Выбрать главу

— Раней было значна лепей, — сказала.

Зняла з мяне дзіўную піжаму і кінула яе прэч. Цяпер выглядаў я зусім не смешна, і пані Ліза таксама перастала смяяцца. Стаяла насупраць, бы драпежная львіца, у любы момант гатовая скокнуць на мяне, зубамі ірваць і кіпцюрамі, як у старажытным Рыме дзерлі на. кавалкі першых хрысціянаў яе дзікія продкі.

Такое, страшнае, аднак, не здарылася.

Разбудзіў мяне голас інжынера Стручука. У першы момант я нават спалохаўся і засаромеўся: “Вось, — падумаў, — здрамнуў у бюро”. А потым, вярнуўшыся да поўнай свядомасці, засаромеўся яшчэ раз, і яшчэ раз, і яшчэ.

— Апранайся, — інжынер прама ў твар кінуў мне пакамечаныя нагавіцы, а сам пайшоў на кухню.

У той час, калі я апранаўся, на кухні адбывалася сямейная гутарка. Гаварыў муж, а жонка маўчала.

— Я ўсё разумею. І твае мазахісцкія схільнасці, і пошукі першапачатковых прымітывізмаў, разумею нават твой культ фалічнага самца як прычыну і вынік існавання ажыўленай матэрыі. Магу дараваць інкасатара з доўгім носам і булаватага камінара, але зразумець, чаму завалакла ты пад коўдру галоўнага ідыёта ў нашым горадзе — занадта вялікая, як на мой розум, задача!..

Так гаварыў інжынер Стручук, а пані Ліза рыхтавала ранішнюю каву. Я здагадаўся, што мяне гэтай кавай частаваць не будуць, і сышоў.

Перамена з інтэлігентнага, адданага фабрыцы чалавека ў апошняга ідыёта, якая за адну ноч адбылася ў спальні інжынера Стручука, была самай вялікай і найважнейшай трансфармацыяй у маім жыцці. Усё, што здарылася потым — вымова з папярэджаннем, паніжэнне на рабоце, а ў рэшце рэшт і звальненне з працы — я не лічу актам помсты. Гэта толькі лагічны вынік маёй ранейшай перамены.

Паклонніца літаратуры

Задажджылася кастрычніцкая субота. Нагінаючы да зямлі сырыя, абшарпаныя крылы хмарын, кароткі дзень шпарка пайшоў на спад. Базарны гоман аддаляўся, расплываўся ў шэрых завулках і знікаў там, затаптаны спешнымі крокамі, заглушаны восеньскім паветрам. Людзі пад парасонамі трушком спяшалі дамоў, старанна прыбіраючы апошнія клопаты дня.

Мястэчка пераступала той нябачны, але характэрны для ўсіх невялікіх мястэчак парог, за якім у восеньскія і зімовыя адвячоркі існуе ўсё ва ўмоўным адно значэнні, а натоўп, раздзелены на паасобныя адзінкі, жуе ў задуме мінуўшчыну, зусім ігнаруючы цяперашні, як і будучы час.

Я таксама падумаў, ці не пара ўжо збірацца, апрануў паліто і надзеў капялюш, патушыў святло. Зрабілася ціха і цёмна, і толькі вокны зялёным, у ліхтароў пазычаным, святлом разлажыліся на каменных паркетах. Ад гэтай зелені так і падумалася: ненатуральнае тут усё, нежывое, мінулае, як адбітак часу і здарэнняў у каменным люстэрку. Над дзвярыма азваўся званок і пабег на паркеты жывымі іскрынкамі, збянтэжыў, разбудзіў каменную абыякавасць. I спыніў мае роздумы над тайным абліччам свету.

Дзвярэй у нас сотні, ключоў, можна здагадацца, у тры разы больш — і пакуль прыстасаваў я патрэбны ключ да адпаведнай дзіркі, званок паўтарыўся.

На парозе стаяла маладая дзяўчына. Дробная, невялікая, змораная дарогай, знясіленая дажджом і холадам.

— Я з Мінска, студэнтка, — сказала і назвала сваё прозвішча. — Па фальклор хадзіла, ноткі запісвала. Не бач калі і дзень зляцеў. Вось і шукаю начлег. А добрыя людзі сюды накіравалі. Не адкінеце, а? — усміхнулася, адсланяючы роўненькі, беленькі радок зубочкаў.

У гэтым “не адкінеце, а” было штосьці і па-дзіцячаму разгубленае, і па-жаноцку какетлівае, ды яшчэ і тое неназванае, што загадала мне шырэй расчыніць дзверы, правесці дзяўчыну на другі паверх і раскватараваць яе ў гасцінным пакойчыку.

— Тут будзе ваш ложак, там вось шафа, а туалет — калідорам налева, — сказаўшы ўсё, я адступіў крок назад, прытрымаўся на парозе. Хацелася паглядзець на яе маладосць, змораную, але ўсё ж такі жывую і з-за жывучасці гэтай ненатуральна дзіўную ў сырых, апусташэлых сценах. Дзяўчына зняла з сябе паліто і прысела на ложак.

— Хвіліну пачытаю, а потым — спа-а-аць, — раскошна пазяхнула, раскрыжавала рукі, пацягнулася, аж напяліся, падаліся наперад маленькія ўзгоркі пад швэдрыкам. — Я, ведаеце, не засну, калі не прачытаю, прынамсі, дзве старонкі, — дастала з чамаданчыка нейкую кніжку, паклала яе побач сябе, хуценька, быццам бы сарамліва, так што на вокладцы паспелася толькі прыкмеціць якісьці твар з доўгім, высалапленым языком.

— Чытайце на здароўе, — сказаў я на развітанне і пайшоў.

На вуліцы церушыў дождж. Вецер, забягаючы з паўднёвага ўсходу, штурхануў у плечы. Нецярпліва, бесцырымонна. I вецер той, і самота кастрычніцкага надвячорка, і мігценне неонавай рэкламы, перамяшанае з водарам кітайскай кухні, накіравалі мяне да пана Зэнака. Наогул стараюся абмінаць такія экзатычныя раскошы, лічу іх непатрэбнай выдумкай ды стратай часу, аднак у гэты кастрычніцкі, сумны вечар атрымалася іначай. Я сядзеў у беларускай частцы кітайскага рэстарана, запіваў арыентальныя вустрыцы польскім півам, а санлівасць — дашчэнту тутэйшая — сачылася з ліхтароў. У галаве таўклася дзіўная думка, што я забыў сказаць нешта важнае дзяўчыне. I думка тая набліжалася, падкрадвалася да высокіх дзвярэй свядомасці, здавалася — яшчэ крок, і пераступіць нябачныя парогі, і аб’явіцца зразумелым зместам. А дзіўная сіла затрымлівала яе, загортвала ў чорнае палатно, адкідала назад, у бязмежныя прасторы забыцця. Перамагаючы санлівасць, я павалокся на той другі паверх. У шчыліне між дзвярыма і падлогай жаўцела святло. Значыць — не спіць яшчэ, чытае — падумалася і адразу зрабілася неяк жвавей, весялей. Ідучы насустрач жоўтай шчыліне, мая рука застукала ў дзверы, і калі ніхто не адказаў, націснула клямку. Дзверы падаліся. Дзяўчына, напалову седзячы, напалову лежачы, вачыма круглымі, як пяцізлатовыя манеты, углядалася ў дзверы. Недачытаная кніжка выслізнулася са скамянелых рук і, з’ехаўшы па коўдры, шлёпнулася на падлогу.