Выбрать главу

— Алё! Ці вы мяне чуеце?

— Чую, чую...

— Значыць, як: ці дзеліце, ці аб’ядноўваеце?

— Спачатку будзем дзяліць, а потым — аб’ядноўваць.

— А які ваш погляд на беспрацоўе?

— Праца толькі працавітым, бабы — бабнікам, а віно

— вінаватым, — каб апярэдзіць наступныя пытанні, я выкінуў з сябе ўсё, што якраз паспела прыдумаць не зусім яшчэ спраўная галава.

— Вінаватым у чым? — не зразумела трубка.

— Напішыце, як вам падыходзіць, — сказаўшы гэта, я адкінуў трубку і зваліўся ў незакончаны сон.

Апоўдні хтосьці пастукаў у дзверы. Праўда, тады яшчэ я не ведаў — поўдзень гэта, раніца, а мо адвячорак? — і толькі разглядаючы канфігурацыю промняў на ваконным шкле, стараўся здагадацца: пакідае нас стары дзень ці сустракае новы?

Грукат у дзверы паўтарыўся. Хтосьці даваў знак, што жыве і чакае, значыць — трэба адракацца ад касмічнаметэаралагічнай шарады, падняцца ды глянуць — хто і навошта патрабуе маю асобу

— У горадзе — вайна, — два звычайныя словы паспеў сказаць Тадзік і амаль нежывы зваліўся на падлогу.

— А ў гэты раз хто? Новыя саюзнікі ці старыя? — нахіліўшыся над ляжачым, я стараўся выціснуць з яго нейкую, прынамсі, элементарную інфармацыю. Тадзік ляжаў, аднак, бы той марафонскі бягун, які прабег кавалак свету, сказаў, што сказаць яму загадалі, а потым упаў і дзеля несмяротнасці сканаў, бы той апошні ідыёт.

Ляжаў Тадзік хвілін пяць. А потым — расплюшчыў вочы, ажыў — праўдападобна, ягоны маршрут быў значна карацейшы за сорак кіламетраў. Вярнуўшыся да натурай прадбачанага стану, падсунуў пад мой нос газету: “На, чытай!”

Акуляры, шчаслівым выпадкам, стрымалі ранішнюю сустрэчу з падлогай, я мог карыстацца імі надалей, на тое хаця б, каб даведацца пра актуальную сітуацыю ў горадзе. А справы выглядалі так: “Учора ўзнікла новая партыя — Партыя кучаравых. Узнікла з мэтай падзяліць спакойнае грамадства на дзве супрацьлеглыя сілы. Нашых богабаязных жонак і дочак кінуць на волю распусным бугаям, а лепшыя штукі адправяць за мяжу, вядома — не за адно слова “дзякуй”. І калі, дарагія суродзічы, запоўняцца арыентальныя гарэмы нашымі славянскімі нявінніцамі, ніхто — ні Бог, ні гісторыя не даруюць нам такі сорам!

Партыя кучаравых рыхтуе яшчэ іншае злачынства. Разглядаюцца праекты, каб усякай масці злачынцаў, зладзеяў і забойцаў у будзённыя дні частаваць напоем маркі “Швейк”, а ў дні святочныя, у дні душэўнага аднаўлення прымаць гэтых нягоднікаў імпартным віном! Як можна здагадацца, пачастунак прадбачваецца за кошт сумленнага падаткаплацельшчыка”.

— Так страляюць з правага фланга. А з левага таксама не маўчаць. Чытай во, чытай, — распасцёр Тадзік іншую незалежную газету.

“Партыя кучаравых у сваіх шматлікіх праграмных выступлениях абяцае занятак толькі і выключна працавітым. Тады пытаем вас, панове: а што з іншымі? Якая будучыня перад звычайнымі добрасумленнымі жыхарамі нашага горада? Перасяліць лянівых у далёкія краіны? Кінуць іх у абдымкі бяды і голаду? А мо адразу тых гультаёў расстраляць?! Панове Біндзюк, Лапаеў,

Какаліцкі ды іншыя грамадзяне — не ёсць нашым намерам палохаць вас! Калі, аднак, возьме ўладу Партыя кучаравых, пачынаючы з наступнага дня вы можаце шукаць сабе месца на гарадскіх могілках”.

Iншыя газеты пра нашу партыю не пісалі. Мо не ведалі пра яе існаванне, а можа, звычайна, не лічылі сябе незалежнымі?

Аднак і такая невялікая прапаганда зрабіла сваё. Людзі прыходзілі, неслі свае клопаты і радасці. Мы вельмі рады былі бачыць іх. I Алесь — таксама.

Гарэм

Летні час няспешна калыхаўся на захад. Збіраў з тратуараў яркія малюнкі і, як лішняе смецце, згортваў іх у паўзмрочныя падвалы горада.

Гэтаксама згортваюцца ў забыццё людзі, рэчы і здарэнні, калі нябачна канчаецца ахвяраваны ім добры час.

А мы — усё яшчэ заставаліся ў цэнтры здарэнняў. Нашы думкі давалі кшталт бесцялесным справам, а людзі адпраўляліся на жыццёвыя шляхі з нашым праклёнам або блаславеннем.

— Я не хачу ў гарэм, — жанчына родам з часоў ранняга Гамулкі прыпынілася побач і, пераступаючы з нагі на нагу, углядалася ў нас адцвіўшым блакітам надзеі і разгубленасці.

— Якое “не хачу”? Няма “не хачу”, ласкавая пані. Мы ўжо апланавалі вас аднаму шэйху. Абяцалі, падпісалі адпаведныя дакументы і не будзем рабіць з рота халяву.

Жанчына збялела. Яе ўпарадкаванае жыццё, яе справы, раскладзеныя па шуфлядах згодна з іерархіяй важнасці — усё раптам пераварочвалася дагары нагамі! Здавалася, хвіліна яшчэ — і ўпадзе яна на калені, каб з гэтай, спакон вякоў знаёмай пазіцыі, бараніць сваю будучыню. Аднак не ўкленчыла. Адступіўшы крок назад, дзесьці з кутка, з летняга паўзмроку выцягнула на святло ці не апошні свой аргумент.