Выбрать главу

— Ввв-ы мм-му-ззейнік, — ні то спыталі, ні то сцвердзілі яе пабялелыя вусны.

— У нейкім сэнсе так, — адказала мая санлівасць.

— Вы прыйшлі, каб мяне... каб мяне... каб... — шукала адпаведнае слова, але такое слова не прыходзіла ў яе галаву. Скурчылася, учапілася за мяжу святла і ценю, як разгубленая ластаўка, калі з-за вясёлай неасцярожнасці трапіць у незнаёмую клетку. Натапырыўшы пёркі, сачыла за кожным маім жэстам. — Не падыходзьце, — працягнула далоні, стараючыся затрымаць мяне на парозе. Не было ў гэтым ніякай цяжкасці. Я і не думаў набліжацца да яе, а ўсе сілы, фізічныя і інтэлектуальныя, аддаваў адной справе: успомніць прычыну, якая прывяла мяне ў гэтае месца.

— Гавораць, няма сэнсу змагацца супроць музейніка. Можа і няма. А я і дык буду змагацца. Буду бараніцца. Жывую мяне не возьмеце! Я буду крычаць. Я ўжо крычу! Ратунку-ууу!

Пранізлівы крык пакаціўся калідорамі і, паўтараючыся глухім рэхам, слабеў, патухаў, аж дашчэнту пабіты бетоннымі кулакамі, прысеў у цёмных закавулках. Закрычала яшчэ раз і яшчэ, а вынік атрымліваўся такі, як і раней: голас заглыбляўся ў калідоры, у сцены, у морак і знікаў, не знаходзячы ні падтрымкі, ні водгаласу. Дзяўчына забілася глыбей пад коўдру, так што глядзелі цяпер на мяне адно вялізныя, знерухамелыя вочы. Яе настрой раптоўна змяніўся. З беспардоннай, амаль адчайнай ваяўнічасці засталася адно пакорлівая, слухмяная абыякавасць. А можа здагадалася, што ўсякі крык на дапамогу і так задушаць, суцішаць тоўстыя абдымкі муроў? Непазбежнасць, няўхільнасць лёсу звалілася на яе з усіх бакоў. Цела напаўнялася цяжкім свінцом слухмянасці, і толькі вочы стараліся злавіць тую хвіліну, калі наканаванае ўсім жанчынам пачынае ператварацца ў відавочны факт.

— Хай ужо будзе, што мае быць... Але запомніце: я была супроць. А кніжку, калі ласка, дайце сюды. Схаваю пад падушку. Брыдка ўсё ж, каб валялася на падлозе.

Я ступіў крок наперад, падняў з падлогі тое, што прасіла дзяўчына.

„Дама... Дамаві... Сам чорт не разбярэцца, што цяпер пішуць маладыя. Вадалейства”, — падумаў я, і ў гэты момант успомнілася ўсё тое, што я раней забыў сказаць. Раптоўнае асвятленне зняло з маёй душы дзіўны, нена-званы цяжар. Той цяжар, які не дазваляў мне ні вярнуцца дамоў, ні пасядзець у пана Зэнака. Цяжар, які прывёў мяне сюды, на другі паверх, у пакойчык незнаёмкі.

— Калі будзеце карыстацца туалетам, не забудзьце закруціць кран. Наш старшыня заўжды аб гэтым напамінае. А то, ведаеце, усяляк бывае з маладымі. А ця-пер чытайце на здароўе, — я падаў дзяўчыне кніжку і выйшаў.

Кароткая гісторыя Партыі кучаравых

Зачацце

Паважаныя партыі, партыі, якія маюць амбіцыю валодаць светам або, прынамсі, ладным гэтага свету кавалкам, пасяляюцца наогул у манументальных, грандыёзных гмахах, найлепей у цэнтральным пункце горада, ля галоўнай вуліцы. Спаглядаючы з-за высокіх, прыцямнелых вокнаў на шматлюдныя тратуары, партыйныя людзі наладжваюць штодзённы, зрокавы кантакт са сваімі выбаршчыкамі. З крокаў — шпаркіх або няскорых, з жэстаў, з позіркаў ловяць патрэбы, адгадваюць спадзяванні, ацэньваюць удачы і няўдачы звычайнага чалавека. За таўшчэзнымі мурамі прымаюцца пастановы, якія вядуць ананімны натоўп у найлепшым напрамку. А потым партыйныя людзі апускаюцца ніжэй, у маленькія піўныя, у залежнасці ад светапогляду — або да пана Зэнка, або пана Валодзі, дзе за куфлем піва разважаюць аб сродках і кааліцыянтах, заўжды неабходных для развіцця прынятай пастановы.