыку паспець. Узяў я пад развагу ўсе згаданыя акалічнасці, гутарка між намі не задоўжылася. Аднак гэтым “о-го-го” пані Iрэнка значна падмацавала сваю пазіцыю. Так значна, што пачаў я пра яе думаць як пра афіцыйную сваю нарачоную. Усякія сікуны кажуць у такіх выпадках: “мая дзяўчына”, або “moja laska”, або — зусім ужо прымітыўна — “moja dupa”. А мне вось падабаецца нямоднае слова “нарачоная”, і ніколі ад яго не адракуся. Не на тое стаў чалавек інструктарам па бяспецы і гігіене працы, каб цяпер адступаць перад усякімі, лішнімі, модамі.
У бюро было пуста і ціха. Адно панна Рэня сартавала якраз штодзённую карэспандэнцыю і, не перапыняючы сваю працу, паведаміла мне, што інжынер Стручук сёння ў водпуску, а інжынер Кашалюк на поўны месяц адкамандзіраваны ў сталіцу. Нейкае там, нікому непатрэбнае, абучэнне.
Я распрануўся і сеў за стол, каб таксама паглыбіцца ў паперы, аднак мае думкі, зусім нечакана, закружылі над галавою панны Рэні.
Белыя кудзеркі, набухлыя вусны, і — вочы! Вочы каціныя, далікатна-зялёныя, замглёныя няўлоўным вуалем дзявочай таямніцы... З гэтых зялёных вачэй адна за другой выплывалі ўвішныя шчупальцы нябачнага васьмінога, лісліва прыпадалі да маіх рук і да маіх думак, каб бесцырымонна зацягнуць маё зямное і астральнае цела ў абдымкі панны Рэні. Агідная гэта справа — ваяваць на два франты. У думках прасіў я прабачэння ў пані Iрэнкі, а потым, раз яшчэ нырнуўшы ў зялёную бездань, страціў астаткі сумленнасці і падумаў: “Няхай будзе, што мае быць”. Вераломнасць спадарожнічае чалавеку, пачынаючы з першага, крадзенага ў райскім садзе яблыка, аднак, калі ты ў свае сорак усё яшчэ халасцяк, не думай, як змяніць свет ды якім чынам паправіць чалавечую натуру. А гадзіне трынаццатай я запрапанаваў панне Рэні схадзіць вечарам у кавярню, а яна, наўздзіў лёгка, згадзілася. Ад такой нечаканасці я забыў пра абед. А зрэшты — напляваць мне цяпер на Меткавы кулінарыі: сіняя ад холаду бульбіна і гуляш — пасля тыднёвых змаганняў са страўнікамі выпадковых спажыўцоў — сканцэнтраваны на маёй талерцы!..
Мы доўга сядзелі ў кавярні. Гутарылі пра мастацтва і пра цэны ў магазінах, жартавалі са знаёмых і незнаёмых, а каньяк маркі “Напалеон” падсоўваў новыя і выдаўжаў старыя тэмы. Мне здавалася — панну Рэню ведаю ад заўжды і толькі да сёння раздзяляла нас празрыстая, халодна-шкляная шырма.
— Чалавек, — кажу, — я сгалы. I хаця мне пад сорак, адчуваю сябе намнога маладзейшым. Есць у мяне кватэра, фінансавыя сродкі — няхай сабе і не самыя вялікія, — аднак басяком сябе не лічу.
Стандартныя какеткі ў такіх выпадках пачынаюць цікавіцца вашымі фінансамі, а вось, аказваецца, панна Рэня і не стандартная, і не какетка. Панна Рэня сказала, што тузін гадоў, які быццам бы нас раздзяляе, для яе не мае ніякага значэння. Найважнейшы — чалавек. I яшчэ сказала панна Рэня, што я чалавек прыстойны і што яна мне верыць. Больш верыць, чым інжынеру Кашалюку. Я не пазнаваў сам сябе: хай чэрці на касматых хвастах разнясуць усе планы, пасады і машыны! Галоўная справа: сённяшні дзень! I яго трэба лавіць, бо іначай уцячэ беззваротна.
Мы не прыкмецілі нават, што выйшаў апошні госць. I толькі тады, калі наблізіўся афіцыянт, каб і нас тактоўна адправіць дамоў, я глянуў на гадзіннік, а потым і на рахунак. Глянуў і здзівіўся: у маім нутры не заенчыла і не лопнула ніякая спружына, хаця ладны кусок аўтамашыны ад’язджаў у глыбокую кішэню афіцыянта.
Мы ішлі дамоў. Мы ляцелі, мы плылі, а горад глядзеў на нас, як усе маткі свету глядзяць на сваіх ад’язджаючых да шлюбу дзяцей. І калі на вуліцы Баторыя, якраз насупраць малога рыначку, прыклеіўся нейкі разбэшчаны спіртам асобень, я адмаляваў яму такі партрэт, што асобень той, не паспеўшы і войкнуць, скруціўся ў цяні прыдарожнай ліпкі. Мне вельмі хацелася, каб быў гэта той самы тып, які ў кастрычніку здзекаваўся з маёй асобы. А Рэня пацалавала мяне ў вусны. У кватэры ўзяла мяне за рукі і павяла прама ў спальню. Я не паспеў і падумаць, адкуль яна так дакладна ведае маю кватэру, бо свет, зварушаны Рэнінымі пацалункамі, расхістаны далікатнымі і якімі ж моцнымі далонямі, раз’юшаны яе дзявочым крыкам, зваліўся на мяне і на гадзіны прынамсі тры адабраў здольнасць якога-небудзь цвярозага думання..
Тайныя спружыны ў маім упарадкаваным нутры азваліся ў суботні поўдзень. Рэня сышла не ведаю нат калі, пакідаючы па сабе цьмяны водар замежнае парфумы. Я глядзеў у злашчасны рахунак, множыў, дзяліў і дадаваў малазразумелыя лічбы, усё-такі сума атрымоўвалася сум-ная: чвэрць месячнай зарплаты пайшла ў бліжэй неакрэсленым напрамку.