Выбрать главу

— А ў мяне ёсць яшчэ і муж. Во, глядзіце.

— Так, так. У яе ёсць яшчэ і я, — аргумент заявіў сваю прысутнасць.

Тадзік аналізаваў якраз свежападстаўлены куфаль. Яму здалося, што ўзровень беспрадуктыўнай пены значна перавышае ў ім нормы прыстойнасці, і дылема “ўносіць рэкламацыю ці не ўносіць” поўнасцю займала ягоную ўвагу.

— А так, дарэчы, ведаеце вы, што такое — шэйх? Нафта. Пальмы. Пляж. Даляраў — бы вады ў Семяноўцы...

— Даляры... Даляры ж не ўсё. Есць яшчэ і сорам...

— I нязручнасць, — выцягнуты на святло муж трымаў фасон. Не адыходзілі, тапталіся ў месцы, стараючыся вычуць свой лёс з нашых непранікальных твараў.

— А як — багаты гэты шэйх? Багацейшы за Васю Шэшаля? — усё ж такі нябачны, петрадалярамі прыхарошаны д’ябал засеяў у бабінай галаве маленькае зярнятка граху і, наступаючы на спіну, далікатна, але і рашуча папіхаў яе ў абдымкі пякельных віроў.

— Вось табе і параўнанне! Шэшаль — у найлепшым выпадку! — можа гэтаму шэйху чаравікі глянцаваць.

— Значыць, калі б добра падысці, дык і нейкую кватэру можна было б з яго выціснуць? — пацікавілася кабета.

— Ну, хоць маленькую... Хай сабе і аднапакаёвую. Нам, ведаеце... Што нам трэба! А вось дачцэ — было б хай. Памятка такая, — муж вудзіў думку асцярожна, каб не спалохаць. Падцягваў яе бліжэй, замацоўваў на здабытай пазіцыі.

— А ты маўчы! — натапырылася жонка. — Бачыў хто: нашай дачцэ — аднапакаёўку! I камяніца будзе, — круцілася ў месцы, то крок наперад ступаючы, то крок назад, быццам чырвоны, распалены вугельчык прыпякаў ёй пяты.

Тым часам Тадзік дайшоў да высновы, што ўсё-такі няма сэнсу псаваць добрыя адносіны з гасцямі з-за невялікай іхняй памылкі і, вярнуўшыся ў рэчаіснасць, цяпер толькі глянуў на сваіх субяседнікаў. Стаў перад вачыма ладны, жывы кус гісторыі чалавецтва.

— Калі, ведаеце... — трэба ж было канчаць гэту дзіўную сустрэчу ды шукаць спосаб, які паспяхова адправіць гасцей туды, адкуль яны прыйшлі. — Шэйх гэты, так сказаць — вельмі ж непрыгожы! Ну, што я кажу. Непрыгожы! Зусім ён брыдкі. А-гід-ны!

— А гэты бамбула, па-вашаму, дык прыгожы?! — паказала рукою кабета. I да мужа: — Ну, скажы сам: прыгожы ты?

— Рацыя. Куды мне там да прыгажосці, — муж вытарашчыў вочы, стараючыся адагнаць ад сябе апошнія доказы мужчынскай красы.

— Дык яшчэ, — Тадзік пачухаў патыліцу, — стары гэты шэйх. Ці не пад сотню набліжаецца?

— А тут што, маладосць? — жанчына зноўку махнула рукой. I да мужа: — Ну, скажы сам: маладзён ты?..

Пасля першай прэзентацыі муж і не паспеў паставіць вочы на сваё месца. Выкліканы другі раз да адказу, ад нечаканасці не ведаў ён: пярэчыць ці пацвярджаць.

— А доўга жывуць яны, гэтыя шэйхі? — у бабінай галаве вокамгненна нараджаўся наступны план, новы вобраз, дзе яна, як шчырая ўдава, нясе свой горкі лёс з плачам, з енкам, з поўнай пакуты цярплівасцю.

— Наогул не так і доўга. Асабліва багатыя — паміраюць раней. А гэты ваш... Як тут сказаць... Бачыце — абанкруціўся якраз. А такія абанкручаныя шэйхі, о-го-го, доўга яны мучацца на белым свеце. Бывае — дзве сотні і яшчэ адзін год цягнуць.

Пачуўшы такое, баба войкнула. Камяніца, у якую паспела ўжо амаль пасяліць дачку, раптоўна, цэгла за цэглай, сцяна за сцяной пачала ператварацца ў руіну.

— А я так і ведала, што ёсць тут нейкае ашуканства! Хопіць глянуць на вашы морды! Лепшае сваім прыхоўваеце. Падмазка, падкупка, хабар — вось яно, ваша крэда! Хадзі, стары, пайшлі!

Стары глянуў на нас позіркам, у якім было ўсё: расчараванне, спачуванне, нянавісць. I паплёўся ўслед за сваёй прадпрымальнай паловай.

На другі дзень з’явіліся ў горадзе погаласкі пра наш прадажны, з матчыным малаком высмактаны, характар.

Магіла

Біндзюк заўсёды быў інструктарам. Іншыя яго сябры ўзлазілі вышэй: ішлі ў кіраўнікі, у начальнікі, у дырэктары, каб там, засмакаваўшы ў бязмежнай прасторы, праваліцца ды апынуцца зноў у цеснай інструктарскай клетцы. А часам і яшчэ ніжэй.

Чалавечы арганізм кепска ўспрымае такія вандроўкі ўздоўж вертыкальнай лініі. Бунтуецца сэрца, страўнік азываецца непрыемным голасам, разбэшчваецца крывяны ціск, псіхіка западае ў дэструкцыю...

А вось Біндзюку не было прычыны хварэць. Ягоныя вандроўкі адбываліся па гарызантальных шляхах, і калі цярпеў ад гэтага падарожжа нейкі орган, толькі і выключна — сарамлівае месца ніжэй спіны. І гэта зразумела. Іначай жа муляе крэсла інструктара аховы здароўя, іначай — інструктара скупкі малака, а яшчэ іначай — інструктара будаўніцтва. Біндзюкова спіна, як і блізкая гэтай спіне сваячка — добра знаёмыя ўсім інструктарскім крэслам у нашым горадзе.